Выбрать главу

Антоній

На моры будзе бой.

Клеапатра

Я маю шэсцьдзесят пяць караблёў Не горшых, чым у Цэзара.

Антоній

                               Мы спалім Каторыя з іх лішнія, матросаў Размесцім на астатніх і сустрэнем Пры Акцыуме ворага як след. А не патопім мы яго у моры, Адолеем на сушы.

Уваходзіць ганец.

Што ў цябе?

Ганец

Пацвердзілася вестка, уладар: Тарына ўзята Цэзарам. Ён там.

Антоній

Хто? Цэзар? Быць не можа! Так раптоўна! Людзей пагнаў і сам туды з'явіўся.— Канідзій, дзевятнаццаць легіёнаў, Таксама коннікаў дванаццаць тысяч Перадаю табе. Кіруй на сушы. А мы — на караблі свае.— Хадзем, Мая Фетыда[38]!

Уваходзіць салдат.

З чым прыйшоў, салдат?

Салдат

Вялікі уладар і палкаводзец, Нам непрывычна біцца на вадзе. Не вер трухлявым дошкам, вер мячу. Глянь на рубцы мае! Хай фінікійцы, Хай егіпцяне плюхаюцца ў моры, Нам, рымлянам, радней зямля. На ёй Стаім мы цвёрда.

Антоній

Вось як! — Адплываем!

Выходзяць Антоній, Клеапатра і Энабарб.

Салдат

Ды гэта ж так, клянуся Геркулесам.

Канідзій

Гаворыш праўду, ветэран, але Начальнік наш сваёй не мае волі: Камандуе Антоніем жанчына. Мы — войска бабскае.

Салдат

                           Як гэта так? Твая ж і конніца і ўся пяхота.

Канідзій

Ну, я на сушы. Але ж ёсць і флот: А там Марк Юстый, Марк Антоній, Цэлій, Публіка. Ніхто ж не мог прадбачыць, Што Цэзар прыплыве сюды так хутка.

Салдат

Яшчэ ў Рыме быў ён, а ўжо войскі Свае паслаў наперад ураздроб, Каб ашукаць разведку.

Канідзій

                      Хто ў іх там За камандзіра?

Салдат

Кажуць, нейкі Таўр.

Канідзій

А! Ведаю. Яго я знаю добра.

Уваходзіць ганец.

Ганец

Канідзія галоўны патрабуе.

Канідзій

Наш смутны час багаты на падзеі, I кожны міг прыносіць навіну.

Выходзяць.

СЦЭНА 8

Раўніна каля Акцыума.

Уваходзяць Цэзар і Таўр з воінамі.

Цэзар

Таўр!

Таўр

Слухаю, ўладар.

Цэзар

                                    Наказ такі: На сушы ў бой не ўвязвайся. Чакай, Пакуль не пераможам мы на моры.

(Перадае скрутак.)

У гэтым скрутку мой загад. Выконвай. Наш лёс павінен вырашыцца тут.

Выходзяць.

СЦЭНА 9

Другая частка раўніны.

Уваходзяць Антоній і Энабарб.

Антоній

Паставіш конніцу за тым узгоркам, Каб войска Цэзара было на воку. Адтуль убачыш і варожы флот I нашы баявыя караблі. Сачы уважна. Будзь напагатове.

Выходзяць.

СЦЭНА 10

Другая частка раўніны.

Уваходзіць Канідзій з войскам.

Праходзяць маршам з аднаго боку сцэны.

Уваходзіць Таўр з войскам.

Праходзяць маршам з другога боку.

Чуваць шум марской бітвы.

Трывога. Уваходзіць Энабарб.

Энабарб

Усё загінула. Канец! Канец! Малюнак жудасны! О ганьба, ганьба! «Антаніяда», судна Клеапатры, Руль крута павярнуўшы, мчыцца прэч, I чарада егіпецкіх галер За ёю следам. Лепш бы мне аслепнуць!
вернуться

38

Фетыда — марская багіня, маці Ахіла.