Уваходзіць Скар.
Скар
О гнеў багоў! О духі апраметнай!
Энабарб
Чаго разбушаваўся? Што з табой?
Скар
Па дурасці мы страцілі паўсвету,
Параскідалі ўсе нашы набыткі,
Працалавалі царствы.
Энабарб
Як там бой?
Скар
Не бой, а пошасць, чорная чума.
Няма ратунку; смерць вісіць над намі.
Егіпецкая шылахвостка, сцерва,
Каб на яе праказа! — у момант схваткі,
Калі між перамогай і разгромам
Нам пачала ужо свяціць надзея,
Задрала парус — і хутчэй наўцёкі,
Як тая ашалелая карова,
Якую абляпілі авадні.
Энабарб
Я гэта бачыў, але больш глядзець
Не мог, заплюшчыліся з болю вочы.
Скар
Калі яна памчалася наперад,
Ахвяра чар магічных гэтай ведзьмы,
Антоній следам, як за качкай качар,
Заляпаў крыламі і драла даў,
Пакінуў бітву і людзей сваіх,
Адвагу, гонар, вопыт растаптаўшы.
Адступніцтва і сораму такога
Не назіраў я век.
Энабарб
О гора, гора!
Уваходзіць Канідзій.
Канідзій
Ледзь дыхае наш воінскі запал,
У моры топіцца. Каб наш галоўны
Такі быў, як раней, мы б іх разбілі.
Сваім ганебным здрадніцкім учынкам
Ён даў нам прыклад.
Энабарб
Што? I ты ўцякаць?
Тады нам сапраўды канец прыходзіць.
Канідзій
Яны ў Пелапанес[39] плывуць абое.
Скар
А гэта недалёка. Я туды ж.
Пабачу, што далей.
Канідзій
Я з маім войскам
Да Цэзара прыстану. Шэсць цароў
Здаліся ўжо, і гэта ім не ў шкоду.
Энабарб
А я Антонія ўсё ж не пакіну,
Не адвярнуся ад яго ў бядзе,
Хоць вецер розуму і гоніць прэч.
Выходзяць.
СЦЭНА 11
Александрыя. Палац Клеапатры.
Уваходзіць Антоній са світай.
Антоній
Сама зямля насіць мяне не хоча —
Ёй брыдка, сорамна. Сябры мае,
Сюды, бліжэй! Не ў час я нарадзіўся,
Навокал змрок, і выйсця мне няма.
Ёсць золата на караблі маім.
Бярыце скарб, дзяліце між сабою
I хто куды! Да Цэзара бяжыце!..
Усе
Нам бегчы? Нізашто!
Антоній
Я сам уцёк,
Сам спіну выставіў і паказаў
Дарогу баязліўцам. Уцякайце!
Я выбраў шлях, і вы больш не патрэбны.
Ратуйцеся! У гавані мой скарб.
Бярыце, аддаю. О ганьба, ганьба!
Хвіліна слабасці — і ўсё прапала.
Спляліся ў гневе валасы мае:
Каторы сівы — асуджае дурасць,
Каторы чорны — познюю любоў.
Сябры, бяжыце! Я вам дам лісты,
Якія ў небяспецы вам памогуць,
Не спачувайце мне і не сумуйце!
Рабіце так, як раіць вам мой боль.
Хто здрадзіў сам сабе, той варты здрады.
Бяжыце к міру і на карабель:
I золата маё і судна — вашы.
Прашу, мяне пакіньце. Вам загадваць
Я больш не маю права. Калі ласка,
Прашу вас. Мы пабачымся яшчэ.
(Садзіцца.)
Уваходзіць Клеапатра.
Яе вядуць пад рукі Харміяна і Ірада. Следам — Эрос.
Эрос
Царыца, падыдзі, уцеш яго.
Ірада
Уцеш, царыца!
Харміяна
Падыдзі, уцеш!
Клеапатра
Я сяду. О Юнона[40]!
Антоній
Не, не, не, не, не!
Эрос
Зірні, мой уладар.
Антоній
О сорам, сорам!