Выбрать главу

Xарміяна

Царыца!

Ірада

Найяснейшая царыца!

Эрос

Мой уладар!

Антоній

               О сорам, сорам, сорам! Што гэты Цэзар! Драбяза! Сапляк! Ён пры Філіпах як цвыркун скакаў, Мяча трымаць не ўмеў. Я ж у той дзень Худога Касія праткнуў наскрозь I ашалелага прыкончыў Брута. А ён без падначаленых ні кроку, Рукамі іншых славу здабываў. I вось цяпер... Ды што я? Мне ўсё роўна.

Клеапатра

Слабею. Памажыце!

Эрос

                                      Уладар, Царыца тут. Перад табой царыца.

Ірада

Пагавары з ім, мілая царыца, Ён сам не свой ад сораму.

Клеапатра

                                Ну добра. Ды што ж вы? Падтрымайце! О!..

Эрос

Устань, высакародны ўладар, Ідзе царыца, галаву схіліўшы; Яна памрэ, калі яе не ўцешыш.

Антоній

Я абняславіў сам сябе навекі. Паплыў? За кім? Чаго?

Эрос

Царыца тут.

Антоній

О, егіпцянка! Давяла мяне... Любуйся, як пакутуе Антоній! Усё, чым ганарыўся ён, разбіта.

Клеапатра

Даруй пужлівым ветразям маім, Мой абаронца! Ці ж магла я думаць, Што кінешся ты ўслед.

Антоній

                             Не, егіпцянка, Ты ведала, што сэрца майго руль Трымаеш у руках, што маеш сілу Адным кіўком сваім мяне прымусіць Парушыць волю і наказ багоў.

Клеапатра

Даруй!

Антоній

Цяпер мне трэба слаць паслоў Да хлапчука з паклонам і пакорай, Хітрыць, крывіць душою, уніжацца? — Ды я ж паўсвету меў, я кіраваў Народамі!.. Ты ж ведала, ты знала, Што я ў тваім палоне і мой меч, Аблытаны каханнем,— твой слуга.

Клеапатра

Даруй мне, любы!..

Антоній

Не плач, не плач! Адна твая сляза Мне даражэй маіх былых багаццяў. Што тыя скарбы! Пацалуй мяне. Твой пацалунак апраўдае ўсё.— Адправіў я да Цэзара паслом Настаўніка, што быў пры нашых дзецях. Ён не вярнуўся? — Любая мая, Нібы свінцом маё наліта цела.— Гэй, вы! Хутчэй! Віна сюды, закусак! Хай крыўдзіць лёс! Няхай фартуна шкодзіць! Хто шчасця хоча, той яго знаходзіць.

Выходзяць.

СЦЭНА 12

Лагер Цэзара ў Егіпце.

Уваходзяць Цэзар, Далабела, Тырэй і іншыя.

Цэзар

Пасла прыслаў Антоній. Прывядзіце! Хто ён такі?

Далабела

                  Настаўнік іхніх дзетак. Антонія, як пеўня, аблупілі. Ад пышнага свайго хваста прыслаў Мізэрную пушынку. А нядаўна ж Прымаў на пабягушках гурт цароў.

Уваходзіць Еўфроній.

Цэзар

Ну, падыдзі. Што скажаш?

Еўфроній

                                        Уладар, Я чалавек ад спраў вайны далёкі, Як той лісток у акіяне бурным, Але, які б ні быў, я ўсё ж пасол Антонія.

Цэзар

Ну, гавары... пасол.

Еўфроній

Гаспадара жыцця свайго і лёсу Вітае ён і просіць аднаго: Дазволу заставацца у Егіпце. А калі нельга, ён аб меншым просіць, Дазволь яму зямным паветрам дыхаць, Дажыць свой век дзе-небудзь у Афінах Прыватнаю асобай. Клеапатра, Тваю прызнаўшы веліч і магутнасць, Заступніцтва шукае у цябе, Жадае, каб кароны Пталамеяў Не адбіраў ты ад яе дзяцей. Яві ім ласку, Цэзар.

Цэзар

                          Бач, ён просіць! Не чую я, чаго Антоній просіць,— Глухі. А што датычыцца царыцы — Магу уважыць, але патрабую, Каб неадкладна выгнала з Егіпта Свайго дружка зладзюгу. А яшчэ лепш, Схапіць яго і галаву адсеч. Вось мой адказ ім абаім. Запомні.