Еўфроній
Няхай багі пашлюць табе удачу!
Цэзар
Праводзьце цераз лагер пасланца.
Еўфроній выходзіць.
(Тырэю)
Табе заданне ёсць. Гаворыш складна.
Цяпер для красамоўства самы час.
Нам трэба Клеапатру разлучыць
З Антоніем. Паабяцай усё ёй,
Што б ні прасіла, ад майго імя.
I ад сябе прывабнае што-небудзь
Прыдумай і шапні ёй далікатна.
Жанчыны — нетрывалыя і ў шчасці,
Калі ж бяда каторую прыцісне,
Тут і весталку можна спакусіць.
Будзь хітрым і напорыстым, Тырэй.
Узнагароду сам сабе прызначыш —
Я не адмоўлю. Што сказаў — закон.
Тырэй
Я згодзен, Цэзар.
Цэзар
I звярні ўвагу,
Як гэты крах свой перанёс Антоній,
Як ён трымаецца, і зробіш вывад
Паводле ўчынкаў аб яго намерах.
Тырэй
Усё сваё старанне прыкладу.
Выходзяць.
СЦЭНА 13
Александрыя. Палац Клеапатры.
Уваходзіць Клеапатра, Энабарб, Харміяна і Iрада.
Клеапатра
Хачу ў цябе спытацца, Энабарб...
Што нам рабіць?
Энабарб
Падумаць і памерці.
Клеапатра
Хто ж вінаваты з нас? Я ці Антоній?
Энабарб
Антоній. Толькі ён. Сваім пачуццям
Ён падначаліў розум. Ты ўцякала,
Убачыўшы жахлівы твар вайны,
Напужаная лютасцю звярынай.
А ён чаго памчаўся? Страсць пагнала.
Забыў пра абавязкі палкаводца
Ў той час, калі дзве палавіны свету
Ілбамі стукнуліся праз яго.
Глядзець было балюча і агідна,
Калі ён за тваёй кармою мчаўся,
Пакінуўшы ў разгубленасці флот.
Клеапатра
Ні слова больш!
Уваходзяць Антоній і Еўфроній.
Антоній
Дык вось яго умовы!..
Няўжо ён так сказаў?
Еўфроній
Так і сказаў.
Антоній
Паабяцаў царыцы ўсе выгоды,
Калі мяне прадасць?
Еўфроній
Я не маню.
Антоній
А ты ёй паўтары.
(Клеапатры)
Што ж, пасылай
Удачліваму Цэзару ў падарак
Сівую галаву маю. Юнак
Цябе за гэта царствамі асыпле.
Клеапатра
Мяне? За галаву тваю?
Антоній
(Еўфронію)
Ідзі
Ізноў да Цэзара. Скажы яму,
Што ён расцвіў, як веснавая ружа,
I мог бы праявіць сябе героем,
Не прыкрываючыся славай іншых.
Не сам ён, палкаводцы ваявалі,
А на чале стаяць мог і хлапчук.
Я выклікаю скрыжаваць мячы
Са мной на паядынку, без падмогі,
I свет здзівіць адвагай асабістай.
Я зараз напішу яму. Хадзем.
Антоній і Еўфроній выходзяць.
Энабарб
(убок)
Так ён і згодзіцца! Магутны Цэзар
Растопча шчасце, выйдзе на арэну
Махаць мячом, як варвар-гладыятар!..
Апору страціўшы, мы трацім розум,
Гатовы ухапіцца за саломку,
Калі нас доля пакаціла ўніз.
Знайшоў раўняцца з кім! Пустыя мары!
З разгромленым не будзе біцца Цэзар,
Ён не здурнеў.
Уваходзіць прыдворны.
Прыдворны
Ад Цэзара пасол.
Клеапатра
Як проста, бедненька, без цырымоній!
Царыцу што, не паважаюць болей?
Калісьці на каленях падпаўзалі...
Няхай увойдзе.