Выбрать главу

Прыдворны выходзіць.

Энабарб

(убок)

                                Спрэчка у мяне. З маім сумленнем зараз: так ці гэтак. Служыць у дурня — ліха набярэшся. Калі ж захоўваць вернасць да канца, З правадыром сваім загінуць разам, Учынак мой гісторыя прызнае.

Уваходзіць Тырэй.

Клеапатра

Чаго жадае Цэзар?

Тырэй

                         Я хацеў бы Сказаць табе адной.

Клеапатра

                         А ты не бойся. Са мною тут мае сябры.

Тырэй

                        Але ж Яны сябры Антонія таксама.

Энабарб

Іх мала у Антонія, а вось У Цэзара цяпер іх вельмі многа. Калі дазволіць Цэзар, гаспадар наш З ахвотаю адновіць дружбу з ім, А значыцца, і мы.

Тырэй

                            Намер пахвальны.— О найслаўнейшая з усіх царыц, Не думай пра бяду сваю — так просіць, Так раіць Цэзар, помні аб адным, Што Цэзар будзе Цэзарам заўсёды.

Клеапатра

Па-царску сказана. I што далей?

Тырэй

Ён ведае, што не каханне, страх Штурхнуў цябе к Антонію ў абдымкі.

Клеапатра

О!

Тырэй

Гонар твой — драпежніка здабыча, I пляма ганьбы — не твая віна. Табе наш Цэзар шчыра спачувае.

Клеапатра

Ён бог і праўду ведае. Мой гонар Узяты гвалтам, сілаю.

Энабарб

(убок)

                                   Ого! Цікава б у Антонія спытацца.— Эх, правадыр наш, і папаўся ж ты! Твая каханка ад цябе ў кусты. Цячэ твой карабель. Пара і нам На бераг бегчы, каб не даць нырца.

(Выходзіць.)

Тырэй

Што Цэзару сказаць, чаго ты просіш? Табе жадае Цэзар дагадзіць. Ён быў бы задаволены, каб ты Свае надзеі ўсклала на яго, Любімца і абранніка Фартуны. Ён быў бы рад пачуць паведамленне, Што ты, Антонія прагнаўшы прэч, Схілілася да ўладара паўсвету.

Клеапатра

Як зваць цябе?

Тырэй

Завуць мяне Тырэй.

Клеапатра

Пасол пачцівы, Цэзару скажы, Што я пры сведках, на калені стаўшы, Цалую шчодрую яго руку, Што я гатова свой вянец пакласці Да ног яго і выслухаць прысуд Егіпту ад цара цароў.

Тырэй

                                       Цудоўна! Калі ўдача з мудрасцю не ў згодзе, Мудрэй за ўсё здавольвацца малым — Спакой жыцця тады не пахіснецца? Яві мне ласку за маё старанне — Дазволь прыпасці да тваёй рукі.

Клеапатра

Не раз, не раз нябожчык Юлій Цэзар, Калі ў паход збіраўся, цалаваў Маю руку злашчасную!.. Любіў ён...

(Тырэй цалуе ёй руку.)

Уваходзяць Антоній і Энабарб.

Антоній

Дамовіліся ўжо!.. Гром і маланкі! — Хто ты такі?

Тырэй

                          Я выканаўца волі Уладара магутнейшага ў свеце, Таго, хто вырашае лёс людскі.

Энабарб

(убок)

Ой, дасць табе ён зараз, дасць!

Антоній

                                      Гэй, слугі! Ах, шэльма, вырадак! — Ды дзе ж яны! Бывала, крыкну: «Гэй!» — і чарадой Бягуць цары, глядзяць лісліва ў вочы. Вы што, аглухлі?

Уваходзяць слугі.

Я яшчэ Антоній. Узяць раба і бізунамі!..

Энабарб

(убок)

                                     Вось як! Прыемна гладзіць ільвяня малое, А леў, і паміраючы, ўсё ж леў.