Антоній
Не гавары так! Веру я. Дык вось:
У Цэзара намер Александрыю
Узяць асадай. Я не дапушчу.
Мы будзем біцца. Наша войска ў сіле,
А флот рассыпаны ізноў сабраўся,
Чакае ў гавані. О мужнасць, дзе ты?
Я мужнасці не страціў! I калі
Жывым вярнуся да цябе, каб смагу
З тваіх ласкавых вуснаў наталіць,
Мой меч, акроплены варожай кроўю,
Праславіцца ў паданнях на вякі.
Яшчэ надзея ёсць!
Клеапатра
Герой мой любы!
Антоній
Мне дух уздыме палкая нянавісць,
Бязлітасны у бітве буду я.
Бывала, ў дні удач маіх ранейшых
Праціўнік жартам выкруціцца мог,
Жыцця не адбіраў я, а цяпер
У Тартар, сцяўшы зубы, паскідаю
Усіх, хто стане на шляху маім.
Няхай вясёлай будзе гэта ноч!
Хадзем! — Военачальнікаў паклічце! —
Панурасць прэч! Ізноў напоўнім чашы,
Каб ліха адкаснулася ад нас.
Клеапатра
А у мяне дзень нараджэння сёння.
Я думала, што буду сумаваць,
Але раз ты, ўладар мой, зноў Антоній,
Я зноў твая навекі Клеапатра.
Антоній
Ну вось і адсвяткуем.
Клеапатра
Палкаводзец
Склікае камандзіраў да сябе.
Антоній
Так, так. Аб'явім ім сваё рашэнне.
А ўвечары такі банкет наладзім —
Зазіхацяць іх шрамы ад віна.
Хадзем, мая царыца! Ёсць яшчэ
Жывыя сокі ў нас. Змагацца будзем,
Аж пазайздросціць смерць з яе касою
Майму мячу.
Выходзяць усе, апрача Энабарба.
Энабарб
Цяпер, каб ляснула маланка нават,
Ён не маргнуў бы вокам. Гнеў вялікі
Ад страху вызваляе. У запале
I голуб можа на арла напасці.
У палкаводца нашага адвага,
Як бачу я, з'ядае розум. Храбрасць
Без розуму — пустое спадзяванне.
Пара, відаць, і мне яго пакінуць.
Выходзіць.
АКТ ЧАЦВЁРТЫ
СЦЭНА 1
Лагер Цэзара каля Александрыі.
Уваходзяць Цэзар, Агрыпа, Мецэнат і воіны.
У Цэзара ў руцэ пісьмо.
Цэзар
Мяне ён называе хлапчуком,
Палохае, што выкіне з Егіпта.
Паслу майму дубцоў даць загадаў
I выклікаць асмеліўся, нахабнік,
Мяне на паядынак! Смех, дый годзе!
Антоній — Цэзара! Пара яму,
Старому грубіяну, зразумець,
Што, калі я памерці пажадаю,
Знайду дарогу без яго паслуг.
Мецэнат
Калі шалее гэтакі асілак,
Дык, значыць, ён загнаны. Не давай
Яму апамятацца, наступай:
Раз'юшаны хутчэй трапляе ў пастку.
Цэзар
Военачальнікаў апавясціць:
На заўтра прызначаю бой апошні.
У войску ў нас нямала ўцекачоў,
Што кінулі Антонія, няхай
Яны яго цяпер хапаюць самі.
За гэтым прасачыць. Пачаставаць
I ўволю накарміць усіх салдат.
Прыпасы ёсць. Няўдачнік ты, Антоній!
Выходзяць.
СЦЭНА 2
Александрыя. Палац Клеапатры.
Уваходзяць Антоній, Клеапатра, Энабарб, Харміяна, Ірада, Алексас і іншыя.
Антоній
(Энабарбу)
Ёсць што? Адмовіўся ад паядынку?
Энабарб
Ну так.
Антоній
Чаму?
Энабарб
Сябе шчасліўцам лічыць,
Мацнейшым за цябе разоў у дваццаць.
Адзін і дваццаць — не раўня.
Антоній
Ах, так!
Дык заўтра я на сушы і на моры
Яму дам бой. Альбо жывым вярнуся,
Альбо, сваёю кроўю змыўшы плямы,
Праслаўленым, сыду у неўміручасць.
Скажы мне, Энабарб, за мною ўслед
Ты ў бітву кінешся?
Энабарб
А як жа. З крыкам:
«Эгей! Згінь, прападзі усё!»