Выбрать главу

Антоній

                         Не жартуй! — Збярыце слуг маіх. Усіх сюды!

Уваходзяць слугі.

Рыхтуйце нам багатую вячэру.— Дай мне руку, ты мне служыў аддана.— I ты.— I ты.— I ты.— Служылі добра, Лепш, чым цары зямныя.

Клеапатра

(Энабарбу)

Што ён кажа?

Энабарб

(Клеапатры)

Калі бушуе гора ў чалавеку, Язык гатовы плесці абы-што.

Антоній

I ты сумленны быў.— Хацеў бы я Змяніць сваё становішча на ваша: Ператварыцца ў гурт руплівых слуг, А вас Антоніем зрабіць адным, Каб паслужыць вам гэтак жа, як вы Служылі мне.

Слугі

Багі, не дапусціце!

Антоній

Сябры, са мною будзьце ў гэты вечар. Як чашы апарожнім, налівайце, Віна не шкадаваць! Што загадаю, Выконвайце адразу, каб я думаў: Імперыя, як вы, яшчэ мне служыць.

Клеапатра

Чаго ён дамагаецца?

Энабарб

Спагады.

Антоній

Не адыходзьце ад мяне... Магчыма, На гэтым абарвецца ваша служба I вы мяне не ўбачыце, сябры, Альбо убачыце мой труп. Магчыма, Ў вас будзе заўтра новы гаспадар, I сёння я развітваюся з вамі. Я не ганю вас, я прывык да вас, I разлучыць нас можа толькі смерць. Дык паслужыце мне з усім стараннем Яшчэ гадзіны дзве, і вас багі За гэта ўзнагародзяць.

Энабарб

                                       Не кажы так, Не растрывожвай сэрцаў. Людзі плачуць, I нават я, дурны, слязу пусціў, Нас бабамі ты робіш. Сорам! Сорам!

Антоній

Не, не! Клянуся! Мой намер быў іншы, А слёзы вашы — шчырасці адзнака. Сябры мае, не прычыніць вам боль Хацеў я словам, а падняць ваш дух, Святлом паходняў гэту ноч развеяць. Не сумнявайцеся ва мне, я веру Ў дзень заўтрашні і павяду народ мой Змагацца за шчаслівае жыццё, I смерць ад нас адступіць. Дык хадзем, Адзначым дружбу і любоў банкетам, Утопім думкі змрочныя ў віне.

Выходзяць.

СЦЭНА 3

Там жа. Перад палацам.

Уваходзяць два салдаты-вартавыя.

Першы салдат

Здароў, браток! Ну, заўтра нешта будзе.

Другі салдат

Павінна вырашыцца. Каб жа добра! Нічога ты не чуў?

Першы салдат

Ды не. А што?

Другі салдат

Ды так! Гавораць рознае... Дабранач!

Першы салдат

Жадаю і табе таго ж. Дабранач!

Уваходзяць яшчэ два салдаты.

Другі салдат

Браткі, трымайцеся: усё можа быць.

Трэці салдат

Не ўздумайце і вы драмаць. Дабранач!

Першы і другі салдаты становяцца на варту каля палаца.

Чацвёрты салдат

А мы тут станем.

Трэці і чацвёрты салдаты становяцца з другога боку.

                         Калі заўтра флот Не падвядзе, не здрэйфіць, то на сушы Мы іх адолеем, кажу напэўна.

Трэці салдат

Салдаты нашы во! Умеюць біцца. Гукі габояў пад сцэнай.

Чацвёрты салдат

Стой ціха! Нейкі шум.

Першы салдат

Увага! Чуеш?

Другі салдат

А як жа.

Першы салдат

Музыка...

Трэці салдат

Як з-пад зямлі.

Чацвёрты салдат

А гэта добры знак?

Трэці салдат

Наўрад ці добры.