Салдат
Каб так было, цароў рахманых зграя
Не адвярнулася б і ўранні сёння
Не збег бы ад цябе саратнік твой.
Антоній
Уранні сёння? Хто ж гэта?
Салдат
Хто быў за ўсіх бліжэйшы. Энабарб.
Пакліч яго, цябе ён не пачуе.
Хіба што рэха данясе адтуль,
Ад Цэзара: «Табе больш не служу».
Антоній
Што ты гаворыш? Быць не можа?
Салдат
Праўда.
У Цэзара ён зараз.
Эрос
Уладар,
Яго ўсе скарбы тут, не ўзяў нічога.
Антоній
Няўжо і гэты здрадзіў мне?
Салдат
Ну так.
Антоній
Дык вось, Эрос, адпраў яму туды
Услед за ім і ўсю яго маёмасць.
I напішы, я падпішу пісьмо,
Што я развітваюся з ім сардэчна,
Жадаю поспехаў і спадзяюся,
Што больш яму не прыйдзецца мяняць
Гаспадара свайго. О лёс мой горкі,
Ты і сумленнага разбэсціў нават,—
Зрабі, як я сказаў.— Эх, Энабарб!
Выходзіць.
СЦЭНА 6
Лагер Цэзара каля Александрыі.
Трубы. Уваходзяць Цэзар, Агрыпа, Энабарб і світа.
Цэзар
Агрыпа, пачынай. Каманда: к бою!
Апавясці, што мы павінны ўзяць
Антонія жывым.
Агрыпа
Апавяшчу.
Выходзіць.
Цэзар
Жаданы мір ужо нам свеціць з неба.
Мы пераможам. I тры часткі свету
З'яднаюцца пад засенню аліў.
Уваходзіць ганец.
Ганец
Антоній выступіў.
Цэзар
Скажы Агрыпе,
Каб перабежчыкаў усіх паставіў
У першыя рады, няхай Антоній
Сячэ сваіх, шалеючы ад злосці.
Выходзяць. Застаецца адзін Энабарб.
Энабарб
Алексас прагадаў. Па пільнай справе
Адпраўлены паслом у Іудзею,
Падгаварыў ён Ірада-цара
Парваць з Антоніем і далучыцца
Да Цэзара. А Цэзар у падзяку
Паслужлівага здрадніка распяў.
Канідзія і розных іншых Цэзар
Трымае ў войску, але ім не верыць.
Я ж подласць учыніў — і вось пакута,
Мучэнне страшнае.
Уваходзіць салдат Цэзара.
Салдат
Гэй, Энабарб!
Прыслаў табе Антоній скарб вялікі,
Увесь набытак твой і нават больш.
Ідзі хутчэй. Каля тваёй палаткі
Скідае куфры з мулаў пасланец.
Энабарб
Бяры сабе.
Салдат
Не верыш мне стары?
Я не падманваю. Правесці трэба
Слугу назад. Зрабіў бы гэта я,
Але мне нельга, на пасту стаю.
А твой былы начальнік, як Юпітэр,
Аберагае гонар свой — ого!
Выходзіць.
Энабарб
Нягоднік я, зямлю сабой паганю
I гэта бачу сам. О Марк Антоній,
Дзе мера шчодрасці тваёй! Што б даў ты
За службу верную, калі цяпер
Мяне узнагароджваеш за здраду!
Ты мне параніў сэрца, і яно
Не выцерпіць, парвецца хутка з гора.
А калі выцерпіць, ёсць іншы сродак!
Ды што шукаць? Заб'е, задушыць роспач.
Быць ворагам Антонію? О не!
Пайду, знайду вадой заліты роў
I здохну там, у брудзе захлынуся.
Я лепшага канца не заслужыў.
Выходзіць.
СЦЭНА 7
Поле бою паміж двума берагамі. Шум бітвы.
Трубы і барабаны.
Уваходзяць Агрыпа з камандзірамі.
Агрыпа
Мы надта ўрэзаліся. Адступіць!
Сам Цэзар кіраваў. Хто мог чакаць
Такога моцнага супраціўлення?
Выходзяць.
Шум бітвы.