Выбрать главу

Уваходзяць Антоній і паранены Скар.

Скар

Вось гэта бой! Адразу б так ударыць, З іх юшку выпусціць, даўно прагналі б.

Антоній

А ты ў крыві.

Скар

Ды секанулі трошкі, Але нічога, мне не ўпершыню.

Шум адступлення.

Антоній

Я чую, адступаюць.

Скар

Дзе ім дзецца. У ямы іх смярдзючыя загонім. Няхай на мне слядоў вайны, як бобу, Знайду і цаліны рубцоў на шэсць.

Уваходзіць Эрос.

Эрос

Яны бягуць, мой уладар, а значыць, Мы выйгралі і перамога наша.

Скар

Як зайцаў гнаць! Мы ім распішам спіны. Ды гэта ж радасць, гэта асалода Правучваць баязліўцаў!

Антоній

                                  Маладзец! Цябе я ўзнагароджу за дасціпнасць, Твая ж адвага — ёй цаны няма. Хадзем, мой верны воін.

Скар

                                 За табою Хоць на адной назе гатоў скакаць.

Выходзяць.

СЦЭНА 8

Пад сценамі Александрыі.

Шум бітвы. Уваходзяць Антоній і Скар з войскам.

Антоній

Мы іх адкінулі назад у лагер.— Гэй, хто з вас там,— апавясціць царыцу. Яшчэ і сонца не паспее заўтра Зірнуць на нас, як з гэтых недабіткаў Мы выпусцім апошнюю іх кроў.— Падзяка ўсім. Выдатна ваявалі. Натхненнем абавязак акрыліўшы, З'яднаныя са мной агульнай мэтай, Былі вы Гектарамі[43]. А цяпер Хутчэй у горад, абдыміце жонак, Сяброў сваіх і раскажыце ім Пра вашы подзвігі. Няхай абмыюць Шчаслівымі слязамі вас жывых I пацалункамі загояць раны.

(Скару)

Дай мне руку.

Уваходзіць Клеапатра са світай.

                           Вялікай чараўніцы Я пра тваю адвагу раскажу, Яе падзяка дарагога варта.— Істота незямная! Абдымі Маю жалезам сціснутую шыю, Ва ўборах царскіх пад браню пранікні, Да сэрца прытуліся і паслухай, Як радуецца за цябе яно.

Клеапатра

О волат мой! Храбрэйшы з храбрацоў, Увасабленне годнасцей высокіх, З усмешкаю адолеў ты падкопы Каварных злоснікаў.

Антоній

                                 Мой салавей! На ложак смерці мы паклалі многіх, Каханая, хоць галава мая Кранута сівізной, але мой розум Яшчэ не здаўся: сілай і здагадкай Спаборнічаць магу я з юнаком.

(Паказваючы на Скара)

Вось ён. Зірні на гэтага героя І паднясі ў знак найвялікшай ласкі Сваю руку к яго губам.— Цалуй! — Крышыў ён ворагаў з такім запалам, Нібы ў яго ўсяліўся бог вайны.

Клеапатра

Я дам табе даспехі залатыя, Што некалі належалі царам.

Антоній

Ды каб яны былі і ў дыяментах, Блішчалі так, як калясніца Феба,— Ён варты ўзнагароды. Дай руку. Мы пройдзем маршам праз Александрыю, Падняўшы з гордасцю свае шчыты, Пасечаныя ў бітве. Каб палац наш Быў больш прасторны і ўмясціць мог войска, Мы б селі разам за шырокі стол I выпілі за сённяшні наш поспех I за ўдачу заўтрашняга дня. Гэй, трубачы, хай зычны голас медзі I грукат барабанаў баявых Аглушыць горад. Неба і зямля Хай радуюцца перамозе нашай.

Выходзяць.

СЦЭНА 9

Лагер Цэзара.

Салдаты стаяць на варце.

Першы салдат

Калі праз паўгадзіны нас не зменяць, Наказ такі — вярнуцца, не чакаць. Ноч месячная. Кажуць, бой пачнецца У дзве гадзіны раніцы.

Другі салдат

                                      Учора Далі нам дыхту, браце,— о-ё-ёй!
вернуться

43

Былі вы Гектарамі.— Гектар — траянскі герой, сын цара Прыяма, які забіў грэчаскага военачальніка Патрокла.