Выбрать главу

Уваходзіць Энабарб.

Энабарб

О ноч, будзь сведкаю!..

Трэці салдат

Хто гэта там?

Другі салдат

Маўчы, паслухаем...

Энабарб

                             О месяц ясны, Вартуеш ты і неба і зямлю, Калі мяне з пагардаю растопчуць, Успомні, што няшчасны Энабарб Пакаяўся перад табой.

Першы салдат

                             Ты чуеш? Ды гэта ж Энабарб.

Трэці салдат

Маўчы і слухай.

Энабарб

О месяц, цар людской тугі і смутку! Збяры усю атруту з нетраў ночы І ўлі ў мяне, каб вузел сіл жыццёвых, Што з воляю ў разладзе, ўраз распаўся. Раструшчы сэрца кволае аб камень Майго злачынства, пакладзі канец Маім пакутам жудасным. Антоній! Твая велікадушнасць, як гара Над нізасцю маёй. Даруй, Антоній! Даруй мне ты, а іншыя няхай Мяне клянуць як здрадніка і гада. Антоній! О Антоній!..

(Памірае.)

Другі салдат

Я аклікну?

Першы салдат

Маўчы. А раптам скажа ён такое, Што Цэзару карысна будзе ведаць.

Трэці салдат

Так, так. Паслухаем. Але ж ён спіць.

Першы салдат

На сон малітвы брыдкай не чытаюць. Тут іншае. Ён, мабыць, непрытомны.

Другі салдат

Давай падыдзем.

Трэці салдат

Гэй, прачніся! Чуеш?

Другі салдат

Ану, ўставай! Ачухайся!

Першы салдат

Ён мёртвы.

Далёкі барабанны бой.

Ну вось. I ў барабаны б'юць. Пабудка. Даставіць трэба ў каравульню труп. Відаць, не з простых. Важная асоба.

Трэці салдат

Хадзем. А можа, ён яшчэ прачнецца?

Выходзяць, выносячы труп.

СЦЭНА 10

Паміж двума лагерамі.

Уваходзяць Антоній і Скар з іх войскам.

Антоній

Яны рыхтуюцца даць бой на моры. На сушы страшнавата ім цяпер.

Скар

На моры і на сушы, уладар.

Антоній

А хоць бы і ў паветры ці ў агні! Мы не адступім ні на крок. Да справы! Пяхоту пад камандаваннем нашым На ўзгорках каля горада пакінем, А флоту загадаў я выйсці ў мора. З узгоркаў можна будзе прасачыць За рухам караблёў.

Выходзяць.

СЦЭНА 11

Там жа, але ў іншым месцы.

Уваходзіць Цэзар з войскам.

Цэзар

Мы выстаім. Напагатове будзьце. Мяркую, не адразу нападуць. Ён лепшых воінаў на флот адправіў. Больш вытрымкі — і перамога наша.

Выходзяць.

СЦЭНА 12
На ўзгорках каля Александрыі. Уваходзяць Антоній і Скар.

Антоній

Збліжаюцца варожы флот і наш. Пад той сасною ўсё як на далоні. Пайду я, гляну і назад вярнуся.

Выходзіць.

Скар

Гавораць, ластаўкі зляпілі гнёзды На суднах Клеапатры. Знак трывожны. Аўгуры як вады набралі ў рот, Асцерагаюцца бяду прадказваць. Антоній то храбрыцца, то сумуе, То спадзяецца аднавіць былое, То скардзіцца на лёс.

Здалёку шум марской бітвы.

Вяртаецца Антоній.

Антоній

                                 Прапала ўсё! Прададзены я подлай егіпцянкай. Флот здаўся ворагу. Хто б мог паверыць! Угору шапкі кідаюць і п'юць, Як даўнія сябры пасля разлукі. О тройчы нізкадушнае стварэнне, Мне здрадзіла, купляеш навічка! Дык ведай, чарадзейка, абвяшчаю Табе адной вайну, табе адной.