Клеапатра
Ды што ж гэта? Ты паміраеш, любы?
А я? А я? Адной мне заставацца
На гэтым нудным свеце? Без цябе —
Ён хлеў свіны.
Антоній памірае.
Дзяўчаты, гляньце, гляньце!
Вянец зямлі завяў. Сышоў герой.
Упаў на дол сцяг воінскае славы.
Няма майго Антонія!.. Цяпер
Пачнуць угору лезці недаросткі.
Сумуе месяц, плывучы па небе...
Пустыя скрозь, няма на што глядзець!..
(Падае ў непрытомнасці.)
Xарміяна
Царыца, што з табою?
Ірада
Ой, памерла!..
Харміяна
Царыца дарагая!
Ірада
Уладарка!
Xарміяна
Акраса наша! Гаспадыня наша!
Ірада
Царыца! Найяснейшая царыца!
Харміяна Маўчы! Маўчы!
Клеапатра
Я не царыца больш.
Жанчына я, і толькі. I пачуцці
Мае мізэрныя кіруюць мною,
Як наймічкай астатняй. О, шпурнуць бы
У твар багам нядобрым скіпетр мой
I крыкнуць ім, што я ў маім Егіпце
Багіняю была, пакуль яны
Не ўкралі у мяне мой дыямент!..
Усё навокал — дрэнь! Цярпенне — глупства!
Ну, а пакуты — ім канца няма:
Сабакамі шалёнымі грызуць.
Ці ж гэта грэх раптоўна увайсці
Нязванай госцяю ў пакоі смерці?
Ірада, што з табою? Харміяна?
Дзяўчаты, што ж вы гэтак затужылі?
Трымайцеся! О, мілыя мае!..
Няма яго. Пагасла сонца наша.
О воіны, напагатове будзьце,
Правадыра мы пахаваем потым,
Як патрабуе звычай мужных рымлян,
Прымусім смерць з пашанай нас прыняць.
Халодны ён. Дух вылецеў магутны.
Дзяўчаты мілыя, сканаў наш друг.
Хутчэй за ім у неразлучны круг!
Выходзяць, выносячы цела Антонія.
АКТ ПЯТЫ
СЦЭНА 1
Лагер Цэзара каля Александрыі.
Уваходзяць Цэзар, Агрыпа, Далабела, Мецэнат, Гал, Пракулей і іншыя.
Цэзар
Скажы, каб ён здаваўся, Далабела.
Супраціўленне вынікаў не дасць:
Ушчэнт разбіты.
Далабела
Слухаю, ўладар.
Выходзіць.
Уваходзіць Дэркет з мячом Антонія ў руках.
Цэзар
Хто ты такі? I як ты смеў з'явіцца
Да нас з мячом?
Дэркет
Завуць мяне Дэркет,
Дагэтуль я Антонію служыў.
Ён, як ніхто, быў добрай службы варты.
Каманда — і мы кідаліся ў бой.
Але яго няма ўжо. Вольны я.
Калі мяне на службу прымеш, Цэзар,
Табе я верны буду, як яму.
А не — маё жыццё ў тваіх руках.
Цэзар
Як разумець цябе?
Дэркет
Антоній — мёртвы.
Цэзар
Не можа быць. Абвал такой гары
Па свеце пракаціўся б гулкім рэхам.
З пячор бы павыскаквалі ільвы,
А людзі паўцякалі б у пячоры.
Імя Антонія пакрыта славай,
Ён кіраваў паўсветам і не можа
Сысці ў нябыт, як дробная істота.
Дэркет
I ўсё ж памёр. Сканаў. Не ад кінжала
Забойцы-найміта, не ад сякеры
Слуг правасуддзя, ўласнаю рукой,
Што подзвігі ў гісторыю ўпісала,
Ён абарваў жыццё сваё, мячом
Праткнуўшы сэрца. Вось ён, гэты меч,
Крывёй высакароднаю абліты.
Цэзар
Сябры, усе вы, бачу, ў засмучэнні.
Бяру багоў у сведкі, гэта вестка
I вочы царскія залье слязьмі.
Агрыпа
Як гэта дзіўна! Мы перамаглі,
Сваёй жаданай мэты дасягнулі,
I нас прырода прымушае плакаць.
Мецэнат
Заган і вартасцей ён безліч меў,
Таго і гэтага у роўнай меры.
Агрыпа