Выбрать главу

Антоній

Не ўводзь у злосць! Даволі!

Клеапатра

                            О!.. Нядрэнна. Нішто сабе, але ты мог бы лепш. Антоній Мячом клянуся!..

Клеапатра

                           I шчытом? Цудоўна! Але ў прытворстве гэта не мяжа. Бач, Харміяна, як ён складна хлусіць. Разбушаваўся рымскі Геркулес[15]!

Антоній

Бывай, царыца!

Клеапатра

                                 Ах, мой уладар! Дазволь табе сказаць яшчэ два словы. Расстацца мы павінны... Не, не тое... Любілі ж мы, любілі!.. Не, не тое!.. Сам ведаеш... Што ж я сказаць хацела? Забыла, як забыў мяне Антоній... Мне здрадзіла і памяць.

Антоній

                                О царыца, Тваім дзівацтвам можна падзівіцца, I я, дзівак, папаўся ў іх палон.

Клеапатра

Дзівацтвы гэтыя гнятуць, як камень. Разбіты спадзяванні Клеапатры! Даруй, прабач! Усё, чым я багата, Пылінка, дробязь без тваёй любві! Цябе адсюль дадому гонар кліча. Што ж? Да маіх дзівацтваў будзь глухі! Няхай багі табе ва ўсім спрыяюць! Хай меч твой увянчае перамога I поспех горнецца да ног тваіх!

Антоній

Бывай! Мы будзем разам і ў разлуцы. Каханая, ні смутку, ні пакут! Ты не адна, мой дух з табою тут. Вярнуся з перамогай.

Выходзяць.

СЦЭНА 4

Рым. Пакой у доме Цэзара.

Уваходзяць Актавій Цэзар з пісьмом у руцэ, Лепід і слугі.

Цэзар

Дык вось, Лепід, цяпер табе вядома, Што не ў натуры Цэзара нянавісць Да нашага высокага сабрата. Але з Александрыі пішуць мне: Антоній ловіць рыбу, дзень і ноч Гулянкі, п'янства. Каля Клеапатры Сам бабай стаў, мужчынскі гонар страціў. Ганцоў прыняў, нібы зрабіў мне ласку, Успомніўшы, што ўлада ёсць і ў нас. Перад табой жывое ўвасабленне Усіх заган і слабасцей людскіх.

Лепід

Яно-то так... Але ж яго заганы Не засланяюць годнасці. Заслугі На змрочным фоне зіхацяць ярчэй. Загана ў ім, відаць, ад нараджэння, А гэта перайначыць вельмі цяжка.

Цэзар

Паблажлівы ты надта. Ну, дапусцім, Грэх невялікі ў ложку Пталамея Валяцца з Клеапатрай і плаціць За асалоду царствам, піць з рабамі, А ўдзень з нуды па горадзе блукаць, На вуліцах кулачныя баі З падонкамі смярдзючымі наладжваць. Дапусцім, гэта ўсё ў яго натуры — Другім, ого, ніхто б не дараваў! — Але ж яго учынкі ганьбяць нас, I нам з табой даводзіцца адказваць. Калі свой час ён топіць у распусце, Яму за гэта караю пахмелле, Сухотка ў бок, а толькі нельга, нельга Глухім быць да агульнае трывогі I ухіляцца ад дзяржаўных спраў! Спагнаць за гэта трэба, даць ушчунак, Як хлапчуку, што прамяняў свой розум На забаўкі пустыя.

Уваходзіць ганец.

Лепід

Зноў навіны.

Ганец

Загад твой выкананы, слаўны Цэзар! Пра ўсё, што дзеецца на рубяжах, Табе дакладваць будуць штогадзіны. Пампей на моры ўмацаваўся. Тыя, Хто Цэзара баіцца, да Пампея Бягуць з паклонам, погаласка ходзіць, Што ты яго пакрыўдзіў.

Выходзіць.

Цэзар

                          Не дзіўлюся. Даўно вядома, даспадобы той, Хто рвецца ўгору, аж пакуль не сядзе Сваім сябрам на шыю. Чалавек жа Нялюбы, слабасільны пры жыцці Па смерці часта робіцца любімцам. Людскі натоўп, як багавінне ў моры, Плыве туды, куды цячэнне гоніць, Каб потым згніць.

Уваходзіць другі ганец.

Другі ганец

вернуться

15

Разбушаваўся рымскі Геркулес.— Антоній з твару быў падобны на статую Геркулеса, патомкам якога лічыўся.