Выбрать главу
                          Паведамляю, Цэзар: На моры уладараць два піраты — Менах і Менекрат, з разбойных суднаў На бераг Італьянскі нападаюць. Кроў ледзянее ў жыхароў, а моладзь Кіпіць ад абурэння. Карабель Чуць выйдзе з гавані — ужо ў палоне. Але страшней за ўсё, што гэты гвалт, Драпежніцтва пірацкае прыкрыта Пампея гучным імем.

Цэзар

                                    Эх, Антоній, Спыні, кажу, шаленства п'яных оргій! Калі, забіўшы Гірцыя і Пансу, Абодвух консулаў, ты адступаў Паспешна ад Мадэны[16], люты голад Не пакідаў цябе, ты з ім змагаўся; Узгадаваны ў роскашы, цярпеў — I дзікуну такое не пад сілу; Піў бруд з балота, конскую мачу — Сасмяглы звер і той бы ухіліўся; У воўчых ягадах знаходзіў смак, Кару грыз, як алень, а ў Альпах, чуў я, Еў падлу, ад якой памерці можна; Але ж вярнуўся ты адтуль здаровы, Ты быў салдат, меў вытрымку тады. Чаму ж цяпер—аж вымавіць мне цяжка! — Свой гонар ганьбіш?

Лепід

На вялікі жаль.

Цэзар

Ды што ў ім сораму няма, ці што,— Радзіму кінуўшы, бадзяцца недзе? А нам, Лепід, пара за зброю брацца, Ваенную нараду склікаць трэба. Маруднасць наша — выйгрыш для Пампея.

Лепід

Я заўтра, Цэзар, далажу табе, Якія сілы пад маёй камандай На сушы і на моры.

Цэзар

                                  Я таксама Дакладна высветлю усё.— Бывай!

Лепід

Да пабачэння, Цэзар. Калі ласка, Трымай мяне у курсе спраў.

Цэзар

                                Вядома. Сяброўскіх абавязкаў не парушу.

Выходзіць.

СЦЭНА 5

Александрыя. Палац Клеапатры.

Уваходзяць Клеапатра, Харміяна, Ірада і Мардзіян.

Клеапатра

Харміяна!

Харміяна

Што, царыца?

Клеапатра

О-о!.. Дай выпіць мандрагоры[17] мне.

Харміяна

Навошта?

Клеапатра

Хачу заснуць і доўга, доўга спаць, Пакуль не вернецца Антоній мой.

Xарміяна

Занадта многа думаеш аб ім.

Клеапатра

Ты — здрадніца, няйначай.

Харміяна

Не, царыца.

Клеапатра

Гэй, еўнух! Мардзіян!

Мардзіян

                            Я тут, царыца, Чым дагадзіць магу?

Клеапатра

                      Нічым. Ты ж — еўнух. А твой пісклявы спеў мне рэжа вуха. Шчаслівы ты, жывеш адзін, спакойна. А ведаеш ты, што такое страсць?

Мардзіян

А як жа, ведаю.

Клеапатра

Не можа быць!

Мардзіян

Пачуццяў у мяне хапае ўсякіх. Хоць я й бясплодны, уяўляў не раз, Як абдымаюцца Венера з Марсам.

Клеапатра

Ах, Харміяна! Як, па-твойму, дзе ён? Стаіць, сядзіць, ідзе пяшком ці мчыцца На баявым кані? Каню прыемна Насіць Антонія. Шчаслівы конь! На ім красуецца Атлант[18] паўсвету, Людскіх плямён і меч і шлем. Ён, можа, Мяне успамінае зараз, шэпча: «Дзе ты, мая егіпецкая змейка?» Як некалі мяне ласкава зваў. О гэтая салодкая атрута! А можа, ён забыў сваю каханку, Чый твар счарнеў ад пацалункаў сонца, Пакрыўся каляінамі гадоў. Калі у нас быў госцем Юлій Цэзар, Я славілася, як ласунак царскі. Не абмінуў мяне і Гней Пампей[19], Шукаў натхнення у вачах маіх, Маёй любоўю цешыўся да смерці.

Уваходзіць Алексас.

Алексас

вернуться

16

Ты адступаў паспешна ад Мадэны.— У 43 г. да н. э. Антоній асадзіў у Мадэне аднаго з правадыроў рэспубліканцаў. Рымскі сенат паслаў таму на дапамогу войскі пад кіраўніцтвам двух консулаў — Гірцыя і Пансы, якія разбілі Антонія, але самі загінулі ў бітве.

вернуться

17

Мандрагора — расліна з сям'і паслёнавых, ужывалася ў старажытнасці для чарадзейства і як снатворны сродак.

вернуться

18

Атлант — міфічны волат, які падпіраў плячамі неба.

вернуться

19

Не абмінуў мяне і Гней Пампей.— Маецца на ўвазе, як паведамляе Плутарх, не Гней Пампей Вялікі, а яго сын, які таксама зваўся Гнеем, забіты ў 45 г. да н. э.