Выбрать главу

Убачыўшы пані, служкі схілілі галовы. Арына некалькі імгненняў няўцямна глядзела на іх, потым кволая ўсмешка расцягнула яе вусны.

2

У спальні панаваў змрок. Адзіная свечка, што стаяла ля ложка, даўно аплыла і амаль не давала святла — толькі кідала на сцены няроўныя, палахлівыя цені.

— Зрабіце святлей, — загадала гаспадыня і, пакуль адна са служак мяняла свеч ку, пацікавілася:

— Пойдзем спаць, дзяўчаты, — замагільным голасам прагаварыла яна і накіравалася да спальнага пакоя.

— Што новага ў вёсцы?

— У Фёдарыхі сёння мядзведзь-шатун мужыка ў лесе задраў, дык баба бегала на рэчку тапіцца. Ледзь выратавалі гаротніцу.

— Так кахала мужа?

— Кахала ці не — не ведаю, але засталася яна адна з пяццю дзецьмі, старэйшаму з якіх яшчэ і дзесяці няма... Гора бабе адной.

— Што яшчэ? Што кажуць пра смерць пана Васіля з Храпавічаў?

Адна, старэйшая, якая вазілася са свечкай, зрабіла выгляд, што не пачула пытання. Другая перастала рассцілаць ложак, выпрасталася.

— Нічога не кажуць, — голас яе гучаў няўпэўнена. — Спачуваюць толькі, што памёр рана.

— Дзіва, што яшчэ да зімы дацягнуў, — уступіла ў гутарку другая, — бо прывезлі яго з-пад Полацка ледзьве жывога, усяго пасечанага.

Пані Арына больш не стала затрымліваць служак.

— Можаце ісці, — ледзь чутным голасам прагаварыла яна, — я сама распрануся. А пра Фёдарыху, Аксіння, нагадай мне заўтра раніцай.

Калі дзяўчаты выйшлі, яна, бы падкошаная, павалілася на разасланы ложак. Плечы яе затрэсліся, а цішыню спальні разадралі нечалавечыя стогны — так скуголіць ваўчыца, калі бачыць галодныя вочы сваіх ваўчанят. Аднак праз нейкі час яна ўсё ж суцішылася, павольна прыўзнялася, села на ложак. Потым у цемры распранулася, легла і з галавой накрылася кодрай.

І адразу падзеі апошніх гадоў абрынуліся на яе вадаспадам, яна не магла нават выбраць галоўнае з успамінаў што нахлынулі. Раней перад сном яна часта марыла аб сумесным з Васілём жыцці, уяўляла, як разам з ім будзе весці гаспадарку, выхоўваць дзяцей, ездзіць у царкву, госці. Потым, калі прайшла чутка, што яе Васілёк загінуў пры абароне Полацка і яе, беспрытомную і абязволеную, аддалі за пана Фёдара з Чарніцы, яна марыла аб хутчэйшай смерці, каб там, на небе, сустрэць свайго любага. Аднак і з Фёдарам у яе жыцця не атрымалася, бо загінуў ён недзе пад Улаю ў студзені шэсцьдзесят чацвёртага, і ў свае няпоўныя сямнаццаць гадоў яна стала былой нявестай аднаго і ўдавой другога. Незайздросны пачатак жыцця. Але, як вядома, кожны пачатак канцом шчаслівы, і ўсё было за тое, каб жыццё яе ўсё ж такі ўдалося, наладзілася.

У адна тысяча пяцьсот шэсцьдзесят сёмым годзе вярнуўся ў Літву з маскоўскага палону былы ваявода полацкі Давойна. Разам з ім вярнулася некалькі дзясяткаў ліцвінскай шляхты, у тым ліку і Васіль з Храпавічаў. Колькі было радасці! А шчасця! А надзей! Здавалася, што жыццё адновіцца, што ўрэшце спраўдзяцца яе спадзяванні, летуценні і мары. Аднак не затрымаўся шляхціц надоўга ў радавым гняздзе. Толькі і пацешыў яе адным наведваннем, і то — развітальным.

— Чакай, любая, — як зараз чуе яна яго апошнія словы. — У палон ворагу я ўжо больш не дамся.

Палічыў, пэўна, што сказаў дзяўчыне самае важнае, самае галоўнае. Сказаў і з’ехаў з дзясяткам такіх жа, як сам, у войска Радзівіла. Але і ад гэтых слоў яна ажыла. Зноў расквітнела, пачала сніць тое, што перарвала недарэчная чутка аб яго смерці.

«Божа ж мой! Пятнаццаць гадоў мінула з тых падзей, а яны стаяць перад вачыма, бы адбыліся толькі заўчора. Пэўна і ў труну лягу разам з імі!»

Пані Арына прыўзнялася, каб ямчэй сесці, уладкавала падушкі, пашукала позіркам кут, дзе віселі абразы і дзе ледзь прыкметна міргала полымя каганца. Яна перажагналася раз, другі, трэці, закрыла твар рукамі, заплакала. На гэты раз заплакала з палёгкай, быццам там, у цёмным куце, убачыла душу таго, пра каго марыла і за каго перажывала ўсё сваё жыццё. Выплакаўшы чарговую порцыю гора, яна адкінулася на падушкі, і адразу на яе наплыла светлая, шчымлівая хмара ўспамінаў. Бы праз лёгкі вэлюм яна ўбачыла мінулае. Аказваецца, яно ніколі не знікала ў небыццё, яно жыло недзе побач, а магчыма, і ў ёй самой. Яно было напоўнена тымі ж гукамі, пахла тымі ж пахамі, гучала тымі ж словамі, і чым далей прасцірала памяць свае крылы, тым яскравей яно бачылася, тым было паўней і праўдзівей.

3

Лета 1562 года было шчодрым на цяпло і дажджы. Усё квітнела і зелянела, бы на добрай заквасцы. Ураджай абяцаў быць добрым і гэта ўсіх радавала.