Выбрать главу

А потым наваколле абляцела страшэнная вестка аб падзенні Полацка і жудаснай смерці яго абаронцаў. Вестка, якая пазбавіла Арыну розуму і тады, спалохаўшыся яе вар’яцкай адлучанасці, маці прыняла прапанову суседа Фёдара з Чарніцы і пагадзілася на яго шлюб з дачкой.

Нават цяпер успамін пра той час адгукаўся пад сэрцам тупым, шчымлівым болем, і чым даўжэй яна думала пра гэта, тым бліжэй падступаў боль, тым трывожней білася сэрца. Аднак усё гэта было на самай справе, даўно, але ж было! Хаця і ўспаміналася неяк сарамліва, цьмяна, невыразна, быццам адбывалася не з ёй, а з нейкім яе знаёмым. Што рабіць з гэтымі ўспамінамі, Арына не ведала. Яны, бы скалечаныя дзеці, нічога, акрамя пакут і бяссонных начэй, прынесці не маглі і не прыносілі. Яны не жадалі жыць мірна са светлай памяццю пра Васіля, бунтавалі, адмаўляліся разумець яе да яго каханне. Яны займалі зусім іншае месца ў яе галаве і ўвесь час нагадвалі: «Тваім законным мужам быў Фёдар, а не Васіль!», і мелі на тое поўнае права.

5

Свечка некалькі разоў міргнула і канчаткова згасла. У пакоі на нядоўгі час усталявалася поўная цемра, пасля якой ён паступова пачаў запаўняцца начным святлом. Ярчэй забялела на чорнай сцяне акно і праз яго разам з мутным, мёртвым ззяннем месяца ў памяшканне паплылі няясныя, размытыя цені. Яны то памяншаліся ў памерах, то павялічваліся, то наогул бясследна раствараліся ў крохкім нежывым святле. «Пэўна, душы маіх дзядоў збіраюцца на нейкую нараду!» Ёй нават падалося, што яна не толькі бачыць, але і чуе іх няясны шэпт, разумее яго. Жанчыне стала жудасна. Г эты жах вырваўся стогнам і, як ні дзіўна, ад яго ёй адра­зу ж палягчэла. Цені зніклі.

Ачуняўшы, Арына яшчэ раз паспрабавала легчы і заснуць. Аднак, заплюшчыўшы вочы, яна адчула нясцерпнае галавакружэнне, якое прымусіла яе зноў прыўзняцца ў ложку і адкінуцца на падушкі. Яна глядзела на светлую пляму акна, імкнучыся ні пра што не думаць, спрабуючы забыцца сном. Але з гэтага нічога не атрымлівалася: адны думкі адступіліся, другія, яшчэ больш паскудныя, уюнамі вярцеліся ў галаве. Для чаго я тут? Каму патрэбна? Хто можа адказаць на гэтыя пытанні? Хто зможа супакоіць мой розум? Чалавек нараджаецца, жыве і, стаміўшыся ад жыцця, пераходзіць у іншы свет. Адны сыходзяць самі, другім дапамагаюць гэта зрабіць іншыя, аднак для кожнага працэс гэты нязменны і незваротны. Колькі людзей жыло да мяне! І колькі яшчэ будзе жыць пасля маёй смерці! Хто пра мяне ўспомніць і каму будуць цікавымі маё каханне, вернасць, гора і перажыванні? Дзеля чаго мы жывём? Ці адказаў хаця б адзін з тых, хто пакінуў гэты свет, на гэтыя пытанні? Жыць для сябе і свайго роду! Жыць дзеля самога жыцця! Дзеля дзяцей, каб дзеці нарадзілі сваіх дзяцей, а тыя — сваіх! Навошта такі кругаварот і ці вечным ён будзе? «Вось вы для нечага сабраліся тут у маім пакоі, а скажыце: ці ведаеце вы праўду аб жыцці, ці спасціглі вы яе, ці зразумелі яе там, за мяжой?» — жанчына яшчэ нейкі час чакала адказу ад сваіх дзядоў, імкнулася позіркам, слыхам злавіць яго. Аднак у пакоі было ціха, і ёй з цяжкасцю верылася, што яна сама яшчэ жывая, што не ператварылася ў лёгкае воблачка.

Раптам перад яе вачыма паўстаў вобраз бацькі. Яго строгі і ў той жа час ласкавы твар то выразна выдзяляўся ў цемры, то ў ёй расплываўся. «Пасля смерці мы пераходзім у вас, жывых, — адчула яго словы Арына. — Так мы дапамагаем вам, жывым, аберагаем вас, ратуем. Вы называеце гэта памяццю...» Вобраз бацькі, не паспеўшы дагаварыць, нечакана знік, растварыўся. Значыць, праўда ў памяці? Хто не ведае свайго мінулага, той не жыве? І хаця Арына разумела, што калі гэта сцверджанне і праўдзівае, то яно няпоўнае, ёсць яшчэ і другія складнікі праўды. Аднак яна ўсё ж крыху супакоілася, выцерла са шчок слёзы, ямчэй уладкавалася на падушках.Успаміны выцягвалі з далёкіх куточкаў памяці самае патаемнае, такое, пра што яна саромелася думаць і пра што ніколі не расказвала нават на споведзі бацюшку. Тут жа яна не саромелася, бо спавядалася перад душой свайго любага, свайго адзінага. Яна спавядалася свайму Васілю, верыла, што душа яго недзе побач, што ён чуе яе думкі, і няхай пасля смерці, аднак зразумее яе і... прабачыць. Як гэта добра, калі верыш! Верыш сабе, верыш сябру, верыш у Бога. Вера ратуе чалавека лепей за любую браню, і толькі той, хто шчыра верыць, можа дасягнуць самага неверагоднага. А таму, пэўна, праўда і ў веры! Чаму пра гэта прамаўчаў бацька?