Выбрать главу

Слёзы цяклі з вачэй Арыны і па дробных маршчынках сплывалі на падушку. Але яна іх не заўважала — перад ёй, бы жывы, стаяў яе Васілёк. Не той, увесь паранены і знявечаны, якім яго прывезлі з-пад Полацка, а малады, невысокі, але прыгожы і зграбны, з блакітнымі вачыма, моцнымі рукамі — такі жаданы і такі любы. І яна зразумела, чаму бацька не дагаварыў. Ён ведаў адказы, аднак хацеў, каб яна сама знайшла іх у сабе і зразумела тое, пра што ён змаўчаў. І да Арыны дайшло — праўда ў каханні! Яна цяжка выдыхнула ў цемнату пакоя: «Я ўсё жыццё кахала толькі цябе, маё сонейка, чакала, спадзявалася! Я так табе верыла, а ты пакінуў мяне адну, пакінуў у адзіноце!» і зноў заплакала.

Няма на свеце нічога страшнейшага за адзіноту. За адзіноту не фізічную, бо амаль заўсёды паблізу ёсць людзі. За адзіноту душэўную, калі ніхто не падзеліцца з табой сваім горам, сваімі страхам і перажываннямі, калі ніхто не аголіць перад табой сваёй душы, ніхто не прылашчыць цябе хаця б словам ці позіркам. І калі так працягваецца да скону, то жыццё пераўтвараецца ў сапраўднае пекла, а смерць тады падаецца жаданым збавеннем». А мо і я даўно памерла, бо душа мая не прачынаецца? Яна не адчувае ні цяпла, ні холаду, ні ласкі, ні пяшчоты, ні злосці, ні адчаю. Яна даўно захлынулася ад бясконцага маўчання і адзіноты. Не, я яшчэ жывая. Хаця што такое смерць, чаго яе баяцца? Як такой яе няма. Гэта слова прыдумалі людзі, каб абазначыць мяжу, што падзяляе розныя формы жыцця. Больш таго, жыццё на зямлі — гэта праверка перад жыццём нябесным, выпрабаванне тваёй праўды. Не зразу­мела яшчэ гэтага Фёдарыха, ледзьве не здрадзіла свайму роду, сваім дзецям. Трэба ёй дапамагчы, заспакоіць, даць добрую карову, каня, а магчыма, і новага гаспадара пашукаць, бо не дарэмна ж бацюшка кажа, што праўда і ў патрэбе рабіць дабро».

Жанчына паднялася, паправіла падушкі, зноў легла пад коўдру.

За акном скавытаў марозны вецер, сек калючым снегам па сценах, скрыгатаў па аконнай слюдзе. «Першы дзень зімы, — абыякава адзначыла Арына і заплюшчыла вочы. — Але як не хочацца спаць, а яшчэ больш — прачынацца. Бо за наступным днём прыйдзе наступная ноч, гэткая ж бяссонная і таму бясконцая. Ды і навошта яны, гэтыя наступныя дні і ночы, калі душу маю смяротна паранілі там, пад Полацкам, і яна канчаткова памерла ўчора, у апошні дзень восені».