Выбрать главу

А пані Анастасія працягвала:

— Вось вы ўсё ваюеце, забіваеце адно аднаго, калечыце, а нам, жанчынам, потым адагравай вашы сэрцы, каб яны не скамянелі, не згарэлі, не ператварыліся ў чорныя галавешкі... І калі вы так ужо не можаце жыць без войнаў, то не чапайце хаця б нас потым, не прымушайце пакутаваць, не ганьбіце за свае ж грахі.

Муж у адказ толькі цяжка ўздыхнуў.

Селі за стол, які ламаўся ад розных страў і прысмакаў. Тут смачна дыміўся тлусты гусак, якога служка толькі што дастала з печы і абкладвала мочанымі яблыкамі. Побач зыходзіла бурштынавым тлушчам смажанае свінчо. Яно быццам бы ўсміхалася сваімі паўзамкнёнымі пашчэнкамі і радавалася, што паслужыць такім людзям. Тут жа ляжалі пірагі з вантробамі і грыбамі, каўбасы вараныя хатнія і вэнджаныя на ядлоўцы, стаялі місы са студнем, вэнджанай і заліўной рыбай. Два пачарнелыя ад часу срэбраныя падсвечнікі на тонкіх вітых ножках высвечвалі збаны з духмяным півам, глякі з мясцовай аераўкай і медавухай.

— Ух ты! — перахапіла дух у пана Міхала ад густога апетытнага паху. — Ды за такі стол і вялікага князя пасадзіць не сорамна.

Гаспадар уладкаваўся ў галаве стала. Па левую яго руку села жонка, па правую — старэйшы з Храповічаў, і так атрымалася, што Арына размясцілася насупраць сына баявога бацькавага сябра.

Здавалася, што Васіль і не заўважаў Арыны. Ён моўчкі піў, але піў нямнога, моўчкі закусваў на пытанні адказваў сцісла ці наогул толькі хістаў галавой. Але час ад часу дзяўчына лавіла, часцей — адчувала на сабе яго цікаўны позірк, і гэта яе забаўляла.

Пасля абеду гаспадары і госці перайшлі ў гасцінную, каб крыху перавесці дух, пакуль служкі памяняюць на стале посуд і закускі. Убачыўшы на сцяне лютню, пан Храповіч звярнуўся да Анастасіі:

— Гэта вы, паважаная пані, граеце на такім далікатным інструменце?

— Некалі спрабавала, — сціпла адказала гаспадыня і перавяла позірк на дач­ку. — Цяпер на ёй музіцыруе Арынка.

— А можна папрасіць вас, яснавяльможная панначка, заспяваць нам што-небудзь? — пан Міхал ветліва паглядзеў на Арыну.

— Калі гэта вам прынясе асалоду, — усміхнулася ў адказ дзяўчына і зняла са сцяны музычны інструмент.

Нейкі час яна задумліва вадзіла пальцамі па яго струнах, ці то збіраючыся з духам, ці то прыпамінаючы словы адпаведнай песні. Потым меладычным голасам заспявала:

Ведай жа, рыцар, табе не схавацца

Ні ў полі, ні ў лесе, ні дома.

Як ні ўцякай ты, а сэрца параніць

Злая страла Купідона.

— Во дае! — шэптам выказаў сваё захапленне спевам пан Міхал.

Арына працягвала:

Нават героя шчыт не ўратуе

Ад вострыя ракавога,

Дзе ж там схавацца маленькай птушцы

Горліцы белагаловай!

— Гэтыя белагалоўкі баяцца купідонавых стрэл, бы кошкі мышэй, — шэптам адказаў сябру пан Андрэй і, задаволены, засмяяўся.

Госці з’ехалі пад вечар. Яны доўга развітваліся з панам Андрэем і яго сям’ёй абдымалі гаспадара, пакрывалі пацалункамі рукі гаспадыні, слёзна запрашалі наведаць з візітам у адказ іхні двор, абяцалі не забывацца пра іх гасціннасць. І слова сваё стрымалі. Ва ўсялякім разе адзін з іх: Васіль амаль кожны дзень наведваў Мішневічаў. Спачатку свае візіты ён тлумачыў нейкімі дробязнымі справамі да пана Андрэя, затрымліваўся ў яго ненадоўга і толькі дзеля ветлівасці вітаўся з пані Анастасіяй і Арынай, прычым чырванеў пры гэтым бязбожна.

Васіль у прысутнасці Арыны спачатку паводзіў сябе нясмела і скавана, а яна ці то з пачуцця спагады, ці то ад уласцівай ёй міласэрнасці адносілася да яго як лекарка да хворага дзіцяці. Аднак з кожным днём іх узаемаадносіны станавіліся смялейшымі, усё часцей з альтанкі, дзе бавілі час маладыя, даносіўся звонкі смех, і пані Анастасія ўжо не працівілася іх сустрэчам сам-насам. А Арына, чым бліжэй пазнавала Васіля, тым больш захаплялася яго дасціпнасцю і сціпласцю, шчырасцю і свавольствам, яго дабрынёй і прыстойнасцю. Зусім не прыкметна для сябе яна закахалася. А ў канцы верасня нават дазволіла яму пацалаваць руку.

Успомніўшы гэты эпізод са свайго жыцця, яна сумна ўсміхнулася: «Якой я была тады шчаслівай! Той восенню я спазнала, што значыць быць каханай і што такое рай на зямлі!»

У пачатку кастрычніка пры развітанні пан Андрэй даўжэй затрымаў далонь хлопца ў сваёй руцэ.

— Так ты, хлопец, хутка ўсіх бацькавых коней запаліш. Хопіць табе гойсаць сюды-туды... Прысылай сватоў.

4

Недзе перад Пакровам, адвячоркам — Арына ўжо збіралася класціся спаць — на іхнім панадворку з’явілася шумная кампанія. Незнаёмыя людзі гучна пра нешта спрачаліся, некаторыя нават размахвалі рукамі.

— Што за чорт? — пан Андрэй быў заклапочаны. — Не хапала яшчэ перад сном валтузіцца з нейкімі жлуктамі. — Ён непрыкметна падміргнуў жонцы і кіўнуў на Арыну: «Няхай апранецца ў лепшы свой строй», а ўголас працягваў: — Трэба ісці ўсё ж разабрацца.

— Ты толькі, Андрэйка, не бі іх моцна, — папрасіла Насця. — А можа, і ў хату запрасі.

— Навошта яны тут, мама? — здзівілася словам маці Арына. — Няхай падалей едуць адсюль.

— У хаце і паглядзім, што з імі рабіць. А ты, дачушка, пераапраніся пакуль. Нягожа шляхцянцы сустракаць гасцей у адной кашулі.

Арына не стала спрачацца і выйшла ў другі пакой. Яна чула, як бацька гучна запытаўся ў незнаёмцаў, хто яны такія і як заблудзілі да іх у вёску. Тыя пачалі расказваць пра нейкую цялушку, пра куніцу, якая ўцякла ад іх і якую яны хочуць пашукаць на іх двары ды просяць у бацькі дазволу. «Нейкія нягеглыя купцы, — падумала Арына пра шумных незнаёмцаў. — Гэта ж трэба ноччу пагубляць цялят, а потым шукаць іх па чужых дварах!» Хутка гамонка з панадворка перамясцілася ў хату, і толькі калі Арына па просьбе маці выйшла са свайго пакоя, яна сціхла. Нейкі час панавала цішыня, якую парушыў мажны незнаёмец. Ён з вясёлым ззяннем у вачах: «Пэўна п’яны!» — падумала дзяўчына, — агледзеў Арыну і запытаўся:

— Ці можам мы ў вашай хаце пагасціць, вашу нявесту пабачыць, а вам нашага маладога паказаць?

«Што адбываецца? — не на жарт занепакоілася Арына. — Якую нявесту? Якога маладога?»

Згадаўшы свой спалох, жанчына стрымана ўсміхнулася. Светлыя ўспаміны яе кароткага шчасця! Як хораша прыгадваць, але шкада, што іх было так мала!

Першым сярод незнаёмцаў яна пазнала ўзрушанага і расчырванелага пана Міхала, а Васіля ўбачыла ледзь ці не апошнім. Быў ён нейкі ціхі, збянтэжаны, стараўся схавацца за чыю-небудзь спіну, бы саромеўся гэтага шуму і гвалту. «Як баіцца, што бацька ім выставіць гарбуза, — адразу зразумела страх Васіля Арына. — Не бойся, не выставіць!»

За сталом сядзелі доўга: спачатку выпілі збан гарэлкі, што прывезлі сваты, потым пан Андрэй выставіў яшчэ большы гляк сваёй аераўкі, потым, зразумеўшы, што бацькі нявесты не супраць такога жаніха, усе частаваліся і гаманілі. Паехалі госці пад раніцу. «Вось ты, дачушка, і нявеста, — пасля іх ад’езду пані Анастасія абняла дачку, — хутка ў цябе будзе іншае жыццё!»

Аднак іншага жыцця не атрымалася, бо амаль адразу пасля заручын Васіля і ўсю навакольную шляхту полацкі ваявода пан Станіслаў Давойна склікаў у Полацк, а праз тыдзень на тэрыторыю Полаччыны ўварваліся першыя атрады маскавітаў. Яны рабавалі паселішчы, маладзейшых бралі ў палон, старэйшых — бязлітасна высякалі. Яны, бы зграі ашалелых ад крыві ваўкоў, насіліся на сваіх нізкіх махнатых конях па памежжы Літвы, пакідаючы пасля сябе толькі папаленыя паселішчы. Бы чорныя вестуны смерці, яны сеялі вакол сябе толькі смерць, разбурэнні і пажарышчы. Іх адразу ахрысцілі служкамі д’ябла, памагатымі Люцыпара.