У тым, што жыве тут Максім Такушэвіч, не было ніякага сумніву: усё сходзілася.
Дзед Максім — высокі, хударлявы, сівы, з белымі вусамі і блакітнымі вачыма. Ні даць ні ўзяць — купалаўскі гусляр! Толькі хіба тае барады бракуе. Сядзіць насупраць на лаве і, як ён мовіў, пра жызню сваю расказвае:
— Я і нарадзіўся ў гэнай хаце! — чуецца яго спакойны голас. — Бацька мой сюды ў прымы прыйшоўшы быў. Зямлі меў гектараў з дванаццаць. Ды яна не вельмі была — болей пад кустамі ды камянямі. Але неяк жыў. Калі дзеці падраслі, аднаго сына аддзяліў, другога ў свет паслаў, а мяне пры сабе пакінуў. Я з ім на гаспадарцы і калупаўся. А выпадаў вольны час — майстэркай рознай займаўся. Вокны рабіў, дзверы, шафы, сталы, сані, вазы… Яшчэ малатарні. Драўляныя. Дзе трэба жалезіна якая — сам і каваў яе. Марокі з малатарняю многа, але затое, як запусціш у работу, — ажно спявала. А парабілі калхозы, то ў калхоз і малатарню забралі. Файная была!.. I што з ёю зараз — не ведаю нават. Мо і спалілі дзе… Арфы таксама рабіў. Бывала, як прагоніш збожжа, — зернейка ў зернейка збіралася. I чысценькае… Ну, яшчэ каня падкаваць альбо плуга падправіць — таксама мая работа была… Калі агулам казаць, то я з малькосці ў рабоце. I зараз не магу без яе. 3 раніцы, як разварушышся, цалюткі дзень на нагах. А пад вечар паляжаць цягне. За ноч аддыхнеш, а зрання зноў за сваё.
Адкуль у мяне схільнасць да музыкі, пытаеце, і чаму з гуслямі судзьбу звязаў? А чорт яго ведае!.. Малым яшчэ быў, то, помню, балалайку зрабіў, скрыпку, нейкія цымбалы… Але якая то музыка была! Я ж і дзесяці гадочкаў не меў тады. Аднак іграў… Сказаць, каб ад бацькі ўсё тое пераняў, — не скажу. Ён добрай майстэркі не мог рабіць, не тое каб іграць. Ага. Дык пра сябе. Вось так, мала-памалу, і раптам зрабіў сабе гуслі. Хадзіў некалі тут па вёсках стары гусляр. Я гуслі ўбачыў і зрабіў. I строй неяк саздаў свой. Не пайму і зараз, як гэта ў мяне палучылася. Ніхто ж не вучыў! Строй гэны — самадумны. Нідзе такога не ўчуеш болей. А потым пайшло! I зрабіў я гусляў за жызню сваю парадачна. Колькі, пытаеце? Шмат! Штук з пятнаццаць будзе. А мо і болей. У каго ахвота да музыкі з’яўлялася, таму і аддаваў. Адны гуселькі нават сыну Мікалаю зрабіў на памяць. А гэныя, апошнія, сабе пакінуў…
Дзед Максім устае з лавы, падыходзіць да камода, апускаецца на калені, шарыць рукою недзе там, паміж камодам і сцяною, і, нарэшце, дастае адтуль гуслі. Яны адразу падалі голас — быццам нечаму ўзрадаваліся. I тут жа сціхлі. Гаспадар вяртаецца на сваё месца, апускае гуслі на калені, кажа: — Во!..
Я ніколі не бачыў гусляў, не даводзілася і чуць іх. Таму рупіла адразу ж папрасіць, каб пайграў, каб паказаў, на што здатны яны. Але стрымліваю сябе, не перабіваю старога. I ён працягвае свой аповяд спакойна, не спяшаючыся:
— Гэныя гуселькі рабіў доўга. Пакуль загатоўкі здабыў, пакуль высушыў, пакуль выштукаваў — час прайшоў. Аднак спраўныя атрымаліся. Праўда, яшчэ не абыграліся як след, на мель струны не сталі, але нічога — абкатаюцца!..
Павёў рукою па струнах, нібы зноў іх абудзіў на хвіліну, і доўжыў:
— Як і з чаго раблю гуслі? Паслухайце! Мо згадзіцца. Не вам, то некаму… Плечы, гэта тое, што падыспадам, якія хочаш могуць быць — бярозавыя, ясінавыя, кляновыя. У гэных — асінавыя. Бо асінавыя найлучча, я прызнаў. Самы лепшы звук даюць. I рабіць з асіны лягчэй. А бакі ды крывулю гэную найлепей з чачоткі рабіць. Грудзі — толькі з елкі. I то не абы з якой. Каторая гадзіцца, каторая не — я ўжо на пні знаю. Пагляджу — і ўсё тут. Еслі ў гушчары сядзіць, — слой мае густы, і гуслі глухавіць будуць. А каторая не пустаполлі, альбо ў хвойніку асобна стаіць ды сукоў мала мае, ды па фасоўні гладкаватая — вот гэткая гадзіцца! Рагавая елка тожа не пойдзе. У яе слой цвёрды, звуку не прапускае. Белая — тожа не тое. Яна замяккая і, галоўнае, звук таксама глушыць. Найлепшая елка, прызнаў я, каторая слой не густы мае, рэдкаваты — прымерна ў міліметар. Калі такую расколеш і ўбачыш упоперак слаёў драбнюсенькія рысачкі, падобныя на іголачкі, — вось такое дзерава самы раз на музыку. Спляжу, парэжу на плашкі, пашчапаю, абдзелаю траха рубанкам да таўшчыні, якая мне трэба, і сушу. Падсохне — тады ў ваду. Памачу — і зноў сушу. Не пашкодзіць, калі і два, і тры разы памочыш і высушыш. Во якая пракціка!.. А як усё пад рукою і гатовае, — бяруся маракаваць. У той палавіне хаты ў мяне настаяшчая майстроўня. Варштат ёсць таксама. Без яго нічога ж не зробіш. Трэба і ўшчыміць дошку, і абрэзаць, і абстругаць, і склеіць. На паветры ж не зробіш усяго гэтага!.. А струны? Струны таксама самаробныя. Каторая з кабелю тэлефоннага, каторая з каната. Нават самая таўстая, басовая, — свае работы. Узяў сталёвую струну і накруціў на яе медны дрот. Вот і атрымалася. Бо дзе ж ты купіш струны тыя? I бачыць не бачыў у продажы…