– Што здарылася, сонейка? – спытала Сью.
– Шэсць, – прашаптала Джонсі. – Як хутка яны ападаюць. Тры дні таму іх было каля ста. У мяне ажно галава кружылася, калі я намагалася іх усе злічыць. А цяпер лёгка. Вось, яшчэ адзін паляцеў. Цяпер іх засталося толькі пяць.
– Чаго пяць, сонейка? Скажы сваёй Сюзі.
– Лісткоў. На плюшчы. Калі ападзе апошні, я памру. Я ўжо тры дні гэта ведаю. Доктар што, не сказаў табе?
– Вох, ніколі не чула нічога дурнейшага, – з выдатна ўдаванай грэблівасцю абурылася Сью. – Якім гэта чынам старое плюшчавае лісцё звязанае з тваім здароўем? Ты ж так любіла гэты плюшч, капрыза? Не будзь дурнічкай. Дарэчы, доктар сёння зранку сказаў мне, што твае шанцы неўзабаве зноў стаць на ногі… як жа гэта ён дакладна сказаў? – а, ён сказаў, дзесяць да аднаго! Столькі ж шанцаў у цябе, ідучы па вуліцах Нью-Ёрку, ўбачыць трамвай або новы будынак. А цяпер паспрабуй паесці трохі булёнчыку і дазволь Сюзі дамаляваць малюнкі, каб яна іх рэдактару потым уціснула і купіла партвейну для сваёй хворай дзяўчынкі і свіных адбіўных для сябе, ненажэры.
– Не трэба болей віна, – сказала Джонсі, не зводзячы вачэй з акна. – Яшчэ адзін паляцеў. Я не хачу булёна. Цяпер іх толькі чатыры. Я хачу ўбачыць, як ападзе апошні, пакуль не сцямнела. Тады і я памру.
– Джонсі, сонейка, – сказала Сью, схіляючыся над ёю, – паабяцай мне, што ты заплюшчыш вочкі і не будзеш глядзець у вакно, пакуль я не скончу працу. Я павінная аддаць гэтыя малюнкі да заўтра. І мне трэба святло, іначай я б апусціла фіранку.
– А ты не магла б памаляваць у іншым пакоі? – спытала Джонсі абыякава.
– Я б хацела пабыць побач з табой, – сказала Сью. – Да таго ж я не хачу, каб ты ўвесь час глядзела на гэты дурацкі плюшч.
– Скажы мне, як скончыш, – папрасіла Джонсі, заплюшчваючы вочы – бледная і нерухомая, яна была падобная да зрынутай статуі, – бо я хачу ўбачыць, як ападзе апошні. Я так стамілася чакаць. Так стамілася думаць. Я хачу вызваліцца ад усяго гэтага і паволі-паволі зляцець долу, як бедны змораны лісток.
– Пастарайся паспаць, – сказала Сью. – А я пайду паклічу Бермана, каб ён мне папазіраваў для патрэта старога пустэльніка-рудакопа. Я на хвілінку. І не падумай уставаць, пакуль я не вярнуся.
Стары Берман таксама быў мастаком і жыў на першым паверсе пад імі. Яму было за шэсцьдзесят і ў яго была барада, як у Майсея Мікеланджэла, што спускалася завіткамі з ягонай галавы сатыра ўздоўж цела чарцяняці. Берман быў мастаком-няўдальцам. Сорак гадоў ён арудаваў пэндзлем, але і на крок не наблізіўся да сваёй Пані, каб хаця дакрануцца да краю ейных адзежаў. Ён заўсёды збіраўся напісаць шэдэўр, але так ніколі й не здолеў за яго ўзяцца. Апошнія колькі гадоў ён размалёўваў адно толькі крамныя шыльды і рэкламныя вывескі. Трохі зарабляў, пазіруючы тым маладым мастакам калоніі, што не маглі сабе дазволіць наняць натуршчыка-прафесіянала. Ён налягаў на джын і ўвесь час казаў, пра свой будучы шэдэўр. У астатнім жа гэта быў нікчэмны злы дзядок, які бязлітасна кпіў з усякай праявы мяккасці ў людзях і лічыў сябе верным вартавым сабакам, прыстаўленым ахоўваць дзвюх маладых мастачак з майстэрні пад дахам.
Сью знайшла Бермана ў яго змрочным заканурку, ад яго патыхала ядлоўцам. У куце на мальберце стаяла чыстае палатно, ужо дваццаць пяць гадоў гатовае прыняць на сябе першы мазок шэдэўра. Яна расказала яму пра прымхі Джонсі і пра свой страх за яе, як бы тая насамрэч не адляцела, лёгкая і крохкая, як лісток, усё больш і больш безуважная і абыякавая да навакольнага свету.
З бляскам у чырвоных вачах стары Берман голасна агучыў сваю пагарду і насмешку над гэткімі ідыёцкімі вярозамі.
– Што? – ускрычаў ён. – Дзе такая дурасц відзіна ў свэці, каб людзі паміралі ат таго, што з беднай лазінкі ападае лісце? Не чув ніколі нічога дурнэйшага. Най, я нэ буду базіравац для твайго дурацкага пустэлніка! Як ты дасфаляеш ёй думац пра такія дурноцтвы? Вай, бедная малэнькая міс Ёнзі.
– Яна вельмі хворая і слабая, – сказала Сью, – ліхаманка памутніла ейны розум і забіла яго розным насланнём. Выдатна, містэр Берман, калі вы не хочаце мне пазіраваць, я вас не цягну. А пра вас я думаю, што вы невыносны стары пустабрэх!
– Усе вы, жанчыны, такія! – выгаркнуў Берман. – Хто казав, што я нэ буду базіравац? Шнэле. Я пайду з табой. Я вжо павгадзіны як гатоф ісці базіравац. Божэ! Гэта зусім нэ тое месца, дзе такая харошая міс, як міс Ёнзі, мусіц ляжац хфорай. Аднойчы я намалюю шэдэвр, і мы разам з’едзім адсюдавай. Каб мянэ нэладна быць!
Калі яны падняліся ў майстэрню, Джонсі спала. Сью апусціла завесу да самага падваконня і рукой паказала Берману ісці ў іншы пакой. Там яны падышлі да акна і са страхам зірнулі на лазіну плюшча. Потым, нічога не кажучы, пераглянуліся. З неба падаў нястомны халодны дождж уперамешку са снегам. Берман у старой блакітнай кашулі сеў на перакулены саганок, удаючы пустэльніка на кручы.