Калі нараніцу Сью прачнулася пасля гадзіннага сну, Джонсі ляжала, шырока расплюшчыўшы бязрадасныя вочы, утаропіўшыся ў захінутую зялёную фіранку.
– Развесь акно, я хачу паглядзець, – загадала яна шэптам.
Сью зморана паслухалася.
От жа ж! Нават пад дажджавым шротам і азвярэлымі раптамі ветру, што цэлую ноч шкуматалі дрэва, выстаяў і застаўся вісець на тле цаглянай сцяны адзін лісток плюшчу. Апошні на ўсёй лазіне. Цемнавата-зялёны ля сцяблінкі, жухлавата- і падгніла-жоўты на зубчатых краях, ён адважна трымаўся на лазіне дзесь у дваццаці футах над зямлёю.
– Апошні, – сказала Джонсі. – Я была ўпэўненая, што ён ападзе ўначы. Я чула вецер. Сёння і ён зляціць, а разам з ім памру і я.
– Бог з табой! – сказала Сью, сіхіляючы да падушкі свой пастарэлы твар. – Падумай хоць пра мяне, калі пра сябе не думаеш. Што са мной будзе?
Але Джонсі не адказала. Няма ў свеце самотнейшай істоты за чалавечую душу, што гатова выправіцца ў далёкае, таямнічае падарожжа. Насланнё завалодала ёй не на жарт, адну за адной абрываюцы ніці, што звязвалі яе з сябрамі і ўсім зямным.
Дзень зжыў сябе, але нават у прыцемках на тле сцяны было відаць, як самотны лісток плюшчу чапляецца сцяблінкай за лазу. І нават потым, з наступленнем ночы, калі на волю выбраўся люты паўночны вецер і дождж без перастанку грукаўся ў шыбы, барабанячы па злівах капежам з нізкіх галандскіх дахаў.
Ледзь толькі пачало віднець, бязлітасная Джонсі загадала падняць фіранку.
Лісток плюшчу, як і раней, быў там.
Джонсі доўга ляжала, гледзячы на яго. А потым паклікала Сью, што памешвала курыны булён на газавай плітцы.
– Сьюзі, мне так за сябе сорамна, – сказала Джонсі. – Нешта быццам утрымала там гэты апошні лісток, каб я ўбачыла, колькі ўва мне благога. Прагнуць смерці – вялікі грэх. Прынясі мне трохі свайго булёнчыку, і трохі малака з партвэйнам, і… не, прынясі мне спярша люстэрка і пару падушак пад галаву, я буду глядзець, як ты гатуеш.
А дзесьці праз гадзіну яна сказала:
– Сьюзі, калі-небудзь я намалюю Неапалітанскую затоку.
Папаўдні прыйшоў доктар. Калі ён сыходзіў, Сью прабачылася і выйшла з ім у калідор.
– Пяцьдзесят на пяцьдзесят, – сказаў доктар, паціскаючы худую, дрыготкую руку Сьюзі. – Старанны дагляд – і ўсё будзе добра. А цяпер мяне чакае яшчэ адзін пацыент, унізе. Берман яго зваць, таксама, відаць, мастак, як і вы. І таксама пнеўманія. Чалавек ён стары і кволы, хвароба не пашкадуе яго. Шанцаў у яго няма. Сёння яго забяруць у лякарню, там яму будзе лягчэй.
Наступным днём доктар сказаў Сьюзі:
– Ёй нічога не пагражае. Магу вас павіншаваць. Цяпер – толькі добрае харчаванне і дагляд. Гэтага дастаткова.
Пасля абеду Сью зайшла да Джонсі, якая з прыемнасцю вязала вельмі сіні і вельмі патрэбны ваўняны шалік, прысела на ложак і абняла Джонсі, разам з падушкамі й коўдрамі.
– Паслухай, мышка, ты павінная гэта ведаць, – сказала яна. – Містэр Берман памёр сёння ў лякарні ад пнеўманіі. Хвароба адолела яго ў два дні. Заўчора зранку швейцар знайшоў яго ў ягоным пакоі ўнізе, дык той паварушыцца не мог ад болю. Ягоная вопратка і абутак прамерзлі і былі наскрозь мокрыя. Ніхто не ведаў, дзе ён бадзяўся цэлую ноч – ды яшчэ ў такую непагадзь. Потым знайшлі ліхтар, які ўсё яшчэ гарэў, драбіны, што ляжалі не на сваім месцы, раскіданыя пэндзлі і палітру са змяшанымі зялёнай і жоўтай фарбамі, вось – зірні ў вакно, бачыш, сонейка, той апошні лісток плюшча на сцяне? Ты не заўважыла, што ён не трымціць і не рухаецца на ветры? Ах, любая ты мая, гэта і ёсць шэдэўр Бермана, – ён намаляваў яго ў тую ноч, калі з дрэва апаў апошні лісток.
пераклад з ангельскай – Сяржук Мядзведзеў
© Сяржук Мядзведзеў, пераклад, 2009