Выбрать главу

Вольга ІПАТАВА

АПОШНІЯ АХВЯРЫ СЬВЯШЧЭННАГА ДУБА

Аповесьць

У 1374 годзе ў Канстанцінопалі былі кананізаваныя тры пакутнікі за хрысьціянскую веру Іаан (Ян), Антоній (Антон) і Яўстафій (Астап), якія ў язычніцтве насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла, што сьведчыць пра іхняе славянскае паходжаньне, хутчэй за ўсё з крывічоў, якія складалі значную частку насельніцтва Вільні. Да сьмерці вялікага князя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Альгерда (сына праваслаўнай Вольгі і Гедзіміна) заставалася яшчэ тры гады. Несумненна, ён ня мог не дазнацца аб кананізацыі: усе тры пакутнікі былі некалі ягонымі прыдворнымі, ён добра ведаў кожнага і, паводле некаторых зьвестак, асабліва любіў Кумца і Няжылу.

Аднак жа менавіта ў час ягонага валадараньня яны былі пакараныя страшнаю сьмерцю — павешаныя на сьвяшчэнным дубе, стаўшы яго апошнімі ахвярамі, бо пасьля іхняе сьмерці гэты волат-дуб быў сьсечаны, а на яго месцы пабудавалі храм сьвятой Тройцы. Палітычныя меркаваньні, паводле якіх хрысьціянін-князь вымушаны быў аддаць пакутнікаў у рукі жрацоў, мінуліся ўжо праз нейкае дзесяцігоддзе, і Альгерд жорстка адпомсьціў тым, перад кім раней павінны быў схіляць галаву. Аднак справа была зробленая. Думаецца, што на сваёй апошняй споведзі (паміраў вялікі князь, прыняўшы праваслаўную манашскую схіму, што яшчэ раз сьведчыць пра ягоную палітычную і этнічную арыентацыю) ён спавядаўся найперш у гэтым сваім граху.

За сем з паловай стагоддзяў, якія прайшлі ад часу пакутніцкай сьмерці трох маладых прыдворных Альгерда, шмат навальніцаў пранеслася над беларускай зямлёй. Сьвятыя мошчы, якія вярнулі ў Вільню пасьля кананізацыі ў Канстанцінопалі, былі шанаваныя месьцічамі і праваслаўнымі беларусамі ажно да пачатку Першай сусьветнай вайны. Менавіта ў гэты час (1915 г.) мошчы былі зноў вывезеныя — гэтым разам у Маскву, і да 1926 году знаходзіліся ў музейных сховішчах, дзе над імі рабілі розныя эксьперыменты.

У вяртаньні мошчаў на радзіму актыўны ўдзел прыняла беларуская інтэлігенцыя, у прыватнасьці, бацькоўскі камітэт пры Віленскай беларускай гімназіі.

Але ранейшая вядомасьць да пакутнікаў усё яшчэ не вяртаецца: другая сусьветная вайна і яе жахі, страта Вільні, нарэшце, савецкая атэістычная прапаганда зрабілі сваю справу. Страчаная і іх выразная этнічная прыналежнасьць. Сёньня нават у Сьвята-Духавым манастыры ў Вільні пра іх гавораць як пра літоўцаў, што спазналі сьвятло праваслаўя. І гэта нягледзячы на тое, што некалькі гадоў запар праваслаўнае беларускае брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў прыязджае ў Літву, дзе знаходзяцца нятленныя мошчы, каб адзначыць сьвята сваіх аберагальнікаў.

Пакуль усё яшчэ не «вяртаецца» да беларусаў і Альгерд — князь, пры якім Вялікае княства Літоўскае дасягнула велізарных памераў — ад Чорнага да Балтыйскага мора, а беларуская мова квітнела як адзіная дзяржаўная мова краіны.

У гэтай аповесьці мне хацелася зьвярнуцца да тых старонак нашай гісторыі, якія складаюць яе духоўную славу і якія павінны быць адноўленыя, каб над нашай краінай прасьціралася ахоўная моц пакутнікаў, якіх ушанавалі яшчэ ў ХIV стагоддзі і якія, як вечная загадка для атэістаў, засталіся нятленнымі ў сьвеце, дзе рассыпаюцца камяні і царствы…

ВЕКША

Велізарны, з залатымі вусамі драўляны Пярун нерухома глядзеў удалячынь. Ён нібыта забыўся на людзей, якія корпаліся ля ягоных ног, мітусьліва прывязваючы да іх — тоўстых, абутых у чырвоныя ўсьмавыя боты — маладую дзяўчыну. Ён як бы думаў сваю адвечную думу, сягаючы ў далёкія, непадуладныя нікому пласты часу.

Дзяўчына была маладзенькай, яе тонкія рукі былі падобныя да маладых чарацінак, зламаных упэўненай, бязьлітаснай рукой. Залатыя валасы, акуратна заплеценыя ў касу і ўпрыгожаныя вянком са сьвежых рамонкаў, аздаблялі яе спалатнелы твар з роўным, прыгожым носам і вачамі, што былі той цёмнай, суцэльнай сінечы, якою цяжка адблісквае ў лістападзе ціхая лясная рэчка. Відавочна было, што яе напаілі адварам маку: яна не крычала, ня тузалася, а цьмяна глядзела, як пяньковыя вяроўкі абвіваюць ільняны падол ейнай сукні, як пяюць, ціха і працягла, жрацы ў белых нагавіцах і кашулях, паступова паскараючы сьпевы, як цьвёрда стаіць амаль насупраць яе ў канцы агромністае залы вялікі князь Альгерд.

Вярхоўны жрэц Перуна Бурыла ўзяў з блакітнае парчовае падушкі нож, які ярка і злавесна бліснуў у сьвятле безьлічы смалякоў, што зырка гарэлі па сьценах, упраўленыя ў сярэбраныя заціскі.