Выбрать главу

Яна не захацела ўзгадваць далей свае трывогі, і духоўнік Нестар стаў супакойваць вялікую княгіню, хаця ў яго самога было турботна на душы. Хаця Марыя была яшчэ зусім не старая — усяго васемнаццаць гадоў, як пабралалася з Альгердам, — але твар яе пайшоў дробнымі маршчынкамі, вялікія вочы нібыта паменелі на трохі азызлым твары, скура стала нібы мяккая вільготная гліна. Мучылі вялікая слабасьць, бяссоньніца і боль у грудзях. Доктар-іншаземец Ганс ня мог справіцца з хваробай, а люд шаптаўся, што гэта помсьцяць Марыі багі, якіх яна пакрыўдзіла, асабліва ж Рагуціс і Медзін[17].

Нестар з болем адчуваў — неўзабаве давядзецца несьці на сабе ўвесь цяжар праўдзівай веры тут, у Вільні, аднаму, бо Гаспадар рана прыбярэ вялікую княгіню, ня жыць ёй доўга. Апроч яе, саюзьнікаў тут няма — людзі, што ходзяць у царкву, ня маюць пры двары вялікага ўплыву. З Навагародку, дзе больш за чвэртку веку заснаваная метраполія[18], дапамога таксама ідзе невялікая, бо там думаюць, што яму, Нестару, пад крылом вялікага князя жывецца лягчэй, чым ім. Але ў Навагародку хрысьціян здаўна болей, чым у язычніцкай Вільні, жрацы там ня маюць значнага ўплыву. У тамтэйшым храме вернікаў прываблівае Замкавая ікона Багародзіцы, якая яшчэ сто гадоў таму ў цудадзейным сьне князя Войшалка натхніла яго на прыняцьце манашскага сану.

У Вільні ж усё трэба пачынаць самому. Япіскап Вільні няроўны са жрацамі, хаця і бліжэйшы да вялікакняскага стальца, чым яны. У яго ўсяго толькі нядаўна пабудаваны храм — а да іхніх капішчаў дарога пракаветная, пракладзеная прадзедамі і дзядамі, багацьці, сабраныя таксама не за адно пакаленьне…

Але пра гэта трэба думаць не цяпер. Зараз трэба ўважліва слухаць вялікую княгіню…

Расказаўшы пра свае трывогі, княгіня хацела ўжо прасіць дараваньня грахоў, але раптоўна ўзгадала:

— Пазаўчора, калі я пайшла ў скрыпторый, каб узяць там запісы аб шлюбных дамовах вялікіх князёў, да мяне падышоў Круглец, сын Леся.

— Ён часам прыходзіць у наш храм, — асьцярожна заўважыў Нестар.

— Мне цяжка запамінаць твары маладых, яны для мяне ўсе на адзін капыл. Але гэтага хлопца я добра ведаю, бо надта падобны да бацькі, — нецярпліва прамовіла Марыя. — Ён хоча пахрысьціць сваю сястру і папрасіў мяне быць ейнай хроснай маці.

— Гэта вялікая радасьць, — ажывіўся Нестар. — Яго любіць моладзь, ён разумны і рахманы. Але чаму не зьвярнуўся адразу да мяне?

— Ты для яго чужы. А мяне ён памятае яшчэ з дзяцінства. Здаецца, я яго нават трымала на руках, але зараз ужо і ня ўспомню, ці ён гэта быў. І зараз бачу яго рэдка. На баляваньні ў замак ён не сьпяшаецца, яго там я ня бачу. А на дружынныя трызны не прыходжу я.

— Дык ці зробіць ласку вялікая княгіня і ці стане хроснай маці для гэтай божай авечкі?

Марыя згодна кіўнула. У апошнія гады, калі Альгерд стаў вялікім князем у выніку змовы з Кейстутам, яна нездарма пачувала сябе тут, у даўно знаёмай Вільні, адзінокай. Колішні двор Гедзіміна, хаця і спрэс язычніцкі, абкружаў жонку княжыча пашанай: яна прынесла ў пасаг багатую Віцьбескую зямлю. Аднак пасьля таго, як памёр Гедзімін, усё памянялася. Былых прыхільнікаў засталося няшмат, а колішнія маўкліва асуджалі княгіню, бо ўважалі ўзвышэньне Альгерда за надкуртачаньне[19], ашуканства. Выгнаньне Яўнута і гвалтоўны захоп Вільні Альгердам і Кейстутам мучылі Марыю. Ёй усё здавалася, што, парушаючы запавет бацькі-нябожчыка, браты моцна саграшылі.

Адзінокім пачуваў сябе і Нестар. Часам, праходзячы па Вільні, чуў ён злавесны шэпт за сьпіной. Ня раз здавалася яму, што, каб ня страх перад Альгердам і не апека вялікай княгіні, язычнікі разьдзерлі б яго на кавалкі і без усялякай літасьці выкінулі сабакам.

Ён з трывогай паглядзеў на азызлы твар вялікай княгіні і, як клапатлівы бацька, беражліва накінуў на ейныя плечы цёплую вязаную хустку.

Рэчыца, стоячы ў калідоры разам са стражнікам, спакойна глядзела на дзьверы. Радасна думалася пра жаніха — надзейнага, дужага Няжылу, пра вясельле і будучых дзяцей. Але калі б зараз глянуў на яе самы вядомы ў Вільні празарліўца, вялікі жрэц Сварога Лойка, то са спачуваньнем пагладзіў бы яе па галаве і пашкадаваў бы. Ён бы ўгледзеў, што ля левага пляча дзяўчыны стаяла Нядоля, адштурхнуўшы сваю сястру, багіню шчасьця Долю, і ўсьміхалася зласьліва, таму што нічога з гэтых мараў не адбудзецца ў жыцьці высокай, белатварай, мажнай дзяўчыны, якая пяшчотна падносіць да вуснаў маленькую драўляную Мокаш, цалуючы багіню жытла і прадзіва з надзеяй хаця б на каліва шчасьця…

вернуться

17

Літоўскага бога Медзіна ўзгадваюць беларускія летапісы.

вернуться

18

Літоўска-Наваградская праваслаўная метраполія была заснаваная ў 1317 г. у Наваградку.

вернуться

19

Падкуртачыць — ашукаць, пазьдзеквацца.