Выбрать главу

Дом Баравіка быў сапраўды вялікі і прыгожы, складзены з цэглы, якую рабілі пры княжацкім двары. Мураванка выйшла на два паверхі, з лажніцамі для гаспадароў і дачкі наверсе. Унізе, пад сьвятліцай, гандлёвай каморай і кухняй, месьціліся склады, дзе ўсё было закладзена таварамі. Сьвятліца ж, дзе зараз прымалі дарагога жаніха, была гонарам гаспадароў: сьцены яе тынкаваныя, на іх вапай нанесеныя квяцістыя ўзоры, а ў вокнах замест звычайных бычыных пухіроў празрыста зыркала ў водблісках агню нядаўна прывезенае і яшчэ нязвыклае для гораду шкло. У чырвоным куце на бажніцы перад Родам, Перуном і Мокашшу гарэла газьніца з чыстым ільняным алеем, палымнеў запаветнымі ўзорамі багата вышыты ручнік. Печ у Баравіка была, па новай замкавай модзе, кафляная, зеленаватая кафля з узорамі паблісквала пры сьвятле лучын, устаўленых у медныя зажымы. Бабін кут, дзе на вясельлі сядзе нявеста, аддзяляў ад печы кавалак абшытага сярэбранай аблямоўкай ільнянога палатна, пячны слуп, ці, як яго называлі віленчукі, конь, быў чыста пабелены. Усё тут сьведчыла аб багацьці і ўдачы гаспадароў.

Гэты багаты віленскі купец ганарыўся тым, што ягоны будучы зяць чалядзінец самога вялікага князя, што ягоная дачка пакаёўка княгіні Марыі. Ужо адсьвяткавалі заручыны, а цяпер Баравік рыхтаваўся да вясельля, што адбудзецца пасьля Купальля: падлічваў у сваіх еўнях і кладоўках гарнцы жыта, бочкі піва і хмельнага мёду, а яшчэ рыхтаваўся да закупу мядзьведзіны, ласяціны і птаства — дробнага і буйнага. Баравік зьбіраўся запрасіць на вясельле вялікакняжацкую пару, і яму здавалася, што, калі Альгерд і Марыя прыедуць у ягоны дом, ён памрэ ад шчасьця.

Усе яны: і гаспадары, і Рэчыца, і найперш сам Няжыла не маглі дачакацца Купальля. Менавіта там, пасьля вогнішча, калі скокі праз зыркія языкі полымя ачысьцяць маладых і запаляць іх першародным юрам, надыдзе для Рэчыцы і Няжылы вялікае выпрабаваньне. У спаборніцтве — хто спрытнейшы, у шалёнай пагоні, калі зловіць ён дзяўчыну за косы і кіне на мяккі мох, спазнаюць яны адзін аднаго. Хаця і тады яшчэ не даведаюцца, ці прыдатныя для самай галоўнай мэты, з якою сыходзяцца маладыя: ён — апладніць яе, а яна — нарадзіць здаровых нашчадкаў, перадаць ім сьвяшчэнны агонь быцьця, але пачатак будзе пакладзены. Без яго вясельле ладзіць нельга. Ведама, што ў тых, каго сілком зводзяць бацькі дзеля багацьця ці розных хцівых мэтаў, дзеці родзяцца слабымі, болей хварэюць, а значыць, меней у іх сілаў і магчымасьцяў захоўваць магутны корань жыцьця. Патрабуюць багі, а найперш ён, цудадзейны ачышчальнік Купала[20], каб не пераводзіўся ў людзях агонь жаданьня, без якога заледзянее сьвет.

Вясельле ладзіцца неўзабаве пасьля цялеснага спазнаньня адно аднаго. Потым ужо тройчы ўрачыста абвядуць вакол сьвятога дуба, зьбяруць блізкіх і далёкіх сваякоў, гасьцей ды пастараюцца ўсіх прысутных так накарміць-напаіць, каб яны памяталі вясельны пачастунак усё астатняе жыцьцё.

Цешыліся Баравік і Зайка, што спадабаўся іхняй дачцы ня сьмерд які, ня таць, што квапіцца на багацьце, а радавіты баярын з добрай, набліжанай да князя сям’і. Таму і лавілі кожнае слова Няжылы, падтаквалі яму ды пераглядаліся, угледзеўшы, як хораша ўпраўляецца ён з лыжкай: любіць паесьці, дык будзе слаўна і працаваць!

Яшчэ ня ўсталі з-за стала, як пачулі ад служкі, што ў сядзібу завітаў малодшы брат Няжылы, памочнік галоўнага лоўчага Кумец. З задавальненьнем прынялі тую вестку. Прыгожага, вясёлага хлопца шанавалі ў замку, нездарма князёўны радасна ўсьміхаліся, калі прыносіў да іх Няжыла кубкі з шыпучым заморскім віном альбо падаваў тарэлы са смажанай рыбай — узгадвалі, мабыць, пры тым прыгажуна Кумца. Альгерд заўсёды браў яго з сабой, калі ехаў на ловы альбо ў паходы. Кумец, як ніхто, адчуваў сокалаў, і яны, трапляючы на яго парчовую рукавіцу нават з затуленымі каўпаком вачыма, спакайнелі. Звычайна якраз ён, Кумец, урэшце вырываўся наперад падчас паляваньня, даганяючы сокала, які дзёўб і дзёўб упаляванага зайца. Гэта ён куды хутчэй за галоўнага лоўчага ўмеў суцішыць разьятраную пагоняй птушку. У замку шапталіся, што вялікі князь хутка памяняе сваіх лоўчых месцамі, і памочнік нарэшце зойме належнае ягонаму таленту становішча…

Брат Няжылы ўвайшоў, як звычайна, вясёлы, хаця ў душы быў моцна заклапочаны. Праз тыдзень павінен быў ён прымаць хрост, і хацелася яму, каб пры тым быў брат. Але як завабіць Няжылу ў царкву? Дзікім здаецца брату вобраз Бога, які, валодаючы сілай, дазволіў расьпяць сябе на крыжы. Які, могучы зьнесьці з зямлі сваіх ворагаў, сьцерці іх у попел, сам узьнёс на свае плечы непасільны для яго крыж і нёс яго, губляючы прытомнасьць, на гару, каб там працягнуць ворагам свае рукі, у якія яны і забілі цьвікі. Колькі разоў гаварыў пра тое з Няжылам, а той жартаваў ды адмоўчваўся, а то і абяцаў калі-небудзь зайсьці нарэшце ў храм. І цяпер Кумец спадзяваўся пагаварыць аб усім гэтым ня ў хаце, а менавіта тут, пры будучых родзічах. Ведаў, чым можа закрануць іхнія сэрцы: бацькі Рэчыцы мараць пра тое, што вясельле ўшануе вялікакняская пара. Таму, калі яго запрасілі да стала, ён, як і Няжыла, не адмовіўся ні ад смажанага ўюна, ні ад вяпрачыны, пасыпанай чырвоным пякельна-вострым парашком, які называўся перцам і які звычайна падаваўся толькі пры княжым двары. Усё гэта, асабліва ж дарагая замежная прыправа, сьведчыла пра тое, што яго тут прымалі як высокага госьця.

вернуться

20

Купала, як лічаць некаторыя дасьледчыкі, паходзіць ад Гопала — індыйскага Бога-пастуха, які гуляе ў гульні с апсарамі, нябеснымі пастушкамі.