— Не далі згоду і вешчыя старцы…
— А нашто ў іх пытацца? Ня ўсё і яны могуць спасьцігнуць. Мы таксама нешта цямім. Морак накрые ўсё, што мы захочам, калі… калі мы возьмемся за гэта разам. С і л а ёсьць у яе, — ён кіўнуў на Нару, — ёсьць яна і ў цябе, Мікша. Я ўгавару яшчэ некалькіх. Мы правядзём патаемны абрад. І тады… тады ні вешчыя старцы, ні Лойка не здагадаюцца, чаму віцьбеская паляндра[22] ўзьнялася да продкаў раней, чым яны яе паклікалі…
— Ня варта гэтага рабіць, — знарок ляніва пацягнуўшыся, так што зазьвінелі сярэбраныя падвескі-колты ў вушах і бранзалеты з бомамі на доўгіх мускулістых нагах, прамовіла Нара.
— Яна ўсё роўна памрэ. Судзяніцы сказалі мне гэта ўчора ўначы.
— Ты гадала па зорках? — ускінуўся Бурыла.
— Не, па дыме з начнога кастрышча. А яшчэ па палёце арліцы, якую задзяўблі сьвяшчэнныя вараны.
— Памрэ… Але наколькі хутка? Тут дарагі кожны тыдзень! — усклікнуў Мікша.
— Памрэ! Тады… тады трэба хутка шукаць яму сапраўдную жонку. Не з Полцеску альбо Віцьбеску, не з Цьвяры ці Германіі. Усе яны там ужо хрышчаныя! — загарачыўся Лелюш.
— Нашу! Якая будзе ўсёй душой аддадзеная старым багам і перакрэсьліць у душы Альгерда ўсё, што заклала там гэтая… прышлая, — ускінуўся Нарбут.
— Але надзвычай важна, з якога яна роду. Ці наш гэта будзе род? Ці іншыя багі завалодаюць Альгердам, а мы будзем адсунутыя ад яго і ад самога княжага двара? — задумаўся Бурыла.
І яны сталі перабіраць усіх вятшых людзей Вільні і ўзгадваць пра іхніх дачок. У кожнай то адзін, то другі знаходзілі нейкія хібы, ажно пакуль Нара працяжна і як бы нехаця не прамовіла:
— Я ведаю, хто будзе найлепшай жонкай для Альгерда. На каго мы можам спадзявацца і хто дапаможа язычаству супрацьстаяць новым багам.
– І хто гэта? Якая-небудзь служка вялікай багіні? Дзеўка, якая аддавалася безьліч разоў усім зацным мужам Вільні? З-за якой нас падніме на сьмех усё Княства? — ускінуўся Бурыла.
Нара вытрымала паўзу, абводзячы ўсіх усьмешліва-няўлоўным позіркам, пад якім, аднак, праглядалася моцная воля і настойлівасьць.
— Няўжо вы, высакародныя мужы Вільні, можаце падумаць, што я лёгкадумна стаўлюся да такой важнай падзеі, як новая жонка князя? І што я не прадбачыла будучага, гледзячы, як друзьнее Марыя?
– І што, у цябе ёсьць нехта на прыкмеце? — нецярпліва ўсклікнуў Нарбут.
— Вядома, ёсьць. Гэта мая сястра Дзівейна.
— Сястра?! — разам усклікнулі ўсе, а грамчэй за ўсіх — Нарбут. Яны ўтаропіліся ў жанчыну, ня ведаючы, як успрымаць ейныя словы. А тая загадкава ўсьміхалася, вытрымліваючы паўзу.
— Так, у мяне ёсьць сястра. Праўда, толькі па бацьку, ведамаму вам усім высакароднаму Мікуле. Вырасла яна ў храме Ашвінаў на Нёмане і ніколі ня ведала мужчыны. У яе няма ворагаў… пакуль няма. За ёю, праўда, не стаіць нейчы магутны род, толькі галоўны храм і ўплывовыя вернікі іншых храмаў сьвятых братоў, але, думаю, што найперш станем апораю ёй мы. Ці ня праўда, тыя, хто сабраўся тут, нечага ўсё ж вартыя?
Прысутныя дружна захіталі галовамі.
— Але як нам зьвесьці іх? — задумаўся Лелюш.
— Яна ўзьнікне ў адпаведны час перад Альгердам, і багі падкажуць яму ўсё астатняе…
— Чаму ж мы нічога ня ведалі пра яе дасюль? І… і твой бацька да самае сьмерці ніколі ня згадваў яе! — падазрона ўпіўся ў вярхоўную жрыцу погляд Бурылы.
— Таму што ён сам даведаўся пра тое амаль што перад тым, як легчы ў дубовую калоду[23]. Ці мала высакародных мужчынаў, што, як браты Ашвіны, магутнымі жарабцамі апладняюць кабыліц — прыгожых жанчын? Парода, што ад іх нараджаецца каля храма Ашвінаў, лепшая ў нашым краі, больш магутная, чым нават пры храме багіні Лады. Мне сказаў тое ўсяго пяць гадоў таму сам бацька, і я апекавалася гэтай дзяўчынкай, рыхтуючы яе для служэньня Ладзе. Яе маці, жрыца боскіх братоў, памерла рана, і я перадала ў храм нямала падарункаў, пакуль яны аддалі яе мне і зьнялі з яе апеку Ашвінаў.
— З Ашвінаў… Гэта добра, вельмі добра. Найстарэйшыя багі, яшчэ ад арыяў. Але ці валодае яна старажытнымі ведамі? — усхвалявана пытаўся Мікша.
— На якія забываюцца сёньня нават жрацы? — ушпіліў яго Нарбут.
– І — дзе яна? — Бурыла ўпіўся зялёнымі вачыма ў Нару, погляд яго пацьмянеў. Сінявокая, ружова-белая прыгажуня адказала яму нявінным позіркам.
— Калі хочаце, я пакажу яе вам.
— Зараз?!
22