— Канешне. Яна ўжо некалькі дзён гасьцюе ў маім храме, і мы шукаем для яе будынак, каб тут, у Вільні, для будучай жрыцы Лады, а, магчыма, і вялікай княгіні, быў свой дом…
Яна лёгенька стукнула доўгім пальцам у вялікі пругкі бубен, што вісеў каля яе на сьцяне. Праз колькі доўгіх імгненьняў — такіх нясьцерпных, нібы ўсім прысутным разам казыталі пяткі, дзьверы расчыніліся.
Гнуткая і зграбная, як маладая аленіха, з доўгімі попельнымі валасамі, на якіх зіхацеў сярэбраны абруч са скроневымі колтамі-кругамі, з яснымі шэрымі вачамі і ледзь прыкметнымі ямачкамі на пругкіх і круглых, як рэпка, шчочках дзяўчына стала перад прысутнымі. Колты з тонкага срэбнага дроціку, закручанага ў прыхаматлівыя ўзоры, аздобленыя эмальлю, надавалі жывы бляск яе ружовай, амаль празрыстай скуры. На серабрыстай сукні і на лёгкіх скураных поршнях зьзялі аднолькавыя, золатам вышытыя выявы коней. Жрацы ведалі: гэта знак таго, што Ашвіны — дзеці кабыліцы, якая выганяе са сховішчаў Ноч і Дзень.
— Мая сястра Дзівейна, — з асалодай назіраючы за разгубленасьцю мужчын, прамурлыкала Нара.
«Цнатліўка», — адразу вызначыў надта вопытны ў гэтых справах Нарбут, «плоць у ёй яшчэ не прачнулася, ад таго такая моц і яснасьць, як у дзіцяці».
Ён неўпрыкмет зірнуў на Нару. «Яны трохі падобныя. Але ў пляменьніцы, якая зьведала мноства мужчынаў, сіла іншая. Сіла веданьня, а не чысьціні. Яна ўмее абудзіць у любым, нават у самым стрыманым мужчыне, таго зьвера, таго асьпіда, які знаходзіцца ўнутры кожнага, і якога мы так і ня можам да канца ўтаймаваць. Але і ў гэтай ёсьць свая перавага — у яе ўсё наперадзе. На шчасьце, я ня родзіч ёй, бо Нара пляменьніца мне па маці».
Бурыла маўчаў. Дзяўчына яго ашаламіла. І не сваёй прынадлівай, гарачай і неадольна — чараўнічай вабнасьцю. За свае гады ён пабачыў шмат прыгажунь. Заняты больш важнымі, чым уцехі з жанчынамі, рэчамі, ён браў кожную, якая хаця на імгненьне абуджала ў ім жаданьне, і тут жа забываўся на яе. І так доўжылася гадамі, пакуль да яго, немаладога ўжо мужчыны, прыйшло тое, што ён сам спачатку не разумеў — жаданьне мець адзіную, атрымаць ад яе дзіця. І такая знайшлася. Гэтая сьвежая, як ранішні гурочак на гародзе, бяляначка была надта падобная да той, якая трывожыла яго думкі, сама ня ведаючы аб тым.
Да Уны, дачкі пасла Леся.
Даўно зазіраўся ён на Уну — яшчэ з той памятнай хвіліны, калі пасол Лесь атрымліваў ад Гедзіміна залаты медальён за пасьпяховыя перамовы з Ватыканам. Было гэта ў вялікай дубовай зале, дзе сабралася ўся знаць Княства. Тады яркія, каляровыя, з зялёнымі вінаграднымі лістамі шпалеры на сьценах цьмянелі перад безьліччу парадных сукняў з атласу, парчы і адамашка, а сонца ўспыхвала ў зіхоткіх дыямантах прыдворных баярыняў. Былі там і вялікія жрацы ўсіх храмаў Вільні. Калі вяртаўся пасол ад трона, дзе вялікі князь сам начапіў на ягоную шыю зіхоткі кругляк са сваім родавым гербам Калумнамі, ён радасна і ўсьмешліва глянуў у кут, і, прасачыўшы за ягоным позіркам, пабачыў Бурыла дзяцей Леся Кругляца і Уну. Помніў іх круглатварымі, шэравокімі дзіцянятамі па тры-пяць гадкоў і цяпер бы нізавошта не пазнаў — так яны падрасьлі. Але калі Круглец яшчэ ня выцягнуўся ў юнака, то Уна ў свае трынаццаць-чатырнаццаць пераляцела праз тую нябачную, але адчувальную мяжу, што аддзяляе зялёнае, цыбатае дзеўчанё ад паненкі. І ён, абмацаўшы чэпкім, шматвопытным позіркам яе юную постаць у зялёнай ядвабнай сукні, з зіхоткім абручыкам на попельных валасах, адчуў не пажадлівае і ліпкае жаданьне, якое ня толькі задаволіць, але і выклікаць у сабе з гадамі рабілася яму ўсё цяжэй і цяжэй. Не — ён раптам успыхнуў, як смаляк, па жылах прабег жывы агонь. І дзіўна: увесь час, як жрэц непрыкметна назіраў за Унай, агонь ня толькі не згасаў, але і мацнеў, разгараўся. Даўняе пачуцьцё радасьці ахапіла яго душу, і ён радаваўся і грэўся ў гэтай радасьці, як трапяткі аўсянік у сонечным сьвятле.
Тады ж ён вырашыў завалодаць гэтым дзеўчанём. Але падступіцца да Уны было нялёгка — бацьку яе шанаваў і нават любіў Гедзімін, ёю апекаваўся сам жрэц Сварога Лойка. Бурыла змушаны быў чакаць. Чакаць і бесьперастанку сачыць за кожным крокам Леся і яго сям’і.
Пасьля сьмерці Гедзіміна ён паспрабаваў завабіць брата і сястру ў вернікі храма Перуна, але тыя не паддаліся, трымаліся абасоблена. Калі зьязджаў кудысьці па справах бацька, яны былі пад апекай маршалка, у доме вечна віравалі ахоўнікі і слугі. Усе яны хадзілі пераважна ў храм Сварога, бо любілі слухаць Лойку. Ішоў час, падрастаў Круглец, рабіўся мужным воем, якому падуладныя дзіда і меч, корд[24] і нож. Калі памёр бацька, юнак быў залічаны ў княжацкую дружыну. І Бурыла зноў ня мог падступіцца да гэтай сям’і і ўсё чакаў зручнае хвіліны.