Выбрать главу

Але Нара толькі засьмяялася.

— З самых зацятых цнатлівак, — сказала яна спакойна, — выходзяць самыя вялікія распусьніцы. Можаце мне паверыць. Хто-хто, а ўжо я ведаю гэта лепей за вас усіх. Але для таго, каб Дзівейна ўрэшце трапіла ў вялікакняскі палац, нам трэба мець там як болей сваіх людзей. Гэтая твая справа, крэўны, — кіўнула яна Нарбуту.

— Ня ўсё я магу. Вось, вазьмі, напрыклад, падчашага Няжылу, забі яго Стрыга! Гэта ня наш чалавек, а толькі Альгердаў. Ягоная нявеста прыслужвае вялікай княгіні. Брат — памочнік лоўчага, яго гаспадар цэніць больш за самога лоўчага. І іхнія сябры маюць там вялікі ўплыў. У гэтай чарадзе і Круглец, сын пасла Леся. І ўсіх іх трымае і любіць вялікі князь — ці сама гаспадарыня.

— Круглец сябруе з сынамі Драмака? — адразу ж азваўся Бурыла.

— Так. І Круглец, я чуў, хацеў бы выдаць за аднаго з братоў сваю сястру! — рады, што можа ўкласьці ў агульную гаворку і нешта сваё, азваўся Мікша.

— Гэта каторую?

— Здаецца… здаецца, яе клічуць Унай.

— Во як… — працадзіў вялікі жрэц. Яго вочы яшчэ болей звузіліся. — За каторага ж з братоў, цікава ведаць?

— За Кумца. Але той, пасьля таго як ахрысьціўся, можа, і не захоча ўзяць язычніцу! — з гатоўнасьцю дакладаў Мікша.

— Гэта цэлае ахрап’е[27], забі іх Стрыга! Гняздо павучынае! Разьмесьці яго хутчэй! — з гарачнасьцю стукнуў па стале Нарбут.

— Пачакай! — асьцерагла Нара. — Адразу толькі жабы скачуць. Трэба перачакаць, нагледзець за гэтымі хлопцамі, ну хаця б спачатку за Кругляцом, нейкую правіну ці грэх, каб валадар неўзьлюбіў яго. Тады і за яго, і за сястру, і за ейнага мужа (яна азірнулася на Бурылу) заступацца ён не стане.

Яна пільна паглядзела Мікшы ў вочы.

— Што пра яго кажуць віжы? Ці ты сам віжаваў?

— Не віжаваў, а назіраў, — пакрыўдзіўся той.

— Добра! — нецярпліва абарвала жрыца. — Што ты выгледзеў?

— Ды пакуль нічога такога не заўважыў. Гэты малойчык надта цікавіцца скрыптамі, таму часта бывае ў замкавым скрыпторыі. Пасьля гуляе са сваімі хартамі. Прымаюць гасьцей — найчасьцей Няжылу і Кумца. Сястра таксама ў яго адукаваная, ведае многія мовы, дзеці шмат езьдзілі з бацькам то ў Рым, то ў Візантыю. Цяпер яна вышывае модныя шпалеры…

— Да Стрыгі тыя шпалеры! — ня вытрымаў Нарбут. — Кажы нешта істотнае!

— Няхай дакладае ўсё. Кожная дробязь можа спатрэбіцца, — холадна абарваў яго Бурыла.

— Бавіцца з кветкамі… — працягваў Мікша. — У іхняй хаце ўсё цьвіце, як у капішчы Мілды. Ну, нядаўна Кумец з іхняе хаты тройчы хадзіў у хрысьціянскі храм. Праўда, адзін.

— У храм?! — узьвіўся Бурыла. — І ты не сказаў пра гэта адразу?

— Ну дык жа сама вялікая княгіня…

— Ёй можна, яна ня з нашай зямлі. А гэтым… гэтым мы не дазволім!

Яго расьцягнуты, з шырока расстаўленымі жабінымі зрэнкамі твар пацьмянеў, іскры, здавалася, так і пасыпаліся з вачэй:

— У храм Кумец ходзіць пастаянна. А нядаўна быў там са сваім братам. А нявеста брата — пакаёўка ў самой вялікай княгіні, яна і сваіх бацькоў у храм прыводзіла, калі там была гаспадарыня — уставіла сваё і Гайна.

— З братамі справіцца прасьцей, чым з Кругляцом. Яны пастаянна на вачах вялікага князя, і даказаць, што яны хрысьціяне, лёгка — задумаўся Бурыла. — А там і да Кругляца дабяромся.

– І да ягонай сястры, — нявінна ўставіла Нара, ды Бурыла так пагрозьліва зіркнуў на яе, што яна як падавілася — закашлялася, схавала твар у цёплую хусту. Мікша паслужліва паднёс ёй квасу з пазалочанай брэцьяніцы.

Бурыла задаволена пацёр свой калінавы жэзл.

— Калі ў замку будуць нешта сьвяткаваць, кашталян?

— Ну калі? Вядома, на Дажджбога.

— Ну так, так… На Вялічка-чырвона яечка.

Ён задумаўся. Вялікая жрыца нецярпліва хуталася ў накідку. Яна шкадавала, што дазволіла сабе пакпіць з Бурылы. Нара добра ведала гэтага чалавека. Гэта ён, упершыню паспытаўшы ейных уцехаў і адчуўшы ў дзяўчыне роднасную душу, некалі прывёў яе на месца галоўнай служкі храма Лады, пераканаўшы вешчых старцаў у тым, што менавіта гэтай бялявай гнуткай, як ласіца, жрыцы найбольш падуладнае Будучае. Яна была тады зусім нявопытнаю, і перад выпрабаваньнем Бурыла добра яе падрыхтаваў. Найперш расказаў пра падзеі, якія хутка павінны будуць адбыцца пры двары вялікага князя, — разумны і хітры, ён ведаў многае, што было схаванае ад простых людзей. Загадзя падказаў ёй, як трымацца перад старцамі, што казаць. Бурыла вучыў яе тым таемным ведам, якія вядомыя адзінкам, і ён жа ў галоўным сьвяцілішчы Перуна, падкупіўшы служак каго страхам, каго золатам, загадаў непрыкметна павыцэджваць яд у сьвяшчэнных зьмеяў якраз перад тым, як паміж імі пройдзе, выконваючы свой галоўны іспыт, будучая вялікая жрыца. Менавіта яе бясстрашша перад зьмеямі (у душы яна калацілася ад страху, ды змагла схаваць пачуцьці) найбольш і пераканала пяцёх вешчых старцаў. Два з іх, аднак, паўсталі супраць Нары, ды калі яна перамагла, абодва праз год памерлі таямнічай, загадкавай сьмерцю….

вернуться

27

Ахрап’е — рэшткі зяленіва, што ідзе на корм жывёле.