— Старажытныя запаветы забываюцца. Хто цяпер пасадзіць на даху маладзіла, каб адвесьці гнеў Тора[30]? Расьліну тую цяпер месьцяць там, дзе паляць цела, яна стала магільнай, а прызваньне яе — славіць і павялічваць жыцьцё. І так перайначваецца многае. А пра іншыя храмы… Як жа не адгукацца? Там жывыя людзі, ім блага. Калі і я перастану душой балець за кожнага, багі адвернуцца і ад мяне. Такі закон сьвету.
— А па-мойму, закон сьвету — кожны за сябе і сваю сям’ю. За сваё Княства.
– І ты так ня думаеш, бо цябе вучылі лепшыя, чым цяперака, жрацы, але ты жывеш зямным, грэшным жыцьцём. Ты ступаеш, як на купіны ў балоце, на слабыя чалавечыя месьцейкі — хцівасьць, зайздрасьць, нянавісьць — і выйграеш, таму што яны сёньня кіруюць сьветам.
— Ну, ёсьць жа і дабро, вернасьць, адданасьць…
— Яны другасныя сёньня, а трэба, каб былі наперадзе. Тады сьвет ня будзе перакрыўляцца. А зараз ён перакрыўлены, і нават мы, жрацы, ня можам яго вярнуць да асноваў, на якіх ён быў закладзены багамі.
Альгерд задуменна круціў у руках пацямнелую, выразаную з зубрынае косткі постаць Жыжаля, якою можна падчас пэўнай камбінацыі зьняць з дошкі самога Перуна. На грудзях боства ледзь віднеўся старажытны рунічны знак — калісьці гэта быў балцкі Патолс, бог падземнага агню і памерлых продкаў.
Зямля, якою Альгерд валодаў цяпер і дзе быў вяршыняю, куды сыходзіліся памкненьні і спадзяваньні мноства люду, яшчэ з тых глыбінных часоў, куды сягалі легенды, калісьці належала балтам-жамойтам і аўкштайтам. Пасьля сюды прыйшлі славяне, і ўжо іхнія боствы пачалі авалодваць чалавечымі душамі і змагацца са старымі багамі. Але наступіў пэўны час, і ўсе яны — і славянскія, і балцкія багі зараз аб’ядналіся, каб выстаяць супраць новага, яшчэ больш магутнага бога, якому пакланяецца ягоная жонка Марыя і яе спадчыннае Віцьбескае княства, а яшчэ самае вялікае з усіх Полацкае, і Тураўскае, і Заслаўскае…
Тут, на гэтай зямлі, яны ўсё яшчэ магутныя. Ды толькі і лепшыя са жрацоў — а Альгерд ведаў усе віленскія капішчы і тых, хто там валадарыў — адчуваюць сваю слабасьць. Яна ў замутненьні, у зацьменьні агульнага чалавечага, а значыць і жрэчаскага Духу.
— Скажы мне, мудры Лойка, — асьцярожна пачаў ён, — багі ўсё ж адкрылі табе, што пакуль я жывы, мая дзяржава будзе вялікай, ад мора да мора. Але Нестар кажа, што нельга чалавеку зазіраць у будучыню, а трэба адно спадзявацца на міласьць Божую. Ці ня значыць гэта, што ён проста ня хоча нічога казаць пра тое, што будзе пасьля маёй сьмерці? Ня хоча гнявіць мяне, бо весьніку благога недарэмна калісьці адсякалі галаву. Ды і ты мне ніколі не казаў, што ж будзе пасьля мяне?
Худы, з глыбокімі маршчынамі пад упалымі шэрымі вачыма і на высокім ілбе, у белай ільняной кашулі і воўчымі каралямі на высокай шыі Лойка замаркоціўся:
— Колькі я ні тлумачыў табе, валадар, што багі — ня служкі, якіх мы выклікаем, калі захочам, ты ніяк не паверыш маім словам. Скажу табе адно — ня ведаю! Калі я прашу багоў адкрыць мне будучае нашай краіны, я бачу пажарышчы і людзей сярод багны, што, учапіўшыся адзін у аднаго, адначасна нікому не даюць выкараскацца наверх. А разам з тым — вышыні, аблокі і сонца. Так што мне ўвогуле часам здаецца, што мы ўсе, разам з нашай краінай, аднойчы ўздымемся ў Ірый і растанем там…
— А ў чым жа прычына таго, што мы, людзі, так мучым адзін аднаго, што зайздрасьць душыць нас, хаця жыцьцё такое кароткае?
Лойка не пасьпеў адказаць. У дзьверы пакою ціха пастукаліся. Жрэц незадаволена ўстаў, лёгка ступаючы, падышоў да дзьвярэй. Там стаяў спалоханы служка. Адштурхнуўшы яго, у пакой уварвалася і адразу бухнулася на калені нейкая дзяўчына. Альгерд з глыбіні пакою адразу пазнаў яе — гэта была пакаёўка вялікай княгіні Рэчыца. Лойка не пасьпеў нахмурыць бровы, як служка таропка пачаў тлумачыць, што пусьціў дзяўчыну толькі таму, што… Але Альгерд перабіў яго, адразу зьвярнуўшыся да Рэчыцы:
— Што з Марыяй?
І тут жа паправіўся:
— З вялікай княгіняй?
— Вялікі гаспадар, Родам і парадзіхамі клянуся, ня брала! Ня крала! — закрычала дзяўчына і на каленях папаўзла да яго. Зачапілася сукняй за парог і, парваўшы яе, рухалася далей, бесьперапынна выціраючы спалатнелы, заліты сьлязьмі твар. Рознакаляровыя стужкі з вяночка на галаве падалі на ейныя вочы.
Альгерд, гледзячы на яе, грозна вымавіў: