Гасьцей за вялікімі сьвяточнымі сталамі было шмат: замежныя паслы, паны-рада, зацныя людзі Вільні, купцы. На фоне чырвонай плінфы[31] сьценаў іхнія аксамітавыя, парчовыя, шаўковыя каптаны, залатыя і срэбныя фібулы, гаплікі, апухі рукавоў выглядалі ўпрыгожаньнямі самой залы, яе неад’емнымі складнікамі. Сярод іншых выдзяляліся жрацы. Яны сядзелі на асобнай лаве ў сваіх высокіх белых каўпаках, з жэзламі ў руках і белых ільняных кашулях, на якіх магічнымі ўзорамі былі нашытыя залатыя і сярэбраныя круглякі-абярогі. Адзіная жанчына сярод іх, Нара, вялікая жрыца Лады, на гэты раз уразіла ўсіх ярка-чырвонай сукняй, на якой золатам былі вышытыя трохкутнікі — на грудзях і на лоне. Сукня была з найтанчэйшага шоўку, таму ўсё зграбнае цела жанчыны, асабліва ейныя грудзі і выразныя гузічкі вялікіх смочкаў, былі як выстаўленыя на агляд, ад чаго жарсьцю, нягледзячы на строгую цішыню першых хвілінаў урачыстага абеду, запальваліся позіркі мужчынаў.
Жанчын было няшмат. Усё гэта былі жонкі самых зацных мужоў Вільні, і на кожнай было столькі ўпрыгожаньняў, што, як пажартаваў блазен Альгерда Костка, кожная коштам была з добры карабель, так што можна было пускаць іх уніз па Вяльлі.
Клопатамі як Лойкі, так і прыдворнага лекара Ганса ўстала са свайго ложа і цяпер цяжка сядзела побач з мужам вялікая княгіня Марыя, стараючыся, каб мноства цікаўных вачэй не ўпалявала таго, што рука, якою яна трымае лыжку, калодай ляжыць на стале і амаль ня рухаецца.
— Слухай, госьці пярэстыя, як птушкі ў матуліным пакоі, — шапнула старэйшая князёўна Ганна сястрычцы Еўне. Сапраўды, княгіня Марыя трымала ў сваіх пакоях мноства яркіх, як баяры ейнага двара, замежных птушак і часта раніцай ляжала ў ложку гадзінамі, разглядаючы сваіх улюбёнцаў і слухаючы іхнія галасы. Цяпер яна пачула голас дачкі і востра глянула ў ейны бок, адначасна скоса пазіраючы на свайго духоўніка Нестара, нібы баючыся прапусьціць кожны самы нязначны ягоны рух. Трывога была ў ейным паглядзе, і нешта задушлівае, як перад навальніцай, вісела ў вялізнай зале, хаця хіба маглі заўважыць высокія госьці, што сёньня не было дваіх звыклых для большасьці з іх княскіх слугаў: ні Рэчыцы, ні падчашніка Няжылы, які звычайна рабіў сервіроўку сьвяточнага абеду. А яна была няпростаю: трыста сорак сярэбраных тарэлаў стаялі на доўгіх, тканых княжацкімі, яшчэ Гедзімінавымі ініцыяламі настольніках, а паміж імі месьціліся велізарныя падносы з закусьсю: мочаным гарохам, яблыкамі, рэдзькай і іншай бацьвінай[32]. Кіраваў усімі слугамі стольнік: ён толькі паварочваў галаву — а тыя ўжо ляцелі да гасьцей, несучы то смажаных качак на срэбных падносах, то вялізных, з чалавека, шчупакоў, то наліваючы ў масіўныя кубкі з прыгожымі пукатымі ўзорамі медавіцу, настояную на руце і сьвятаяньніку.
Усе елі са смакам. Ежа ня лезла ў рот толькі аднаму Кругляцу, які сядзеў у канцы стала.
Учора вечарам Кумец прыбег да яго ў такім выглядзе, у якім, мабыць, ніхто ніколі ня бачыў прыгожага, заўсёды ўпэўненага ў сабе памочніка лоўчага: парваныя на грудзях брунатнага каптана аплікі, на бурскіх[33] дарагіх партах чорныя пырскі, лісіная шапка з зялёным аксамітавым верхам стаяла на галаве тырчком. Ён задыхаўся ад гора. Высьветлілася, што кашталян замку Нарбут, возны Сухта і земскі Капец дапытвалі ўчора Рэчыцу, і яна сказала, што ўкрала смарагдавыя каралі ў вялікай княгіні і аддала іх свайму жаніху Няжыле, якога тут жа схапілі і кінулі ў ніжняе падзямельле замку, дзе трымаюць толькі самых вялікіх злачынцаў.
— Яго, мабыць, катуюць там, а я нічога не магу зрабіць! Я рваўся да вялікага князя, але кашталян сказаў, што пасадзіць і мяне, калі я буду перашкаджаць сьледству. Я хацеў сустрэцца з Сухтам — мы добра знаёмыя, — але і ён мяне не прыняў!
— А можа, нячысьцікі сапраўды спакусілі дзяўчыну на гэткае злачынства? — асьцярожна запытаўся Круглец, зачыніўшыся з Кумцом у самым аддаленым пакоі, каб іх не падслухаў ніводны са слуг.
— Я магу прайсьці вялікі агонь праўды[34], каб даказаць, што брат мой ня злодзей і ня дурань, бо такую каштоўнасьць нават прадаць ня так проста! Ды і хіба патрэбныя яму гэтыя каралі! — гаварыў Кумец, захлынаючыся словамі. — І можа, Рэчыца таксама ня брала іх. Бо яе відавочна прымусілі паказаць на Няжылу! Але навошта?!
Яны доўга абмяркоўвалі, як і да каго трэба зьвяртацца, каб даведацца, што ж адбылося насамрэч. Цяпер, на гэтым сьвяточным абедзе, куды на вялікае зьдзіўленьне хлопца запрасілі і сына пасла Леся, Круглец абдумваў магчымасьць зьвярнуцца альбо да самой вялікай княгіні, альбо да земскага Капца, якога ён ведаў з дзяцінства. Як дазнацца пра вытокі гэтага незвычайнага крывапрысяжства, калі нявеста сьведчыла супраць свайго жаніха? Што стаіць за ўсім гэтым? Ён і сумняваўся, і верыў Кумцу, якога ведаў з дзяцінства. Ведаў яго праўдзівасьць і разам з тым лёгкадумнае жаданьне ўцехі, таму і ня надта хацеў для сваёй сястры Уны такога мужа. Захапляўся Кумцовым умельствам у стральбе — і зьдзіўляўся нежаданьню таго хоць зрэдку зазірнуць у скрыпторый і даведацца мудрасьці старажытных.
34