Выбрать главу

І тады вялікая жрыца, дачакаўшыся, калі Кумец будзе праходзіць міма, і ўсе погляды скіраваныя на яго, спыніла памочніка лоўчага, учэпіста-жорстка, але з лагоднай усьмешкай узяўшы таго за рукаў.

— Пакажы, Кумец, рысіныя зубы, якія табе, кажуць, падарыў брат-злачынца. Магчыма, некалі ён аддасьць табе і смарагдавыя каралі, на якія можна купіць палову Вільні!

Яна добра ведала, калі і пры якіх абставінах нават ціхія словы прагучаць аглушальна. Усё адразу сьціхла. Гаманліва-рознакаляровая купа прыдворных нібы скамянела. Круглец, які стаяў у купе прыдворных, адчуў, як глуха тахнула ягонае сэрца. Увесь час ён адчуваў набліжэньне бяды — і яна прыйшла спачатку да Кумца, якога, як ён здагадваўся, кахала Уна. А значыць, бяда прыйшла і ў іхні дом.

— Дык пакажы! — працягвала Нара.

Знарок ляніва, як бы гуляючы, яна пацягнулася да грудзей лоўчага, не адпускаючы яго (Кумцу здалося, што ейныя кіпцюры, нібы ў страшнай Стрыгі, імгненна вырасьлі і ўпіліся ў ягонае сэрца), расшпіліла аплік, другі… Нізкі яе голас прагучаў для хлопца аглушальна:

— Ды ў яго тут, аказваецца, крыж! Ты — хрысьціянін?

І амаль імгненна з купы жрацоў пачуўся гучны голас Бурылы:

— Якая ганьба!

І слугі, што стаялі за вялікім жрацамі, зладжана падхапілі:

— Ганьба!

— Якая ж гэта ганьба? — падаў голас Нестар. — Отрак сей спадобіўся Хрыста, як і вялікая гаспадарыня наша…

Але ягоны голас патануў у воклічах, што, здаецца, ляцелі з усіх куткоў вялізнага двара:

— Ягоныя дзяды ў сваіх дубовых калодах перавернуцца!

— Попел іх у пыл ператворыцца!

— Вось чаму і брат яго стаў злодзеем!

І, нарэшце, грозна і гучна раздалося з купы жрацоў:

— Ты абяцаў нам, князь Альгерд, што твая жонка і яе служка ня стануць спакушаць нашых вернікаў!

Вялікі князь, які стаяў сярод усяе гэтай мітусьні адзінока і спакойна, назіраючы за тым, што адбываецца, дачакаўся цішыні. Усе глядзелі на яго. Ён гэтак жа спакойна і велічна зьвярнуўся да Кумца, што той, падобны да толькі што злоўленага зайца, нібы здранцьвеў у кіпцюрах вялікай жрыцы:

— Я апекаваўся табой, як сынам, бо бацька твой шмат выручаў нас у паходах. І ведаю, што ты не адрокся ад старадаўняй веры. Дык скажы праўду: крыж ты носіш толькі з павагі да княгіні, ці ня так?

Гэта была падказка. Выратавальная вяроўка, па якой грэшнік з бездані выкараскваецца наверх. Бурыла пачырванеў так, быццам уся кроў ударыла яму ў галаву. Кумец паглядзеў на Марыю. Яе заступніцтва магло б дапамагчы. Яна бачыла яго ў храме. Значыць, для Альгерда ў тым таксама не было сакрэту. Але цяпер, выкрытае перад усімі, яго хрышчэньне сапраўды выглядала злачынствам.

Вялікая княгіня млява і няўцямна глядзела перад сабой. Яна, мабыць, нават не разумела, пра што ідзе гаворка. Уся яе пастава сьведчыла: ёй блага, яна вось-вось страціць прытомнасьць, але стараецца трымацца ў крэсьле, нібыта яно, крэсла, само жыцьцё, якое ёй так ня хочацца пакідаць.

Гурба людзей напружана чакала, што ж адкажа Кумец. І той, бледны, як мярцьвяк у дубовай калодзе, ня мог расьціснуць зьледзянелых вуснаў. Ён, які не ўздымаў вачэй на навакольных, а бачыў толькі Гаспадара і ягоную жонку, раптоўна нейкім неспасьцігальным чынам спасьціг бязьлітаснасьць зялёных вачэй Бурылы, старанна схаванае акруценства кашталяна Нарбута, аблуднае і халоднае лязо вуснаў Нары. Узгадаў вокамгненна, як два гады таму на ловах вялізны сякач са страшнымі паўмятровымі ікламі пратараніў і раскідаў ахову Альгерда. І ён, Кумец, кінуўся напярэймы, пасьпеўшы за якое імгненьне да непапраўнага ўсадзіць свой востры корд якраз у разьятранае сэрца кабана і выратаваць гаспадара Княства.

— Не маўчы — кажы!

Нешта ўсё ж паспрабавала выказаць вялікая княгіня, але рука Альгерда непрыкметна сьціснула яе так, што Марыя ледзь не закрычала.

— Твой брат злодзей, так, але ты… ты заўсёды верна служыў багам і мне. Я ведаю, што сьвяцілішча Лады заступіцца за цябе.

Маўчаньне запанавала пасьля гэтых слоў вялікага князя. Але доўжылася яно нядоўга.