За шэсьць гадоў, якія прайшлі пасьля гібелі Гедзіміна, шмат што зьмянілася ў Вільні. На сталец[2] спачатку сеў малодшы з братоў — княжыч Яўнут. Тады Няжыла так і ня змог стаць падчашым пры двары, хаця тая служба павінна была дастацца яму — так абяцаў Драмаку вялікі князь Гедзімін. Але Яўнут не зьбіраўся даваць ганаровую пасаду прыдворнага таму, хто служыў ягонаму брату і галоўнаму суперніку — Альгерду. Альгерд сядзеў у Віцьбеску, у родавым гнязьдзе сваёй жонкі Марыі, і Няжыла зусім ужо ўзбурыўся ехаць на службу да яго, але ўсё хварэла, ніяк не магла ачомацца іхняя маці, ды і сёстры падрасталі, трэба было шукаць ім добрых жаніхоў.
Але неўзабаве Альгерд і яго стрыечны брат Кейстут скінулі Яўнута — той падчас аблогі зьбег з замку ў адным кажушку, ледзь ня босы. Вярнуўшыся ў палац праз тыдзень пасьля ўкнязяваньня Альгерда, Няжыла адразу ж атрымаў месца хаця і ня чашніка, які адказваў за вінныя падвалы, але яго памочніка, што адразу паставіла яго ў трэці шэраг прыдворных. Першы, як усім вядома, займае маршалак, канцлер, земскі ды ваявода. Другі — кашталян і яго штат, уключаючы чашніка. А памочнікі — яны таксама могуць многае, і віленская знаць хіліцца перад імі часам ці ня больш, чым перад іхнімі чальцамі…
Узвышэньне Няжылы ня ўсе прынялі аднолькава. Яўнутавы стаўленік Кісель, які займаў раней гэтае месца, прыціх, стаіўся і болей не паказваўся нідзе — ні ў капішчах на сьвяты, ні ў дні народзінаў вялікага князя ці ягонай княгіні Марыі, калі на замкавым двары зьбіраецца ледзь ня ўся Вільня — купцы і рамесьнікі, баяры і сьмерды. А за Кісяля прасіў некалі сам ваявода Гаштольд, і цяпер ён непрыязна глядзеў на новага падчашага, калі той слугаваў за сталом вялікага князя.
А праз нейкі час Альгерд наблізіў да двара і малодшага брата, ды таксама на зайздроснае месца — памочнікам галоўнага лоўчага. Паляваньне — вялікая ўцеха амаль усіх валадароў, таму слугам толькі пасьпявай круціцца — даглядаць сокалаў, ганчакоў, выменьваць ды купляць лепшае ў краіне дый сачыць, ці ёсьць што вартае зайздрасьці пры іншых каралеўскіх ды княжых дварах. Узвышэньне братоў ашчасьлівіла іх маці, яна ўстала з ложка, і хаця з цяжкасьцю, але зноў узялася гаспадарыць у двары. Пайшлі ў хату адзін за адным і сваты. За апошні год выдалі замуж абедзьвюх сясьцёр — Бярозу і Радагосту. Адну — за гарадзенскага вознага, другую за віленскага купца Чура, і ў абедзьвюх сем’ях ужо чакаліся першынцы.
Няжыла, зьбіраючыся на сёньняшнюю ахвярную дзею, пачуваўся зусім шчасьлівым. Учора, калі князь прыехаў з ловаў і дужа хваліў сваіх лоўчых за ўдалае паляваньне, на яго брата Кумца ласкава паглядзела сама княгіня Марыя. Вечарам князь упадабаў аздабленьне стала, і зноў княгіня ласкавым позіркам аддзячыла памочніку падчашага Няжыле, а з-за яе сьпіны кінула на яго хітра-прывабны погляд ейная прыслужніца, дачка багатага купца Баравіка Рэчыца. Княгіня ўзяла дзяўчыну насуперак парадам старых прыдворных, якія ківалі, што дзяўчына не з баярскага роду.
Яе бабуля аказала некалі маладой Марыі важную паслугу, зьняла з яе твару вогнік[3], і ўдзячная княгіня ўзгадала пра яе, калі села разам з Альгердам на вялікакняскі пасад. Рэчыца — не прыгажуня, але ёсьць у ёй тое, што падабаецца Няжыле — надзейнасьць і моцнае здароўе. Магутныя клубы, румянак на шчоках, кроў, здаецца, ажно кіпіць… Вядома, калі яны пабяруцца, ён даможацца, каб жонка пакінула гэтую службу, хай і занадта шаноўную для яе радні. Занадта многа ласых да дзяўчат малойцаў ашываецца пры двары…
Невысокі, каржакаваты, Няжыла быў зусім не падобны да свайго прыгажуна-брата, але, можа, якраз таму і любіў яго, спадзяваўся, што Кумец атрымае некалі вялікую пасаду пры двары. Што ён у параўнаньні з братам, які страляе з лука лепей за ўсіх прыдворных? Хто і ўзімку пераплываў імклівую Вяльлю, хутчэй за ўсіх караскаўся на сьвяточны слуп перад замкам, калі зьняць галоўны прыз з немалой вышыні зьбіраліся лаўкачы ледзь не з усяго Княства?
Стаць бы першым памочнікам чашніка, потым, калі дазволіць Пярун, і самім чашнікам, мець добры двор, жонку і шмат дзяцей — пра што яшчэ марыць? А вось Кумец з яго прыгажосьцю мог бы… можа, нават ажаніцца з дачкой маршалка альбо кашталяна, а то і ваяводы, а з цягам часу і самому ўзьбіцца на адну з гэтых пасад. Ён разумны і разважлівы. Няжыла на свае вочы бачыў, як сястра знатнага баярына Кругляца, далёкага іх родзіча, глядзіць на брата закаханымі вачыма. Ды колькі іх, такіх юных дзяўчатак, зіркае на брата з надзеяй і зацікаўленьнем?
3