Малодшы адказваў нехаця. Ён быў яўна прыгнечаны. Жрэц, які краўся ззаду, даведаўся з размовы, што ён заўтра ідзе да Кругляца. Здаецца, гэты Круглец таксама служыў у замку, бо размова ішла пра тое, каб паклікаць яго пасьля службы на бяседу, што ладзілася ў адной з мураванак пад замкам. Усё гэта былі дробязі, ня вартыя таго, каб іх слухаць. Аднак жа Мікша ведаў — чым болей дазнаешся пра набліжаных да валадароў людзей, тым больш моцным робішся сам. І праўда: у размове нарэшце прагучалі словы, які прымусілі Мікшу навастрыць вушы: Кумец прыязна ставіўся да хрысьціянства! А гэта ўжо была нагода, каб ісьці за братамі. Якраз таму, што жонка вялікага князя была хрысьціянкай, жрацы раўніва сачылі за кожным крокам самога Альгерда — ці моцна абараняе ён язычаства? Адна справа жонка — яна прынесла княжычу Альгерду Віцебскае княства, ён змушаны быў ахрысьціцца. Але тут, пры двары, хрысьціянам хадоў не было. Альгерд не ўтрымаўся б на стальцы, калі б жрацы ў свой час не падтрымалі яго, а найперш ягонага брата Кейстута, зацятага язычніка. Аднак і ў жрацоў не было сілы, каб узьвесьці на сталец самога Кейстута, больш любага ім, чымся Альгерд. Ды Альгерд валодаў вялікімі землямі на ўсходзе, куды большымі, чым былі ў Кейстута. А сутыкнуць стрыечных братоў значыла б разьвязаць вялікую калатнечу. І таму яны цярпелі Альгерда. Пакуль што, да лепшага часу…
Браты даўно схаваліся ў двухпавярховай пабеленай мураванцы, дзе яны жылі разам з маці, а былы вярхоўны жрэц Мікша стаяў ля вугла і пазіраў на высокія вокны, зацягнутыя не слюдой, як амаль ва ўсіх дамах у Вільні, а дарагім шклом. Твар яго крывіўся і зайздрасьцю, і бясьсільнай злосьцю.
Як спыніць новае вучэньне, чым выпальваць яго ў душах? Як змагацца за веліч багоў, якім пакланяліся спрадвеку?
Поўня, што адзінока і велічна плыла над Горнім замкам, на імгненьне кранула яго сваім серабрыста-жоўтым промнем, і ён пасьпешліва адхіснуўся ў цень, каб ніхто, нават поўня, не маглі пабачыць ягонага твару…
КРУГЛЕЦ
Сын памерлага пасла Леся, некалі ўлюбёнца самога Гедзіміна, Круглец рос у атачэньні тых, каго віленскі люд уважаў за вышэйшую ўладу Княства. Прыгожы кучаравы хлопчык, кругленькі, як снапок лёну, ня раз сядзеў на каленях вялікага князя, калі той прыязджаў у іхны дом, каб падчас вячэры пагутарыць з бацькам пра хітрыя стасункі з замежнымі краінамі, а таксама абгаварыць патаемнасьці свайго двара, якія маглі ведаць зусім нямногія.
Калі сын стаў падрастаць, бацька аддаў яго спачатку ў школу пры замку, дзе вучыліся дзеці прыдворных і паслоў, але пасьля, першы ў краіне, завёз сына ў Нямеччыну, каб там спасьцігаў ён навуку, якая ўзвышае чалавека амаль да Бога.
Можа, таму, што мала бываў у сваёй краіне і быў чуйны да новага, Лесь першым з паслоў Княства прыняў хрысьціянства. Праўда, ахрысьціўся паводле ўсходняга абраду і ў самым канцы жыцьця, але Гедзімін гэтага ніколі ня ўведаў. Ягоны пасол, вяртаючыся дадому, старанна, разам з усімі прыдворнымі, наведваў найважнейшыя капішчы і кланяўся багам як належала. Калі жрацы мазалі чалавечай крывёй вусны прыдворных, ніводная жылка на ягоным твары не выдавала, што насамрэч адчуваў ён у тыя хвіліны — пасол умеў хаваць пачуцьці. Ён езьдзіў у многія краіны сьвету, асабліва часта пасылаў яго Гедзімін у Рым, каб перадаць самому Папу чарговае пасланьне. Тое, што пасол пад старасьць сабраўся наведаць грэцкі Царгорад, ды яшчэ разам з сямействам, нікога не зьдзівіла — праваслаўныя баяры Полаччыны, Наваградка, Турава ды іншых гарадоў Княства здаўна, пакаленьне за пакаленьнем, пакланяліся менавіта царгародскім сьвятыням. Нават і тады, у амаль легендарныя часы, як Царгорад належаў рыцарам заходняга абраду[5], плынь гэтая не мялела. Езьдзілі ў Афон да манахаў, падарожнічалі па манастырах, асабліва ж любілі Улахерну[6], цуды якой былі зьвязаныя з домам Усяслава Полацкага.
Для маладога Кругляца падарожжа ў Візантыю стала нібыта вялізным нажом, што разрэзаў яго жыцьцё на дзьве палавіны. Тое, што засталося ў першай, ужо пражытай — і вясёлыя калядаваньні, і юрлівыя шаленствы купальскай начы, і таямніча-страшныя ахвярапрынашэньні ў капішчах паганскіх багоў, і яшчэ многае іншае, чым жыў і што здавалася звыклым і прыемным, — усё гэта адышло кудысьці ў незваротнае. Прыйшло іншае, уладна захапіла душу і не адпускала. Сталася ўсё гэта ў час падарожжа ў Цар-горад, дзе сустрэлі і пранізалі душу хлопца-язычніка вочы мазаічнага Хрыста на сьцяне велічнага храма сьвятой Сафіі. Былі ў гэтых вачах тужлівасьць, але адначасна і непарушны спакой, і спагада, і разуменьне… Было тое, чаго не давалі навукі ва універсітэце, на што не маглі знайсьці адказу жрацы ў капішчах, хаця яны ведалі хаду зорак і прадказвалі зацьменьні і мор.
5
Захоплены ў 1204 годзе ўдзельнікамі вызваленьня Труны Гасподняй, заходнімі рыцарамі, Царгорад быў у 1262 годзе адваяваны назад Міхаілам Палеолагам.
6