Ён памятаў кожны свой крок у агромністым, ці не да нябёсаў, храме сьвятой Сафіі, дзе ў гулкай пустэчы рэхам адгукаліся самыя ціхія рухі. І тое імгненьне, калі спыніўся ля зеленаватай калоны з парфіру, падобнай на высачэзны дуб у сьвятой дуброве за замкам Гедзіміна. Якраз каля яе архірэй Нікас распавядаў бацьку пра спляценьне пальцаў на руках у сьвятых, мазаічныя выявы якіх глядзелі на наведвальнікаў. Гэтыя спляценьні правераныя стагоддзямі, яны кіруюць боскае сьвятло ў тыя ці іншыя чалавечыя органы, дапамагаюць пры розных хваробах і называюцца мудрамі[7]. Круглец жа любаваўся на мазаічныя фрэскі, дзе залацістая смальта нібы сьвяцілася ў паўцемры храма. Раптоўна вочы яго, якія да гэтага няўцямна сьлізганулі па фрэсцы, зноў сустрэліся з жывымі, пранізьлівымі і разам з тым спакойнымі вачыма Хрыста.
Ён застыў, нібы ў яго адняліся ногі. Разам з тым адчуў, што ўсю ягоную істоту напаўняе нейкае новае для яго пачуцьцё — магутнае, як марская хваля, з тых, што нядаўна ўзносілі і кідалі іхні карабель на Понцкім[8] моры. І гэтае пачуцьцё было любоўю.
Круглец любіў маці і бацьку. Ён любіў гульбішчы, калі жанілі Цярэшку ці гукалі вясну і калі можна было прыціскацца да пругкай і гнуткай, як маладая вярбіна, дзеўкі. Усё роўна, хто была яна — дачка баярына ці прыдворнага блазна, ці — аднойчы — нават дачка вялікага князя. Ён любіў сустракаць узыходы сонца, калі пасьля бяссоннай ночы, праведзенай у княскім скрыпторыі над кнігай, з вышыні замкавай гары добра было глядзець, як павольна, велічна ўстае з-за сіняватай, пасыпанай ружовым попелам хмары залаты бог сонца Сур’я[9]. Любіў блінцы, посную драчону на макавым малацы, флячкі — рубцы з падліўкай… І пергамены, на якіх пісцы золатам і цынобраю[10] выводзілі літары. Зьведаў ён хвіліны найвялікшай радасьці, калі браўся чытаць вяроўчатае пісьмо, якое памяталі ўжо нямногія жрацы… Любіў таксама свае варцобы з рога тура, залатую чашу для пітва. І многае іншае, чым шчодра надзялілі яго багі.
Але ніколі, ніколі не абыймала яго душу такая гарачая пяшчота да навакольнага, ніколі ня поўнілася ягонае сэрца такой спагадай… У гэтую хвіліну, што, здавалася, доўжылася вечна, ён узгадаў свайго старога служку Вусеня, якога штурхануў штосілы, калі той падаваў брэцьяніцу з мядовым пітвом і незнарок праліў трохі вільгаці на яго расшытыя золатам нагавіцы. Тады Вусень, адляцеўшы да сьцяны і ўдарыўшыся ў яе так, што заняло дых, ссунуўся на падлогу і сьмешна лыпаў вачыма, стараючыся хапануць паветра, а яны, маладыя, весела рагаталі з яго сьсінелага маршчыністага твару і каравых рук, якія варушыліся, як клешні ў злоўленага рака. Успомнілася Кругляцу і тое, як, палюючы на мядзьведзя, злавілі яны, маладыя баяры, у князевых уладаньнях сьмерда, што ўпаляваў зайца, і як, атачыўшы яго, штурхалі коньмі на сярэдзіну кола, а ён, утоптваючы сьнег каленьмі, дзе на пералатаных портах адразу ж зацьмянелі вільготныя кругі, маліў аб дараваньні. Ды не дапрасіўся — яны, гікаючы, урэшце затапталі яго і, не сышоўшы з коней, паімчаліся прэч, гнеўныя, але задаволеныя… І яшчэ, і яшчэ…
Пры тым ўспаміне сэрца моцным штуршком ударыла ў грудзі. Стала так цяжка, быццам усе ягоныя правіны абярнуліся жалезьзем і пацягнулі некуды ў бездань, як няшчаснага, што ў латах трапіў пад лёд.
— Што з табою, сыне?
Толькі тады Круглец заўважыў, што і бацька, і архірэй Нікас пільна глядзяць на яго.
— Ты зьбялеў. Табе блага?
Цяжка прамаўляючы словы, ён азваўся:
— Штосьці ў грудзях… Даўка…
Архірэй узяў ягоныя рукі, склаў вялікі і ўказальны пальцы. Сьціснуў іх. Ад гэтага служкі хрысьціянскага бога пахла духмянымі зёлкамі, ягоная простая чорная вопратка, аздобленая толькі залатым медальёнам на тоўстым ланцужку, здалася Кругляцу сьветлай. І хлопец абвострана, амаль празорліва адчуў у гэтым высокім, худым, з пранізьлівымі чорнымі вачыма грэку часьцінку тае магутнай, спагадлівай, усёдаравальнай сілы любові, якой так неспадзявана напоўнілі яго душу багі. Багі? Не, тут іх няма — ні Перуна з яго залатой барадой і залатымі вусамі, ні Вялеса з нагамі, запырсканымі крывёю ахвяр, ні ўладаркі мораку і сьмерці Мары… Тут ёсьць толькі адзін бог, загадкавы Хрыстос, які спалучае ў сабе ажно тры сілы, тры іпастасі. Але яму, Кругляцу, у гэтым ніяк не разабрацца. Гэта занадта складана і… і ўвогуле яму непатрэбна.
Нешта ў ім запярэчыла ўсяму, што адбывалася тут — і храму, і выявам сьвятых, і самому архірэю…
7
9
Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што назва горада Сураж (у Віцебскай і Гродзенскай вобласьці ёсьць такія ж назвы, а таксама і Суражская нізіна паміж Гарадоцкім і Віцебскім ўзвышшамі) паходзіць ад імя арыйскага бога сонца — Сур’я.