Выбрать главу

— Ці не зьбіраешся ты, вялікі князь, сам паехаць за ёю? — з усьмешкай паглядзеў на яго жрэц.

— Я не хацеў бы, каб за ёю паехаў ты, — таксама нібыта жартуючы, усьміхнуўся і Альгерд. — Тут столькі ўсялякіх спраў, як жа мне спраўляцца без цябе?

— Якраз я і хачу пагаварыць пра справы, — Бурыла адразу перайшоў на заклапочаны тон, паказваючы, што ўсё, аб чым яны тут толькі што гаварылі, было ня самым значным.

— Кажы. Пра што ты?

— Пра тваю жаніцьбу, княжа, — цьвёрда гледзячы ў вочы Альгерду, адсек вярхоўны жрэц.

— Гэтым займаюцца паны-рада. Ды і ня час: усяго сорак сем дзён прайшло, як княгіня памерла.

— Гэтыя звычаі ўвялі хрысьціяне. Нашыя ж гавораць пра тое, што адразу пасьля трызны, калі праводзілі душу ў Ірый, кожны зноў можа выбіраць сабе спадарожніцу жыцьця. Яшчэ раней жонкі абавязкова ішлі ўсьлед за мужам, але ўжо Гедзімін пакінуў зямны сьвет без гаспадыні. Думаю, душы яго там няўтульна. Але так захацелі вы, ягоныя сыны, і мы, жрацы, праявілі слабасьць.

– І каго ж вы, жрацы, мне знайшлі? Ці яшчэ шукаеце?

Альгерд казаў гэта проста, як быццам гаворка была для яго сапраўды новаю. Бурыла страсянуўся:

— Ты ня раз чуў пра гэта!

– І ўсё ж скажы яшчэ раз.

— Я кажу пра сястру вялікай жрыцы Нары Дзівейну!

– І зноў жа: я ня раз адказваў табе. На гэта ня пойдуць паны-рада. Жонка павінна прыносіць дзяржаве землі, багацце, сувязі з саюзьнікамі.

— Гарачае пачуцьцё — гэта таксама скарб. Нашы продкі аб тым ведалі і карысталіся гэтым. Усё занядбаньне на зямлі ідзе ад таго, што сталі думаць, як выгадней. А трэба кіравацца запаветамі любові і сьвятла.

…Калі б гэта казаў Лойка! Лойку Альгерд верыў і, гаворачы з ім, скрушна думаў аб тым жа. А яшчэ аб тым, што ён, гаспадар Княства, ня можа кіравацца пачуцьцямі, нават калі б хацеў, а мусіць рабіць тое, што робіць увесь сьвет: наступае, абараняецца, захоплівае, захоўвае і прымнажае — землі, багацьце, скарбы, якімі купляецца ўсё наўкол. Не, ня ўсё, — паправіў ён сам сябе. — Але тое, што не купляецца, і ня цэніцца ў сьвеце…

Бурыла сам рабіў гэтак жа: цікаваў, дзе лаўчэй можна дабіцца свайго. Купляў, калі трэба было. Загадваў, але калі ня мог дамагчыся свайго сілай, то ўпрошваў, угаворваў, але і быў да супраціўнікаў бязьлітасным.

— Згодны з табою. Але менавіта за гарачае пачуцьцё да новага бога і сядзіць у цямніцы мой лоўчы Кумец. Ягоны брат Няжыла яшчэ не апраўданы.

— Гэта іншае. Няжыла пакаяўся ва ўсім, і таму я прашу выпусьціць яго на свабоду.

— Ты ня просіш за другога?

— Ён страшэнны злачынца, бо грашыць супраць багоў. У яго гарачае не пачуцьцё, а духоўнае асьляпленьне, і гэта тым болей небясьпечна. Але…

Бурыла спыніўся, нібы захрасла ў горле. Абяцаньне, якое ён гатовы даць, ня ўзгоднена са жрацамі. Ды што рабіць з нязломкам-князем?! І ён дакаўтнуў словы:

— Жрацы, калі ты так хочаш, нават даруюць яму грахі — у дзень твайго вясельля. Ён наўрад ці адмовіцца ад свайго хрысьціянства, але мы ведаем, як ты яго любіш, і нешта прыдумаем…

— Я б не хацеў сёньня гаварыць пра вясельле!

— Я не настойваю, гаспадар. Мы так цябе любім, што ня хочам брацца з табой у сутонкі…

Бурыла усё ж падлавіў яго на агаворцы «сёньня». Значыць, размова ня скончаная. Князь не адцураецца Дзівейны, тым супрацьпаставіўшы сябе жрацам!

Альгерд пабачыў, як задаволена бліснулі зялёныя вочы на твары жраца. Каторы раз супакоіў сябе: «Мне конча трэба выйграць час, каб пасьля ставіць свае ўмовы ім. Колькі ж мне яшчэ працягваць гэтую гульню!»

Бурыла ўстаў, тым паказваючы, што ён задаволены размоваю. Але ўсё ж напомніў:

— Загадай, гасудар, выпусьціць з вязьніцы Няжылу. Як бы добра было, каб ты ўзяў яго назад у замак. Гэта быў бы знак тваёй бязьмернай літасьці да ўсіх адшчапенцаў.

— Зламаны, ён вам ужо ня страшны? Добра, я вярну яго ў замак.

— Я рады, што мы паразумеліся, вялікі князь, — Бурыла падняў руку над галавою Альгерда, і таму, хоць і міжволі, давялося схіліць яе перад жрацом Перуна…

СЁСТРЫ

Сьвяцілішча багіні Лады поўнілася ажыўленым, адданым людам і ў гэты пахмурны сакавіцкі дзень. Вялікая жрыца са сваёй сьвятліцы зьверху, праз патаемныя адтуліны ў сьцяне, назірала за рэдкімі мужчынскімі постацямі сярод стракатага натоўпу жанчын. А тыя то клалі вянкі і прынашэньні перад алтаром багіні, то ўкленчвалі перад ёю, расьсьцілаючыся на падлозе, то стаялі на каленях, закрыўшы твары рукамі, дасылаючы Ладзе свае просьбы і самыя патаемныя жаданьні.

Абедзьве сястры адпачывалі. Зірні хто зьверху на сьвятліцу, дзе яны сядзелі, параўнаў бы яе з прыгожай клеткай, дзе ўладкаваліся дзівосныя птушкі: чырвоная прасторная сукня Нары і лазуровы каптан Дзівейны, залатыя і срэбныя бранзалеты, колты, абручыкі надавалі абедзьвюм жанчынам падабенства з яркімі заморскімі шчабятуньнямі. І сьвятліца адпавядала таму высокаму становішчу ў Вільні, якое займала вялікая жрыца: сьцены былі абцягнутыя сьветла-жоўтым атласам, на бялюткім абрусе месьцілася чарнёнага серабра амфара з пахкім грэчаскім віном і такія ж кубкі. На круглай пукатай тарэле грувасьціліся крутабокія чырвоныя яблыкі. У куце дымілася празрыстым духмяным дымам пазалочаная курыльніца. Сёстры ледзь ня грузнулі ў мностве маленькіх падушак, а ногі ў мяккіх поршніках паклалі на ніжнюю вузкую лаву, усьцеленую белай аўчынай. Адтуліны ў сьцяне маскаваліся пад узоры, выкладзеныя алавастрам. Нара паказала на чарнавалосую, у пышным вяночку дзяўчыну, што стаяла на каленях: