— Каханка майго дзядзькі Нарбута. Прыходзіць штодзень вось ужо месяц, і дзядзька па маёй просьбе зрэдзь, пасьля кожнага ейнага маленьня, сустракаецца з ёю. У кожнай з іх плача сэрца, — сказала яна і пагладзіла па плячы Дзівейну.
— Сюды цягнуцца пераважна жанчыны. Учора жаданыя для мужчыны, сёньня яны робяцца для яго звыклымі, а пасьлязаўтра — надаеднымі, і ён жадае іншую жонку альбо наложніцу.
— Хрысьціянства тое забараняе, — адгукнулася Дзівейна.
— Хрысьціянства выгаднае жанчыне, бо сужонак вымушаны браць яе на ўсё жыцьцё. Але ж… гаспадар сёньняшняга жыцьця мужчына, і таму якраз ён — галоўная апора нашага храма. Як ваўку патрэбная спажыва, так і мужчыне — сьвежаніна, жаночае цела. А значыць, колькасьць няшчасных не паменшыцца, і яны будуць вечна хадзіць у наш храм!
— Калі вялікі князь не ажэніцца са мною ў царкве, а проста тройчы абвядзе вакол сьвяшчэннага дуба, то я таксама магу яму хутка надакучыць, — усьміхнулася Дзівейна.
— Гэтага не дапусьцім мы. Ён павінен паказаць усяму сьвету, што шануе старых багоў. Што ягоная краіна ня стане хрысьціянскай. А што да надакучнасьці… Хочаш, я раскажу табе пра разумную жонку. Яна жыла недзе там, на ўсходзе, сярод касавокіх народаў. І муж яе, уладыка краіны, пакахаў маладзенькую прыгажуню і ўзяў яе ў дом. Тады жонка пасябравала з прышлай і стала дагаджаць ёй, як толькі магла. Што тая ні пажадае — яна ёй дорыць і ўсяляк задобрывае… Калі пра гэта даведаўся муж, ён надта ўсхваліў сваю жонку: «Такімі паводзінамі яна паказвае, што падпарадкоўваецца майму жаданьню і паважае іх!» І вось, калі абедзьве жанчыны так пасябравалі, што, здаецца, не маглі жыць адна без адной, маладая папрасіла парады, як ёй сябе паводзіць, каб каханьне ўладыкі да яе было яшчэ мацнейшым. І тады старая жонка сказала: «У табе ўсё яму падабаецца, апроч носа. Ты прыкрывай нос хусткай альбо наміткай, і ўсё будзе добра». Праз нейкі час уладыка запытаўся ў сваёй старой жонкі, чаму маладая ўвесь час прыкрывае нос. «Ах, навошта табе гэта!» — закапрызіла жанчына. Калі ж той пачаў настойваць, нехаця прызналася: «Яна такая цудоўная, што даверыла мне страшную таямніцу, якую я расказваю табе толькі таму, што не магу адмовіць табе, усемагутнаму». — «Дык што там з ёю?» — дапытваўся цар.
— Зьлітуйся! Яна не пераносіць твайго паху.
— Ах вось як! Яна не пераносіць майго паху! — зароў абражаны мужчына. — У такім разе, адрэзаць ёй нос, і зараз жа!
І маладой дурніцы тут жа адрэзалі нос…
Дзівейна адкінулася на крэсла, паглядзела на Нару, і абедзьве жанчыны ад душы расьсьмяяліся.
— З такою дарадчыцай, як ты, я не баюся ніякіх памылак, — сказала малодшая сястра.
– І добра. Вер мне, і ўсё будзе па-нашаму, — прамурлыкала вялікая жрыца. — На наш век яшчэ хопіць усяго — і багацьця, і багоў, а там… там, у будучым, усё яшчэ можа зьмяніцца. Ды мы зможам глядзець на ўсё гэта здаля, з Ірыю, і будзем там гэтак жа, як зараз, сьмяяцца… А пакуль — стань вялікай княгіняй, і хай табе дапаможа абярэжніца каханьня!
— А што, калі яна, наадварот, мне… адпомсьціць? — сьцішана запыталася дзяўчына. — Я не кахаю Альгерда, больш таго — баюся яго.
— Пра гэта ня думай! — амаль прыкрыкнула на яе сястра. — Гэта справа жрацоў. Я прымушу князя, каб ён заўсёды хацеў цябе, і каб таго юру было даволі для абодвух!
Наступіла маўчаньне. Дзівейна глядзела ўніз на жанчын, якія раскладалі свае няхітрыя падарункі перад выявай багіні Лады, і аб нечым думала, нахмурыўшы бровы.
— Я веру табе, сястра. Але і табе не заўсёды ўсё ўдаецца. Той малады прыдворны, які табе падабаўся… не застаўся з табою, калі ты таго захацела…
– І дзе ён цяпер? — адрывіста адказала жрыца. — У цямніцы, дзе яго грызуць пацукі і сырасьць выядае гарачыню крыві… Ён неўзабаве стане кастратам… Нават калі застанецца жывым, ніколі ня зможа больш любіць жанчыну так, як таго патрабуюць багі…