— Затое я чула, што пад ягонае акенца зьбіраюцца людзі і слухаюць яго словы так, як ня слухаюць многіх жрацоў…
— Ты гэта чула? Сапраўды?
Нара ўскочыла, скінуўшы пульхную аксамітавую падушку, на якой сядзела. Сказала заклапочана:
— Трэба будзе сказаць пра тое Бурылу.
І, пацягнуўшы носам, раптам перамяніла тэму:
— Нехта з гэтых няшчасных прынёс у сьвяцілішча выдатную медавуху. Для Лады яна не патрэбная, а нам… Апошнім часам у мяне нешта стыне кроў, так што ня шкодзіць трохі сагрэцца. Як ты, вялікая княгіня?
— Не суроч, сястра! — апасьліва прашаптала Дзівейна. — Нешта неспакойна ў мяне на сэрцы. Пакуль ня стану валадаркай…
І з раптоўнай гарачнасьцю амаль крыкнула:
— Каб ня ты, ня вы ўсе… я ляжала б у абдымках Бусла, аднаго з Ашвінаў, і кахала б яго! У яго гладкая скура і магутныя рукі, і я марыла аб Конскім тыдні[46], каб аддацца яму!
— Стань валадаркай, і ў маім храме цябе праз які год абдыме Бусел, а ніводная душа пра тое не даведаецца.
— А пасьля я пайду на ложа старога! І буду хлусіць яму!
— Дзіця! Ты яшчэ не спазнала, як салодка млець ад таго, што ты валадарыш над мужчынам, і не над адным. Што ты належыш толькі сабе і сваёй прыхамаці… Сваёй, а не ягонай! О, я хацела б быць валадаркай Княства! Ды Кон[47] ня даў мне і ценю такога шанца. Дык — сьмялей наперад!
— Альгерда я баюся. Ён усё бачыць…
— Ня ўсё. Мы яго перахітрым. Калі ты будзеш цьвёрдай і пакуль што забудзешся на ўсіх Буслоў, разам узятых.
— Пакуль што, сястра? Але пасьля… хай і праз год…
— Абяцаю! А пакуль будзем піць медавуху і грэць кроў. Холадна мне нешта…
ВЯРТАНЬНЕ З ВЯЗЬНІЦЫ
Калі ён караскаўся па брукаванцы, што крута ўздымалася да замку, у ягоных вушах гучаў голас брата. Калі ў глыбокіх падземных сховішчах, высака ўзьняўшы вогненны смаляк, пералічваў глякі з медавухай і аплеценыя павуціньнем бочкі з віном, у яго вачах паўставаў брат. Брат прыходзіў па начах, калі Няжыла спаў, а душа яго блукала па тым сьвеце.
Не па гэтым.
Бо гэты сьвет, пасьля таго як яго выпусьцілі з цямніцы, ператварыўся ў нейкі іншы, нязвыклы і чужы.
У ім не было шмат чаго са звыклага і роднага.
Найперш — Рэчыцы.
Некалі вёрткая і гнуткая як плотка дзяўчына стала вялай і ціхай, яна пазнавала толькі бацькоў, а іншыя для яе былі прычынай бесьперапыннага жаху. Няжыла ня вытрымаў — пайшоў у некалі гасьцінны дом, пастукаўся ў запаветныя дзьверы. Ды бацькі Рэчыцы сустрэлі яго як злачынцу, разам выскачылі ў перадпакой і далей не пусьцілі.
— Гэта ж з-за цябе забраў розум у нашай дачушкі Лядашчык! — загаласіла Зайка. — Каб ня ты, яна б выйшла за Вепра, і дзеці былі б ужо!
– Ідзі ў храм Перуна і сатвары крывавую ахвяру, можа, дачка наша ачуняе ад ляку! — басіў прыгнечаны і хмурны Баравік.
Няжыла чуў — Рэчыца бесьперапынна хадзіла пад дзьвярыма, якія падпіралі бацькі, і слухала, аб чым гаворка. Калі ж ён узвысіў голас і паклікаў яе, яна азвалася такім страшным, нутраным выцьцём, што ён выбег з хаты і нёсься па вуліцы, пакуль не перацяла дых і не адняліся ногі.
Ягоныя сёстры парадаваліся вызваленьню, але ніводная не прыехала ў родную хату, каб даведацца, як жа цяпер ён там жыве: без матулі, бяз брата, толькі з двума служкамі, якія ні аб чым не пытаюцца ў гаспадара.
Не пыталіся пра тое і ў замку. Ды Няжыла адчуў: стаўленьне да яго цяпер іншае. Ён ня стаў зноў сваім. Хрышчэньне сьцяной аддзяліла яго ад сяброў, якія тады, калі гэта адбылося, глядзелі на яго ўжо як на іншага, на чужога… Гэтак жа насьцярожана глядзелі яны і цяпер. Няхай ён вярнуўся да старых багоў, раскаяўся ў сваім адступніцтве — усё роўна для іх ён быў ужо пярэваратнем.
— Княгінінай літасьці захацеў, ды не дачакаўся, га? Памерла яна, га? — захіхікаўшы, аднойчы сказаў яму Спор, княскі ключнік. — А мы як жылі, так жывем. Чужых багоў не шукаем…
Нестар, сустрэўшыся з ім у калідоры замку, моўчкі прайшоў міма, і ён, Няжыла, пабаяўся нешта яму казаць, нават павітацца. Ён ведаў: сьвятар пастаянна прыходзіць у вязьніцу, ён дапамагае Кумцу. А вось ад яго, Няжылы, варта не бярэ нічога для перадачы брату, хаця ён родны для яго, у адрозненьне ад гэтага чужога чалавека. Па начах ён падбіраўся пад акенца да Кумца і слухаў, спадзеючыся, што брат будзе на яго сварыцца, што зломлены пакутамі, ён абярэ той жа шлях, што і старэйшы. Жыць, а ня гніць у сырым падвале, — вось чаго жадаў ён Кумцу. Але той перастаў азывацца на імя «Кумец» і адгукаўся толькі на «Антон», а гэтым імем якраз і не хацеў яго называць Няжыла. Аднак брат на яго не сварыўся, гаварыў з ім мякка, толькі неяк адрачона, нібы яны былі ў розных сьветах, і ён глядзеў на ўсё тут як бы зьверху…
46
Конскі тыдзень сьвяткавалі ў канцы лета. Спачатку ён быў прысьвечаны Ашвінам, затым — сьв. Флору і Лаўру.