Выбрать главу

Пазьней Круглец зразумеў, што іх перастрэлі не выпадкова. Хтосьці даклаў крыжакам пра іх. Хтосьці падказаў, што адзін з падарожных відавочна багаты чалавек. Хаця дарожны плашч ды вопратка Кругляца былі бяз срэбных фібул ды пушыстай аблямоўкі, усё ж напоі і стравы, якія ён заказваў у корчмах, дзе прыставалі на ноч, пакой, у якім начаваў, былі самымі дарагімі. Маглі нападоўнікі разважаць і так: чатырох адолець лягчэй, чым цэлы атрад. Крыжакі, калі яны ехалі ў далёкае падарожжа, часам палявалі на здабычу, бо калі і маглі паскардзіцца ў мясцовы магістрат ацалелыя, хто стане шукаць вецер у полі?

…Што і конь у яго хутчэйшы і лаўчэйшы, чым у спадарожнікаў, Круглец спасьціг таксама тут, на гэтай лясной дарозе. Разумны скакун, нібы зразумеўшы страх гаспадара і небясьпеку, імгненна, скіраваўшы паміж рэдкіх соснаў паабапал дарогі, абагнаў усіх і вырваўся наперад.

— Наперад! Хутчэй! — крычаў Ратша, і Круглец гнаў каня, заплюшчваючы вочы, калі галіны білі яго па твары, гнаў, скіроўваючы каня то ўлева, то ўправа — ажно пакуль зьнямоглы скакун ня ўпаў на калені, і коньнік, перакуліўшыся праз яго, з усяе сілы пляснуўся сьпіной аб зямлю.

Яму пашанцавала: зямля тут была мяккай, зялёны мох даўно нарасьціў на паляне пушыстае покрыва, і тонкія асінкі трапяталі па краях гнуткімі цельцамі. Ускочыўшы, Круглец прыслухаўся. Але нічога ўжо ня тупатала сьледам, не галёкала чужымі варожымі галасамі, ні сьвісьцела — нібыта ўся гэтая шалёная пагоня толькі прымроілася яму. Ён асьцярожна выглянуў з паляны на зарослую быльнягом і травой дарогу, хутчэй, сьцяжыну, з якое збочыў конь, але нікога і нічога не было ані відаць, ані чуваць і там.

Конь цяжка дыхаў, з храпы яго ішла пена. Няўжо загнаў свайго выратоўцу да сьмерці? Круглец агледзеўся, вызначаючы, ці можа быць недзе блізка вада. Можа, рэчка, а можа хоць якая калюжына дасьць каню тыя выратавальныя глыткі, што паднімуць яго з моху.

Выняў са скураных похваў корд — магчыма, давядзецца прасякаць сабе шлях праз кустоўе. Пасьлініў палец, падняў яго ўверх, каб вызначыць, адкуль вецер, і прынюхацца — ці ня пахне ён вільгацьцю. Апускаючы руку, заўважыў у кустах цікаўнае вока — імгненна кінуўся туды і ня даў уцячы клышаногаму, у сьвітцы іржавага балотнага колеру мужыку. На пытаньні той адно матляў галавой і са страхам касіўся на пояс Кумца з выявай Сварожага знаку.

— Ты хрысьціянін! — здагадаўся Кумец і загаварыў да чалавека па-нямецку. — Ня бойся, я не зраблю табе благога. Мне патрэбна вада, для яго, — паказаў на каня і дадаў: — Я заплачу, ня бойся.

Але чалавек яшчэ болей заматляў галавой, углядаючыся ў вочы Кругляца, як бы штосьці спасьцігаючы ў іх.

— Хай твой конь астыне, — сказаў нарэшце скрыпучым, як бы нават і не чалавечым голасам. — Я прынясу вады, яна тут недалёка. А ты натры яму вушы вось гэтым, — ён паказаў на нейкую непрыкметную зёлачку, якую Круглец ледзь разгледзеў у траве, і зьнік, як растварыўся ў зеляніне…

— Чакай, вазьмі мех! — крыкнуў ён усьлед, але чалавек не адгукнуўся, і хлопец падумаў: а ці не прывядзе той сюды пагоню? Але чым ёй перашкодзіць? Пакінуць каня, з грузам брысьці па невядомай дарозе невядома куды, дзе яго ўсё роўна высачаць гэткія вось лесавікі? Не, ён застанецца тут і будзе змагацца да апошняга!

Конь прыўзьняў галаву, чалавечым, праніклівым позіркам глянуў на Кругляца.

— Думаеш, кіну? Ня бойся! — хлопец агледзеўся і, нахіліўшыся над купамі травы на ўскрайку, стаў рваць сіняватыя зёлкі і націраць імі чуйныя конскія вушы, слухаючы адначасна, ці не зашалясьцяць дзе крокі альбо перагукнуцца варожыя галасы. Ды лясны чалавек зьявіўся за яго сьпіной так нечакана, што Круглец ажно здрыгануўся і ледзь ня выбіў з рук у таго бяроставы конус, у якім плёскалася вада. Конь прагна пацягнуўся да вады, ды лясны чалавек адхіліўся, спачатку памацаўшы гарачыя конскія вушы. Пальцы яго прабегліся па жываце, шыі, час ад часу спыняючыся, націскаючы на пукліны, і конь, які спачатку спуджана захроп і нават спрабаваў дастаць незнаемца капытом, сьціх і заплюшчыў вочы, нібы на яго напаў раптоўны сон. А пасьля, калі выпіў трохі вады, глыбока ўздыхнуў і як страціў прытомнасьць.