Выбрать главу

— Ён ачуняе, — праскрыпеў чалавек. — Пачакай і пасядзі побач, ён яшчэ паслужыць табе.

— Вазьмі, — Круглец працягнуў яму залаты дынарый. Чалавек спачатку адхіснуўся, пасьля твар яго загарэўся радасьцю. Ён схапіў кругляк, пацалаваў яго.

— Так любіш грошы? — зьдзівіўся Круглец.

— Дачка… я змагу забраць яе ў Шмідта, яна ў ягоным замку… за даўгі…

На каравым, нібы пасечаная калода, твары паказаліся сьлёзы.

— Хай Хрыстос паможа табе. Мне, бачыш, ён ужо дапамог праз цябе. А Шмідту не. Ягоныя госьці цябе не злавілі, а ў тых хлопцаў грошай было з дулю.

— Ты кажаш пра маіх спадарожнікаў?

— Ня ведаю, хто яны, але іх пералавілі як зайцоў.

— Дык іх усе ж дагналі! Дзе яны цяпер?

— Палеглі у Гансавым бары. Можа, іх ужо расьцягнула зьвяр’ё. А коней забралі, коні ў вас, славян, добрыя. Бачу, што і сэрцы таксама, — чалавек любоўна пагладзіў залатавік. Прадоўжыў тым жа скрыпучым, як у яловага карча ў навальніцу, голасам:

— Каб цябе таксама не пасеклі, едзь па гэтай сьцежцы. Праз паўдня яна выведзе на шлях да наступнай гарадской брамы.

Круглец азірнуўся, але нідзе ніякай сьцежкі ў накірунку, паказаным чалавекам, не пабачыў.

— Вось яна.

Сьцежка там сапраўды была. Захіленая ялінай, яна пачыналася ад самай гэтай паляны і вяла на захад. Чалавек ужо зьбіраўся нырнуць у гушчар, але Круглец яго затрымаў:

— Скажы, чаму ты мяне ня выдаў? Або… не забіў зьнянацку? Я ж бачу, у цябе нож на поясе. І дзяржальна там не такое, якія бываюць у простага селяніна…

Вочы ў ляснога чалавека ўспыхнулі, яго каравы твар асьвяціўся разумнай і іранічнай усьмешкай:

— Ты назіральны, славянін. Я не селянін, а калісьці быў ня проста рамесьнікам, а залатых спраў майстрам, і рабіў упрыгожаньні — разам з бацькам Шмідта. Бывала, разам з ім і іншымі ляснымі братамі вызваляў багацеяў па дарогах, каб набраць паболей круглячкоў, якія са сьмерда робяць сіньёра… Ды ён хітрыкамі забраў усё, што ў мяне было, і купіў сабе дом пад горадам і тытул. За тое яшчэ трэба даплаціць працэнты, вось гэты паганы корч і рабуе патроху падарожнікаў. А мяне ўзяў за лесьніка другі сеньёр, і я развучыўся гаварыць, бо ў лесе толькі зьвяр’ё, якое бывае лепшым за чалавека…

— Але ў нас ахоўныя граматы! Няўжо гэты Шмідт не баіцца самога імператара?

— Ягоныя сябры-крыжакі едуць на наступным тыдні ў Рым. У іх вялікі заступнік. А мёртвыя падарожнікі нічога не раскажуць.

— Я жывы, і я буду сьведчыць супраць твайго ворага!

— Цябе ўжо шукаюць па ўсім лесе. Ты ці ня першы, хто ўцёк. Але ж шлях твой ня скончаны, усё можа быць…

— Дык чаму ж ты ня выдаў мяне? Альбо не забіў сам?

— Таму што я стаў хрысьціянінам і раскаяўся. Таму што спадзяюся некалі ўсё ж павесіць Шмідта на сасьне ля замку. Нягледзячы на тое, што мая дачка мае ад яго байструка…

Ён павярнуўся і зьнік так раптоўна, нібы праваліўся скрозь зямлю, і адразу ж Круглец пачуў, як галёкаюць і крычаць недзе збоку, справа, гартанныя галасы чужакоў. Ён стаіўся, асьцярожна паклаў далонь на цёплую пысу свайго скакуна, каб той не азваўся іржаньнем. Пасьля, счакаўшы, пакуль крыкі аддаляцца, асьцярожна дапамог падняцца трохі ачуняламу каню і, паманіўшы за сабой, ціха, нетаропка паклыгаў па сьцяжыне.

Яліны білі Кругляца па твары, але ён не адчуваў таго, заняты няспынным цікаваньнем за кожным шолахам і скрыгатам навокал. Конь паволі ішоў за ім, і было бачна, што ён, нягледзячы на слабасьць, стараецца рухацца, нібыта добра разумее, што гаспадар ратуе яго і ня хоча пакінуць на здабычу лясному зьвяр’ю, чый пах прымушаў разумную жывёліну таксама сьцярожка ўзірацца ў захілены кустоўем шлях. Раптам коратка і зусім ціха скакун заіржаў, як бы падаючы гаспадару знак, і Круглец прыцішыў хаду, напружыў зрок, стараючыся зразумець, што ўстрывожыла жывёліну. Здаецца, вось яно! Сьвежасьсечаная галіна асіны зьнявечана хісталася ў гушчары, і там, за зеленавата-пярэстым целам пакалечанага мячамі дрэва нешта жахліва-чырвонае распырскала вакол рудыя плямы.

— Стой тут, — ціха прашаптаў хлопец і, тоячыся за бярозамі і ялінамі, пачаў набліжацца да асіны.

Чалавечае цела на прагаліне відавочна ўжо скарчанела і застыла ў нежывой страшнай позе, ніцма ўткнуўшыся ў траву. Яно было ў споднім, без карзна, паса і зброі. Толькі падышоўшы, Круглец убачыў, што галавы ў цела няма — яна, сьсечаная страшным ударам, валялася непадалёку. Гэта быў Ратша. Пакутлівая грымаса на сьсінелых вуснах і зажмураныя, нібы ў перадсьмяротным жаху, вочы рабілі гэтую страшную галаву прывіднай і нерэальнай, нібы яна сасьнілася Кругляцу ў жахлівым сьне. Конь ззаду зноў коратка і жаласьліва заіржаў, быццам просячы хутчэй ісьці адсюль, і хлопец, яшчэ раз азірнуўшыся вакол, падабраў тое, што ляжала ля цела. Гэта быў выразаны з ліпы, велічыней з паўдалоні Вялес. Яго вузкія, з цяжкімі павекамі вочы пагрозьліва зірнулі на Кругляца, і адразу ж перад хлопцам паўстаў твар Бурылы — халодны і ўладны позірк, цяжкія, нібы каменныя сківіцы.