Выбрать главу

Далонь нібы ўкалола нечым халодным і ліпкім. Імгненьне ён павагаўся. Пасьля шырока размахнуўся і шпурнуў драўлянага бога ў гушчар, адкуль з крыкам выляцела нейкая спалоханая птушка. Тады Круглец асьцярожна ўзяў галаву за заскарузлыя ад крыві валасы і прыклаў яе да цела, а пасьля закідаў тое, што засталося ад Ратшы, сабраным насьпех суччом. Павярнуўся. Узяў за повад каня, пагладзіў яго па цёплай шыі, разблытаў пальцамі жорсткае скалочанае ў камякі валосьсе. Трэба было як хутчэй выбірацца адсюль, ды двое вільнян знаходзіліся недзе тут, у гэтым лесе, і бягляк ня мог проста сысьці прэч. Нельга было і адпускаць каня, ды, калі, пабрыўшы далей па сьцяжыне, стомлена выпусьціў повад, той сам пакульгаў за ім. Так і ішлі яны, ажно пакуль наперадзе не паказаўся прагал. А за ім — шлях, відавочна, той, якім яны і ехалі на захад. Тут і спыніўся ў роздуме Круглец. Недзе ў лесе ляжаць яшчэ два ягоныя спадарожнікі. Няхай сабе яны і былі яму непрыяцелямі, ды… Як жа пакінуць сваіх людзей не пахаванымі? А раптам стануць іхнія душы, не дабрыўшы да Ірыя, вяртацца і вяртацца да яго?

— Не чакай нікога, славянін, едзь, пакуль рыцары ў Дубовым гаі ля ракі, — пачуўся знаёмы голас. Хлопец зноў уздрыгнуў усім целам ад нечаканасьці, але, пабачыўшы нядаўняга незнаёмца, супакоіўся: той глядзеў з прыязнасьцю і нейкім нават захапленьнем.

— Паслухай, можа ты, як хрысьціянін, пахаваеш маіх спадарожнікаў? Я заплачу табе яшчэ, бо я наўрад ці знайду іх, — Круглец памкнуўся да запаветнага мяшэчка, але лясны чалавек яго спыніў:

— Ты мне адзін раз заплаціў за ўсё. А яшчэ даў радасьць: Ота Шмідт лаецца на ўвесь лес, бо ня можа цябе адшукаць. Я дапамагу табе, славянін. Да таго ж ты сам хрысьціянін: я бачыў, як ты кідаў ідала ў кусты.

— Я не таму… — пачаў быў Круглец, але спыніўся. І язычнікі ня кідаюць сваіх, але дружыньнікі сваімі яму не былі. Чаму ж душа яго прагла дапамагчы ім, нават пасьля іхняе сьмерці? Чаму не прымала яна Вялеса? Ня толькі таму, што драўляны бог нагадаў яму вярхоўнага жраца, ненавіснага прагавітай пажадлівасьцю, з-за якой павінен быў Круглец ехаць у далёкі сьвет і па загадзе самога вялікага князя аддаць яе ў сквапныя, учэпістыя рукі.

Нечаканы напад вызваліў яго з-пад пагрозьлівай апекі дружыньнікаў, і, калі ён жывым выберацца з лесу, стане свабодным, прадоўжыць шлях і, можа быць, нават застанецца там, у Хайдэльбергу, калі яшчэ засьпее там сястру. Бо вяртацца ў Вільню значыла аддаць сябе на суд жрацоў альбо князя — а можа, на абодва суды, якія абвінавацяць яго ў тым, што дружыньнікі загінулі, а ён чамусьці застаўся жывым.

І, ужо выязджаючы на шырокі, высахлы за доўгі цёплы дзень шлях, ён зразумеў і яшчэ адно: гэта, несумненна, знак… Знак дапамогі ад хрысьціянскага бога. Ад таго, хто так пранікліва, нібы вызначыўшы яму будучае, глядзеў на яго ў храме сьвятой Сафіі ў Царградзе і даў яму ня толькі свабоду, але і надзею.

А гэта значыць і тое, што ён, сустрэўшыся з Унай, не застанецца ў Нямеччыне, а вернецца ў Вільню. Вернецца, каб праўдзіва расказаць пра тое, што з імі было і аддаць сябе пад ахоўніцтва таго бога, які ахвяруе сабою дзеля іншых. Вось і яму трэба ахвяраваць сабою дзеля таго, каб сьведчыць ісьціну — тую, якую, па ўсім бачна, перажылі Кумец і Няжыла, і якую цяпер нанова перажыў ён сам.

ЗЬЗЯНЬНЕ

Залатыя яблыкі схіляліся да ягонай галавы. Цела яблыні было зіхотка-срэбным, пералівалася, вабіла спакоем і адвечнай магутнасьцю быцьця. У ім, яблыневым ствале, на кароткія імгненьні ажывалі, усьміхаліся абліччы, чамусьці знаёмыя яму, і ўсеабдымнае, амаль нясьцерпнае пачуцьцё асалоды і замілаваньня ахоплівала душу, ён схіляўся перад дрэвам, а залаты яблык раптам ператварыўся ў гало і накрыў цемя, і ён паляцеў па вузкім цёмным жарале, набіраючы хуткасьць…

Лойка прыйшоў, калі затуманеная болем Кумцова сьвядомасьць трохі праясьнілася, мроя зьнікла. Тады замест вялізнага цёмнага калідора, у канцы якога зьзяла жоўта-залацістае сьвятло і клікала да сябе, пабачыў звыклыя сьцены камяніцы і адчуў, што ад сырасьці і пранізьлівага холаду валуна, да якога ён быў прыкуты заіржавелым ланцугом, нібы скамянела сьпіна, якую расьціралі чыесьці моцныя і гарачыя рукі. Азірнуўся — і тузануўся ад нечаканасьці: на яго глядзелі сінія, па-дзіцячы наіўныя і па-старэчы мудрыя вочы вялікага жраца Сварога. Доўгая апранаха з белага сукна, падбітая белай аўчынай, рабіла яго шчуплую постаць велічнай, а высокі лямцавы каўпак з вышытай над ілбом залатой кветкай яшчэ болей узвышаў яго над вязьнем, амаль скручаным у стручок ад начной сырасьці.