Выбрать главу

— Нашто ты тут, вешчы старац?

— Ты нават не захварэў, хаця закачанеў, як калядная гусь на кірмашы, — са зьдзіўленьнем і нават нейкім абурэньнем прагаварыў той, працягваючы расьціраць застыглую сьпіну вязьня.

— Я не адчуваю холаду.

— Гэтага ня можа быць. Няўжо праўда?

— Ну ведама ж, я кажу як ёсьць.

— Тады раскажаш мне, як табе ўдаецца ашукаць Зюзю.

Кажучы гэта, жрэц даволі бадзёра тузаў лапаткі вязьня, і неўзабаве той адчуў, як цяпло пацякло па целу, вогненнымі струменямі ахінаючы плечы. Жрэц адступіў, выцягнуў са скураной торбачкі невялікі глячык, паднёс да вуснаў Кумца.

— Пі!

Пітво было з мядовым смакам, ад яго канчаткова сагрэлася схуднелае і ад таго чуйнае да холаду Кумцовае цела.

— Я хацеў бы выратаваць цябе. З вашым бацькам мы разам хадзілі ў школку пры храме, пакуль вешчыя старцы сярод усіх высакародных вучняў не абралі мяне для служэньня Сварогу.

— Памятаю, што бацька сапраўды казаў, што ты і тады, яшчэ дзіцем, мог бачыць Бога… багоў і пытацца ў іх пра будучае.

— Ну вось бачыш, ты і зараз не цураешся нашых багоў.

— Я сказаў так па старой завядзёнцы. Ня буду ж я называць іх…

— Параджэньнем д’ябла, чорнай сілай, як кажа табе Нестар? — падхапіў Лойка. — Ня бойся спрачацца са мною, тым больш што я прыйшоў сюды, каб пагаварыць з табой і дапамагчы табе.

— Як майму брату? Я чуў, што яму зараз даводзіцца несалодка.

— Табе пра тое сказалі людзі, што тоўпяцца каля акенца гэтай цямніцы? Сёньня іх разганяла варта. Іх сапраўды прыходзіць сюды ўсё болей і болей.

– І гэта трывожыць жрацоў? Ці вялікага князя? Ці іх усіх разам?

— А калі б ты сам быў вялікім жрацом, няўжо ты глядзеў бы спакойна, як чужая, бязьлітасная сіла прыходзіць сюды і разбурае ўсё, на чым трымаецца наш народ?

— Яна не бязьлітасная, а міласэрная, як нішто на зямлі.

— Праўда? А што ты скажаш пра кіяўлян, якіх забівалі тысячамі, каб яны забыліся на сваіх багоў? І Уладзімір, які рабіў гэта, названы царквою вялікім. Ты ж супраць таго, каб у чалавека адбіраць жыцьцё, ці ня так? У аднаго! А там быў не адзін! Ці, можа, Нестар табе таго не расказваў?

— Я ведаю пра тое. Я чытаў у скрыпторыі сьпіскі з летапісаў. Але я веру сабе і сваім пачуцьцям. Хрысьціяне не забілі тут, у Вільні, ні аднаго чалавека. І чаму я павінен верыць таму, што пісалі незнаёмыя мне людзі? Я ня ведаю, ці пісалі яны праўду, ці ілгалі, як ілжэм сёньня і мы — ілжэ нашая ўлада, нашыя жрацы, ілгуць людзі адзін аднаму. І іх ня стрымлівае ні Пярун, ні Вялес, ні Дажбог, ні Мокаш.

— Ты думаеш, іх стрымае Хрыстос?

Кумец паварушыў плячыма, устаў. Нага, на якой бразгаў цяжкі ланцуг, пакутліва ныла.

— Ці ня мог бы ты, вялікі жрэц, паклапаціцца, каб на мне хаця б у час нашай размовы раскавалі кайданы?

Лойка ўскочыў, затупаў нагамі:

— Які ж я забыўлівы! Гэта, відаць, праклятая атрута! Князь дазволіў мне прынесьці табе добрай ежы, а зараз цябе вызваляць ад кайданоў.

Ён пляснуў у ладкі, і за дзьвярыма каморкі пачуліся крокі. Отрак увайшоў з ладнай торбай, азірнуўся ў недаўменьні: у вязьніцы, апроч саломы ды ланцуга, не было нічога. Ён паклаў торбу на падлогу, выйшаў і неўзабаве прынёс дошку і два сухія пянькі, з якіх зрабіў нешта накшталт стала, дзе расклаў прынесенае: хлеб, сыр і мёд, яйкі і вялікі кавалак вепручыны. А яшчэ гляк квасу, ад якога ў вільготнае, з цьвільлю, паветра ўварваўся сьвежы і чысты духмень мяты. Вязень адпіў крыху квасу, сеў на салому сьпіной да ежы і жэстам прапанаваў Лойку таксама сесьці на падлогу. Отрак ускочыў спалохана, скінуў з сябе карзно і беражна паклаў на спарахнелыя сьцябліны. Лойка апусьціўся побач з Кумцом, яшчэ раз прапанаваў яму падмацавацца.

— Баюся, што пасьля вечнай рэдзькі ды гароху я спруцянею ад гэткае раскошы, — усьміхнуўся Кумец. — Ведаеш, вялікі жрэц, я ўжо часам прымушаю сябе есьці. У мяне ўжо няма той прагавітасьці і асалоды, з якою я некалі піў чырвонае грэцкае віно, еў прысмакі. І мне дзіўна ўяўляць сябе таго, ранейшага, калі толькі зараз, у цямніцы, я адчуў сапраўдны смак жыцьця і яго бязьмерную прыгажосьць.

— Хрысьціяне адмаўляюць само жыцьцё! Самы вялікі і страшны іхні грэх у гэтым адмаўленьні! Калі ўсе стануць жыць як манахі — што застанецца ад людзей? Хто будзе ўзносіць маленьні, калі перавядзецца ўвесь чалавечы род?