Выбрать главу

— А ён і так вось-вось перавядзецца. Чарната апаноўвае сьвет. Мы ідзём ня шляхам праўды, дабрыні і спагады, а нянавісьці, хцівасьці і зайздрасьці. Людзям няма выратаваньня, апроч як прыняць закон ахвярнасьці, што даў нам праз Хрыста Усявышні. Усяго дзесяць законаў! Яны такія простыя — і такія неверагодна цяжкія! А што прапануе сёньня язычніцтва?

— Ты кажаш — сёньня. Так, сёньня і язычніцтва ўжо не дасканалае. Але і ў ім жыве спагада, і галоўнае — у ім радасьць жыцьця, паўната чалавечага існаваньня і пакланеньне прыгажосьці прыроды!

Яны сядзелі на гнілой саломе, гаварылі і спрачаліся. Нясьмелы прамень яшчэ неакрэплага сонца паволі поўз па сьцяне, і Лойка зноў адчуваў бездапаможнасьць — тую самую, з якою ён думаў пра будучае, пра жрэчаства, якое пакуль што вяло народ па духоўнай сьцяжыне, але непазбежна павінна было страціць уладу і магутнасьць, таму што даўно страціла глыбінную чысьціню сапраўдных ведаў і сувязі з Небам. Ён ведаў, што скажэньне ісьцін, дадзеных некалі сёньняшняй расе чалавецтва, даўно перасягнула ўсе межы, але бачыў, што і новае вучэньне, дадзенае людзям трынаццаць стагоддзяў таму, ужо таксама абрасло скажэньнямі, разьдзялілася на дзьве вялікія галіны, што варагуюць паміж сабой. Вось і крыжакі лезьлі на зямлю Княства, даказваючы, што тут жывуць ня толькі язычнікі, але і несапраўдныя хрысьціяне, якіх таксама трэба перахрышчваць. Дзе ратаваньне?

І яму цяпер хацелася выратаваць хоць гэтага — чыстага і наіўнага ў сваёй новай веры хлопца. Ён бачыў і адчуваў яго. У ім было сьвятло, была сіла любові і гарачага перакананьня ў сваёй праўдзе. І гэта было самае галоўнае. Толькі гэта і магло ўратаваць сьвет. І жрэц шкадаваў, што ад язычніцтва адышлі і гэтае сьвятло, і гэтая любоў, бо ён, Лойка, не адчуваў такога ні ў кім, з кім сустракаўся штодня на набажэнствах, углядаючыся найбольш у маладых.

— Бачу, гэта непазбежна: цябе павесяць на сьвяшчэнным дубе, — сумна сказаў ён у канцы пятай гадзіны іхніх гарачых спрэчак. — На вялікай радзе я ня змог цябе абараніць, ды гэта і не дало ніякіх вынікаў. Цябе магла б уратаваць хіба Нара альбо ейная сястра Дзівейна. Не для захаваньня твайго жыцьця, не! А хаця б дзеля таго, каб не азмрочваць вясельля нашага гаспадара. Але Нара чамусьці асабліва ненавідзіць цябе. З-за гэтай нянавісьці, мабыць, зламала лёс і твайму брату. Ды і вясельле вялікага князя пакуль што ня надта зладжваецца…

Кумец здагадвўся, у чым прычына таго, што вялікая жрыца прысьпешвала з ягоным пакараньнем і сачыла за кожным крокам Няжылы, які атрымаў свабоду. І ён шкадаваў яе, як і ўсіх, хто загнаў свой бесьсьмяротны дух у твань зайздрасьці і помсты, хто ненавідзеў бліжняга і прагнуў сьмерці. Цяпер ён ведаў, што нішто не заканчваецца са сьмерцю, а наадварот — толькі пачынаецца: заблытваюцца ніты лёсаў, зацягваюцца вузлы будучых сутыкненьняў.

— Адкуль ты пра гэта дазнаўся?!

Лойка не хаваў зьдзіўленьня. Глядзеў на Кумца, шырока раскрыўшы вочы.

— Хто адкрыў табе жрацовыя таямніцы? Хто расказаў пра няспыннасьць і несьмяротнасьць жыцьцяў у плыні часу? Хрысьціяне ведалі тое, але іх прымусілі забыцца, і Нестар ня мог табе расказаць пра Калачакру[49]!

— Я нічога ня ведаю пра кала… Калачакру. Але я адчуў гэта, калі стаяў ля срэбнай яблыні з залатымі яблыкамі.

— Ты быў у Сварзе? Ты стаяў ля Дрэва Жыцьця? Але гэта дуб, сьвяшчэнны дуб, а ня яблыня!

— Я ня ведаю ні пра Дрэва Жыцьця, ні пра гэтую… Сва…сва… я кажу толькі пра тое, што бачыў…

Лойка ўзьняўся і ва ўсе вочы глядзеў на маладога хлопца. Было відно, як дрыжаць у яго вусны.

— Над табой зьзяньне. І гэта сьведчаньне, што ты быў там.

— Пра што ты, вялікі жрэц? Дзе — там?

— Ты быў там, і вялікія багі дазволілі табе дакрануцца да Дрэва, хаця ты хрысьціянін! Нават я… я, які… Значыць, канец жрэчаства зусім блізка!

Доўгімі гнуткімі пальцамі ён закрыў твар. Отрак вытарашчыў вочы, ня верачы ва ўбачанае.

Вялікі жрэц плакаў.

СУМНЕНЬНІ

— Я змушаны лічыцца з хрысьціянскім сьветам, — казаў Альгерд, седзячы ў пакоях вялікага жраца Бурылы і назіраючы за тым, як разыходзіцца віленскі люд пасьля гуканьня Вясны. Яно і сёлета было, як звычайна, бурлівым і разгульным. Пачаўшыся з берагоў Вяльлі, паступова перамясьцілася ў храм Вялеса і скончылася, як заўсёды, ахвярапрынашэньнем. На гэты раз ахвяраю стала прыгажуня Сойка, дачка віленскага гандляра Скора. Альгерд быў запрошаны на храмавы абед у гонар Вясны, пасьля чаго разам з вялікім жрацом яны прайшлі ва ўнутраныя пакоі. Вялікі князь адзначыў, што па ўбраньні жытло жраца не саступала вялікакняскім палатам: чырвоны аксамітавы з залатымі кутасамі абрус на стале, дарагая масіўная курыльніца пад выяваю Сварога ў куце, танюткі, нібы сатканы з туману, покрыў над ложам…

вернуться

49

Калачакра — у індуісцкай традыцыі бесьперапынны цыкл перараджэньняў.