Бурыла гаварыў, як заўсёды, разважліва і спакойна, нібы ўбіваючы цьвікі ў дошку. Аднак пачуваўся ён разгубленым. Заўсёды і ва ўсім згодная з ім Нара цяпер рашуча запатрабавала хутчэйшай сьмерці Кумца. Аднак сьпяшацца з тым не выпадала, яшчэ ня ўсё было адыграна, і жыцьцё маладога прыдворнага магло спатрэбіцца для далейшай гульні. Ужо было відавочна: вялікі князь выбера толькі нешта адно з таго, чаго хацелі жрацы: альбо вясельле з язычніцай і сястрой вялікай жрыцы, альбо пакараньне новаабвешчанага хрысьціяніна і яго брата. Здарылася тое, чаго ніхто не чакаў: Кумец, якога перавялі з княскай турмы ў вязьніцу, дзе ўтрымліваліся злачынцы супраць рэлігіі, раптам набыў красамоўства і стаў прапаведаваць новае вучэньне! Людзі прыходзілі пад вязьніцу, разьбівалі сьлюдзяное вакенца на каморцы, дзе пакутаваў новы прапаведнік, і ўрэшце там зьбіралася столькі народу, што жрацы не маглі даць таму рады. Аднак забіць яго якраз зараз не выпадала. Новае вясельле князя было, на думку Бурылы, больш важкім — яно давала апору жрацам унутры замку.
Трэба было, аднак, абаперціся на рашэньне вялікай рады жрацоў.
Дамаўляючыся аб тым, першы раз адчуў Бурыла, што ўплыў яго не такі непарушны, якім здаваўся зусім нядаўна, а якраз даволі хісткі: Нара настойвала на сваім, а ён доўга даказваў вялікай жрыцы згубнасьць пасьпешлівага рашэньня і ўпершыню крычаў на гэтую натурыстую, капрызную жанчыну. Нават пастрашыў, што даможацца яе выгнаньня з храму Лады.
— Няўжо ты ня хочаш, каб твая сястра стала вялікай княгіняй?! — роў Бурыла ў шаленстве. Але тая ўперлася, як наравістая цёлка:
— Альгерд усё роўна ажэніцца з ёю, я бачыла, як падзейнічалі на яго чары. А сьмерць Кумца і ягонага брата стане нашай канчатковай перамогай!
А пасьля, не ўступіўшы ні на каліва, яна прамурлыкала, расьцягваючы словы і ўсьміхаючыся сваёй чароўнай усьмешкай, за якой (ён добра ведаў гэта) стаялі чыясьці сьмерць і прыніжэньне:
— А ты сам, вялікі жрэц, не баішся страціць сваю высокую пасаду?!
— Што?! — захлынуўся той ад абурэньня і гневу. — Гэта ты кажаш МНЕ?
— А ты палічы сам, хто цябе падтрымае, калі я адхілюся ад цябе хоць на шчопаць?
Бурыла імгненна пралічваў: яму абавязкова будуць процістаяць ня толькі Лойка як жрэц галоўнага ў Вільні сьвяцілішча і тры з сямі вешчых старцаў, але і жрацы Мокашы, а таксама яшчэ галава сьвяцілішча Сьвятарога і трох балцкіх капішчаў, даволі ўплывовых у Вільні. Бурыла быў сам у тым вінаваты: некалькі апошніх гадоў менавіта ягоныя прапановы пераважалі над іншымі, і незадаволеныя тым жрацы, па ягоных зьвестках, гатовыя былі нарэшце даць адпор. Да таго ж у балтаў былі і свае намеры наконт вялікай княгіні — і яны не зьбіраліся на гэты раз саступаць вярхоўнаму жрацу Перуна.
І яго грызла шалёная злосьць: так паверыў у сваю ўладу над Нарай, так неабачліва згадзіўся на ўзвышэньне гэтай дзеўкі Дзівейны! Ды назад, як той рак у Вяльлі, не папрэшся. Замнога намаганьняў і інтрыг укладзена ў справу. Але Дзівейна — гэта перш за ўсё тая ж Нара! І, неймаверным намаганьнем скарыўшы свае пачуцьці, доўга ўводзіў ёй у вушы, што пакуль што варта патрабаваць ад Альгерда толькі аднаго — новай жаніцьбы. Трэба на яго націскаць усёй радай жрацоў, іх аднадушным рашэньнем, супраць якога вялікі князь хутчэй за ўсе ня пойдзе. А вырываць ад яго зараз яшчэ і згоду на недкладную сьмерць Кумца і Няжылы — значыць даць у рукі гаспадара той козыр, які хітры і вывертлівы вялікі князь абавязкова выкарыстае.
Так яно, зрэшты, і адбылося. Альгерд, як адчуўшы ўсе гэтыя мітрэнгі (а можа, і добра ведаючы іх), ставіў неадменную ўмову: альбо пакараньне, альбо вясельле. Пры тым нібыта шчыра сьведчыў гатоўнасьць быць разам са жрацамі, ды і яны ж павінны пайсьці насустрач!
— Мне трэба лічыцца і з папам, і з суседзямі, якія ўсе спрэс хрысьціянскія краіны, і таму… таму я згодны пакуль што ў першым: мы пакараем гэтага… прапаведніка. Да канца жалобнага па Марыі году яшчэ ёсьць час. А зараза, аб якой вы, жрацы, мне штодзень гаворыце, сапраўды існуе. Яе трэба выпальваць…
Бурыла нутром адчуваў: вялікі князь, згаджаючыся з імі ў адным, тым аддаляў іншае рашэньне, бо яно магло падарваць давер да яго Папы і Цьверы. А між тым час працуе на вялікага князя, умацоўвае ягоныя пазіцыі ў Вільні. І праз тыя паўгода, якія засталіся да сканчэньня жалобнага тэрміну па княгіні, ён прыдумае нешта іншае. І — зноў вывернецца. Але што рабіць?