Выбрать главу

АПОШНІЯ АХВЯРЫ

Перабітыя ногі не стаялі, яго падхапілі пад рукі і амаль вынесьлі з цямніцы. Кумец заплюшчыў вочы — так засьлязіліся яны на ясным красавіцкім сонцы. Няжыла ішоў сам, трымаючыся за бок, прабіты жалезным прутам, якім ад душы частаваў яго падручны ката.

Іх кінулі на сялянскую фурманку, на якой вазілі гной. Парэпаны конік ледзь цягнуў калёсы, яны грукаталі па камяністай дарозе, кожны штуршок на якой аддаваўся нясьцерпным болем у скатаваных целах братоў.

Кумец маліўся. Ён пачаў гэтую доўгую, несканчоную малітву тады, калі пабачыў фурманку і зразумеў, што зямны шлях яго і Няжылы вось-вось абарвецца. І паступова боль праходзіў, яго ахоплівала мяккае залацістае зьзяньне, якое сьцішала ўсе раны і рабіла цела лёгкім. Ён ужо зьведаў гэта, і цяпер хацеў толькі аднаго: каб залатое зьзяньне ахутала таксама старэйшага брата і супакоіла ягоны боль. Яны мусяць памерці дастойна. Гэтага чакаюць ад іх сотні людзей, якія прыходзілі пад сьцены ягонай цямніцы і чулі адсюль словы, што давалі ім надзею. Яны не дачакаліся гэтай надзеі ад жрацоў, і цяпер вераць, што новае вучэньне дасьць іх душам спакой і сэрцам адхланьне.

Сонца ярка, як быццам таксама вырваўшыся з нейкая нябеснай цямніцы, залівала Вільню сьвятлом, і сярод шэра-зялёнага мроіва кустоўя гэтак жа ярка, па-сьвяточнаму, жаўцелі каташкі вярбы. Дзумкалі першыя пчолы, мяккі пыл казытаў ноздры, і раптам, як прарваўшыся аднекуль, вецер уварваўся ў горла і нясьцерпна захацелася жыць… І з гэтым пачуцьцём вярнуўся боль і зьнікла залатое зьзяньне. Тады зразумеў: для яго жыцьцё і яго спакусы — гэта боль і сьмерць. Зерне павінна ўпасьці ў глебу, каб даць плён. Ён мусіў памерці, каб уратаваліся людзі, што тоўпяцца на ўсім шляху да Перуновага гаю і прагна ўглядаюцца ў твары братоў. Нехта з іх глядзеў з нянавісьцю, хтосьці — са зьдзіўленьнем. Было некалькі чалавек, якія, ня тоячыся, плакалі. Ён пабачыў сьлёзы таксама на твары Няжылы.

— Маліся, брат! Так, як не маліўся яшчэ ніколі, з усёй сілай, на якую здольны! — загадаў Няжылу, і той схамянуўся, вусны яго заварушыліся… Дарога ўздымалася ўгору, першыя дубы нібы расступаліся перад фурманкай, і ўжо сотні людзей тоўпіліся каля іх.

Сьвяшчэнны дуб, яшчэ толькі-толькі разбуджаны вясною, са сваімі яшчэ не разьвінутымі лістамі, быў відзён здалёку. Над усімі і ўсім тут раскідаў ён свае галіны-рукі. Кумец глядзеў на яго і бачыў у яркім сьвятле дзьве пятлі, што зьвісалі з ніжняе галіны. Можа, таму, што не адводзіў вачэй ад дуба, не адразу згледзеў новы жоўта-смалісты памост, на якім было разасланае чырвонае сукно. Наперадзе стаяла вялікае крэсла з пазалочанымі парэнчамі і княскім знакам наверсе, — мабыць, для вялікага гаспадара Альгерда, ззаду роўненька месьціліся каля двух дзясяткаў крэслаў менш пышных, але з прыгожымі разьбянымі сьпінкамі — відаць, для вешчых старцаў і вялікіх жрацоў. А ззаду хвалявалася, дыхала, кашляла, уздыхала адгароджаная ад памосту чалавечая маса, якая, пабачыўшы фурманку, загула, загалёкала, завыла на розныя галасы. Гэтае галёканьне, у якім спляліся праклёны і пагрозы, працягвалася да той хвіліны, калі вязьням дапамаглі вылезьці з калёсаў і яны ціха, ледзь перастаўляючы ногі, пасунуліся да Дуба, куды іх, паколваючы дзідамі, прымушалі ісьці вартаўнікі.

Ціхі ўздых пранёсься па натоўпе, калі людзі пабачылі неверагоднае: Кумец ішоў на вывернутых каленьмі назад нагах! Яго твар, узьняты ўверх, быў асьветлены дзіцячай усьмешкай, і ўсім на імгненьне здалося, што хлопец вось-вось уздымецца ўвысь. На Няжыле, які ішоў побач, вецер разгарнуў лахманы, і было бачна, што два пераломаныя яго рабры вытыркаюцца са страшна апухлай, чырвонай і разьедзенай струпамі скуры. І тады ўпершыню раздаліся іншыя галасы — галасы спачуваньня і жалю. Ім запярэчылі іншыя — грубыя і ненавісныя. Яшчэ хвіліна — і разгарэлася б бойка, але варта, якая кінулася была да людзей, спынілася і застыла, пачуўшы гучны і ясны покліч рогу. Гэта прыбываў вялікі гаспадар княства Альгерд.

У малінавым плашчы, шапцы, абітай лісіным мехам, з вялікім залатым змеявіком-медальёнам на грудзях ён, накульгваючы, падышоў да памосту, сеў у крэсла. Твар яго быў суровым і пахмурным, рукі сьцятыя ў кулакі. За ім, крэхчучы і вохкаючы, занялі месцы на лаве вешчыя старцы і прыдворныя, а таксама жрацы. Горка заплакалі ў натоўпе дзьве жанчыны — гэта былі сёстры асуджаных Бяроза і Радагоста.