«Ніхто не шукай свайго, але кожны патрэбы другога».
Амаль кожны раз пры чытаньні гэтай дзіўнай, ні да якой іншай не падобнай кнігі, усё ў ім пераварочвалася.
Як жа не шукаць свайго? На гэтым і трымаецца сьвет. Кожны хоча атрымаць як болей слодычы, задавальненьня і радасьці. Калі ўжо і не за кошт бліжніх, дык за кошт сваіх здольнасьцяў, альбо багацьця бацькоў і іхняга высокага становішча. Хіба не багі — тут ён кожны раз папраўляў сам сабе: Бог! — дык вось, хіба ня Бог дае тое, што мае кожны на гэтым сьвеце? Хіба ня супраць Бога ідзеш, калі ня дбаеш аб сваёй карысьці, не чужой, а сваёй уласнай! Чаму ж другому, аб чыёй патрэбе я стану клапаціцца, ня даў Бог таго, што ён даў мне?!
Але нешта падказвала яму ясна і цьвёрда, што сьвет, хаця і стаіць ён сёньня на патрэбе для самога сябе, не павінен быць такім. А калі дапаможаш іншаму — атрымліваеш такую радасьць, якой ня ведаеш, калі зрабіў нешта толькі для сябе. Вось жа толькі адно пацікавіўся ён, як жыве Вусень, і даў яму на лячэньне хворай жонкі сорак шэлегаў[13], як сэрцам адчуў гарачую ўдзячнасьць чалавека, якога ён, здаецца, добра ведаў ад самага дзяцінства — але разам з тым ня ведаў пра яго нічога. Ні пра тое, што Вусень мае залатыя рукі і пляце лапці для ўсіх сваіх родзічаў, ні таго, што ў ягоную жонку ўсялілася Трасца[14] і страшэнна мучыць яе па начах. Калі ж, упаўшы ў ногі, шчыра дзякаваў служка свайму маладому гаспадару, зноў адчуў Круглец, як ахапіла яго гарачая хваля радасьці… Падымаючы слугу, пабачыў ягоныя вочы. Сустрэліся позіркі — і адкрылася сыну пасла Леся, што і Вусень — такі ж чалавек, як і ён сам.
Дзіўным было для яго тое адкрыцьцё. Як і многія іншыя адкрыцьці, што, нібы згаварыўшыся, апаноўвалі адзін за адным ягоную душу. Ажно да часу, пакуль не пачаў усьведамляць усім сэрцам, што звыклы для яго сьвет, магчыма, інакшы, і іншыя законы пануюць у ім, толькі іх трэба і ўбачыць, і адчуць…
«Не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш, каб рабілі табе»…
І ён зноў думаў, у душы перабіраў усё, што назапасіў за нямногія яшчэ гады свайго жыцьця.
Так проста гэта — і так пакуль неспасьціжна! Бо ёсьць слугі і гаспадары, ёсьць багатыя і бедныя. Вусень пакліканы лёсам, каб служыць іхняй сям’і. Яго прадалі некалі дзеду за капу грошай, яшчэ маленькім. Прадалі віленскія сьмерды, каб не памерці з голаду. І цяпер варта Вусеню ўцячы, як яго будуць шукаць імем закону, а зловяць — загадаюць сьцяць горлам[15].
А ён, Круглец, недасяжны ні для кога, апрача самога вялікага князя. Ён можа ехаць у Нямеччыну, да грэкаў, і ніхто яму таго не забароніць. Ён можа піхнуць Вусеня, можа, калі надта разгневаецца, забіць слугу. А ці хацеў бы ён, каб яго піхнуў Вусень? Каб раб забараніў яму ехаць у далёкія краіны, як таго хочацца? Калі ўяўляў тое, кроў закіпала, і гарачая хваля гневу шугала ў грудзі. Тады хацелася забіць слугу, які, сам таго ня ведаючы, хадзіў перад ім нейкім вечным дакорам жыцьцю, якое вёў Круглец — жыцьцю бесклапотнаму і вольнаму.
«Але жывуць жа іншыя!» — казаў ён сам сабе. «Мае аднагодкі не задумваюцца над тым, што такое іхнія слугі — тыя, што падаюць пітво, чысьцяць коней, мыюць дубовую падлогу ў замку і аруць на палях у сьпёку, калі так добра сядзець у сьвятой дуброве, слухаючы развагі разумных жрацоў! Чаму ж мне, у самую тую хвіліну, калі стомлены слуга, сапучы, здымае боты з маіх ног, хочацца то забіць яго, то, наадварот, упасьці перад ім на калені і абняць яго, як свайго брата? Можа, зазірнуўшы ў вочы яму, я ўбачу, што і ён такі ж самы чалавек, і яму баліць тое, што баліць мне, калі мяне ўдараць. І тая ж чырвоная кроў пальецца на зямлю, калі меч пасячэ ягонае цела… Хто адкажа мне на гэтыя пытаньні, хто дапаможа маёй душы?»
А тым часам ішлі месяц за месяцам, і аднойчы хлопец ня вытрымаў. Зімовай раніцай, калі сьнегам, як пярынай, была ахутаная ўся Вільня так, што толькі чырвона-шэры Горні замак і сьвятая дуброва за ім вытыркаліся з гэтай бяскрайняй белі, ён пайшоў у храм хрысьціянскага Бога.
Страх скоўваў ягоныя рухі. Што калі багі — так любімыя раней — кінуць у адступніка сваімі вогненнымі паліцамі, што, калі разаб’е яго паралюш? Суцяшаў сябе: княгіня Марыя адкрыта пакланяецца Хрысту, ейныя дзеці ўсе хрышчаныя, як і сам вялікі князь Альгерд. Але ж ён мусіў ажаніцца з віцебскай князёўнай, бо гэта дадавала да земляў Княства магутны надзел. Ды нават яе, хрысьціянку, усё роўна тры разы абвялі вакол сьвятога дуба, бо іначай народ не прызнаў бы ейнага шлюбу. Жрацы, хаця і з вялікай неахвотай, згадзіліся на хрысьціянскі абрад, бо ведалі, што князь Альгерд усё ж выхаваны ў язычніцтве, і менавіта ў язычніцкія храмы дае найбольшыя ахвяры. А што ён па вялікіх сьвятах ходзіць у царкву і нават запрашае туды паслоў — дык гэта з цягам часу было таксама прызнанае жрацамі, бо вакол — сьвет хрысьціянскі, і трэба шукаць паразуменьня і з ім. Тое робіцца дзеля міру ў краіне і дзеля яе карысьці…
14