Выбрать главу

Іначай могуць паставіцца багі да яго. Яму, як Альгерду, ня трэба лаўчыць сярод вялікіх хрысьціянскіх краінаў — з каторай сябраваць выгадней. Яму вольна і весела жывецца ў сталіцы, у іхнім доме поўна слугаў і багацьця, сабранага дзедам і бацькам. Круглец, хоць і лічыцца дружыньнікам, аднак пойдзе ў войска са сваёй уласнай харугвай і сотняй вояў, толькі калі аб’явяць паспалітае рушэньне на вайну альбо Пагоню[16]. Частку сабранага скарбу іхняя сям’я штогод ахвяруе на розныя капішчы, і задаволеныя багі даюць ім шчасьце і слодыч жыцьця. Тры сястры, адна за адну прыгажэйшыя, ужо замужам, яны зьехалі за сваімі мужамі ў розныя краіны: Чэхію, Нямеччыну, Польшчу. Чацьвёртую, Уну, здаецца, упадабаў сын маршалка, але Уна на яго не зважае. Ёй даспадобы, мабыць, малады Кумец, памочнік галоўнага лоўчага, іхні далёкі родзіч. На яго самога, варта толькі зьявіцца на княскім баляваньні, употай зіркае не адна заваблівая нявеста. Чаго яшчэ жадаць?

Навошта ж ён пераступае высокі дубовы парог, ступае на каляровыя кафляныя пліты, дзе ўсе зараз, на момант перашкодзіўшы чытаньню Вялікай Кнігі, павернуцца, каб убачыць неверагоднае: воін-дружыньнік Круглец, сын пасла Леся, заходзіць у хрысьціянскі храм?

НЕСТАР

У маленькім, цёмнакарычневым пакойчыку пры новым віленскім храме Параскевы Пятніцы было душна. Пахла зёлкамі і ладанам. Вялікая княгіня Марыя цяжка сядзела на нізкім дубовым крэсьле, што стаяла ля сьцяны, пад выявай сьвятой Параскевы. Новая разьба на ім нібы ўгрызалася ёй у сьпіну, ногі, трохі апухлыя падчас службы, цяпер невыносна балелі, нібы тонкія юхтавыя боцікі ссохліся і сталі зацеснымі. Пакаёўка Рэчыца, сеўшы на невысокі зэдлік, церла тонкую чырвоную скуру абутку, намагаючыся аблегчыць пакуты сваёй гаспадыні. Стражнік Дрыгайла чакаў у калідоры, задуменна разглядаючы маляваныя дошкі з невядомымі яму тварамі зацных людзей і хрысьціянскага бога, і раздумваў над тым, што яны зусім нястрашныя, а значыць, няма ў іх сапраўднай моцы. Ці ж параўнаць іх з Перуном альбо Вялесам — вялізныя, яны ўзвышаюцца над усімі, і нават высокі князь Альгерд здаецца перад імі маленькім карузьлікам!

Архіерэй Нестар, высокі, ужо сутулы, з сівой барадой і пранізьлівымі шэрымі вачыма, прайшоў у пакой, вялікая княгіня, седзячы, схілілася перад ім. Пацалавала руку. Коратка загадала Рэчыцы:

— Выйдзі.

З-за нямогласьці княгіні быў дадзены дазвол не ўставаць перад духоўнікам, але яна кожны раз падчас споведзі адчувала няёмкасьць. Як расказаць пра тое, што найбольш мучыла — схаваную ад усіх трывогу за лёс мужа і дзяцей? Вядома, Альгерд любіць іх. Але ж і вялікі князь Гедзімін, яе магутны свёкар, таксама любіў дзяцей і ад Віды, і ад Вольгі. А вялікакняскі сталец пакінуў малодшаму, якога хітрая Еўна, яго апошняя жонка, дачка полацкага Івана Усеваладавіча, назвала сваім імем — Яўнут — і якога заўсёды пры розных нагодах падсоўвала старому ўжо бацьку, адцясьняючы іншых сыноў! І вось — у княстве звады, неспакой, выгнаны Яўнут бадзяецца па сьвеце, шукае падтрымку то ў немцаў, то ў маскавітаў. Што, калі яна неўзабаве памрэ? Альгерд, відавочна, ажэніцца зноў. Ён яшчэ поўны сілаў і жадны да ўцехаў жыцьця. Але калі будуць яшчэ дзеці, то што станецца з ейнымі сынамі?!

Нават зараз, хаця шмат гадоў яна пражыла ў Вільні нявесткаю Гедзіміна, а цяпер ужо пяць гадоў і вялікаю княгіняй, адчувае яна, якая моцная сіла, як раць, стаіць супраць яе і мужа. Гэта перш за ўсё староньнікі язычніка Кейстута: жрацы, вешчыя старцы, сваяк Гедзіміна апантаны прыхільнік Рагуціса Ерыдоне і ўся іхняя язычніцкая купа. А яшчэ ўдава Гедзіміна княгіня Еўна, амаль ейная равесьніца і былая вялікая княгіня, і яе дзеці, самы страшны з якіх — Яўнут. Бо якраз ён законны спадкаемца на вялікім стальцы! Альгерд і Кейстут перамаглі яго, але ж Еўна да самай сваёй сьмерці не прымірыцца з гэтым!

Небясьпечная яшчэ і іншая групоўка. Яе ачольвае ваявода Пётра Гаштольд, які спавядае хрысьціянства заходняга абраду і схіляе да таго гаспадара Княства. Ня варта верыць і Кейстуту, ягонай шляхетнасьці. Тут, у Вільні, моцныя карані жамойцкага князя. Яго, якога шалёны шал вайны нясе заўсёды да перамогі, любяць болей, чым разумнага, але стрыманага і халаднаватага Альгерда. Не было б за мужам ейнага пасагу — віцебскіх харугваў, ня ўзносіла б яна разам з нешматлікімі хрысьціянамі штодзённых гарачых малітваў за яго — невядома, ці стаў бы ён вялікім князем. А іншыя браты Альгерда — яны што, зьмірыліся з ягонай перамогай?

вернуться

16

Пагоня — ваенны паход уздагон за нападнікамі, які аб’яўляўся ва ўсім Княстве.