Выбрать главу

15

У сярэдзiне траўня Мiндоўг павёў лiтву i лiтоўскую русь на сустрэчу з апалчэннем наўгародцаў князя Аляксандра для сумеснага нападу на крыжакоў. Дамова пра паход была тайная, нiхто да выправы не рыхтаваўся, i палкi збiралiся ў спешцы. Ганец, якога пасылалi ў Крэва, прывёз адказ, што Даўмонт iсцi не можа, але дружына вырушыць. Сам князь, як паведаў ганец, напаўжывы, ледзь соваецца па хаце - конь скiнуў ды патаптаў. "Нешта яму не шанцуе", зазначыў Сiрвiд. "Ты так думаеш? - адгукнуўся Мiндоўг. - Здаецца мне, што наадварот. Замест вайны будзе на печцы ляжаць. А ты як мяркуеш? - запытаўся ён у Астапа. - Шанцуе цi не?" - "Вiдаць, шанцуе, калi жывы", - пацвердзiў той.

Праз месяц аказалася, што ўратаваўся Даўмонт ад марнай выправы. Войска вярнулася без страты людзей, ды без удачы. Мiндоўг кiпеў злосцю: ноўгарадцы супраць абяцанага не з'явiлiся, а ваяваць з немцамi толькi ўласнымi сiламi князь не захацеў: ён сваiх людзей пакладзе, а ноўгарадскiя i пскоўскiя дружыны прыйдуць на гатовае. Падман Аляксандра ператварыў далёкi паход у бессэнсоўную прагулянку некалькiх тысячаў ваяроў. Потым князю апавясцiлi, што Аляксандр мусiў ехаць у арду на ханскi выклiк, але не надта гэта Мiндоўга суцешыла: i час, i прыпасы, i конская сiла былi выдаткаваныя дарэмна, хоць не менш важная мэта была ў другiм накiрунку - на бранскай мяжы.

Не было б дамовы з Аляксандрам, дык распачаў бы князь лета бранскiм паходам. Крыжакi пасля дурбенскага разгрому не хутка ачуняюць, а вось калi Раман Бранскi з Васiлькам Валынскiм праз шлюб сваiх дзетак з'яднаюцца, дык ахвотна пойдуць вайной на наваградскiя i лiтоўскiя землi. Няхай Вольга Раманаўна яшчэ ў нявестах пасядзiць, думаў Мiндоўг, а Ўладзiмiру, другому сыну Васiлькi, можа бацька адшукаць пару i на Лiтве - не сышоўся свет клiнам на бранскай князёўне. Бацькам пажадана ўзмацнiцца, дык спароўваюць дзяцей нiбы жарабца i кабылку. Няхай жанiх выйдзе ў поле побач бацькi, можа са смерцю там пабярэцца. Хоць дзеўку ўдавой не зробiць. Без вайны iх вясельны запал не астудзiцца...

Усiм князям ад Жамойцi да Полацка ганцы павезлi загад збiрацца пад Слуцак у сярэдзiне жнiўня, маючы харч на месяц. Куды вырушыць сабранае войска, нi ганцы, i нiхто, апроч самога Мiндоўга, не ведаў. Ездзiў такi ганец i ў Нальшчу, i прывёз адказ, што Даўмонт са сваёй дружынай прыйдзе. А што iншае ён меўся адказаць, пасмiхаўся Мiндоўг з гэтае згоды. Што на вайну не пойдзе? Хто ж яму дазволiць у хаце сядзець, калi ўсе рызыкуюць. Больш ваяроў - менш смерцяў. Не тое што князь, кожны кмет у гэтым зацiкаўлены i сочыць, каб iншы на хваробу не спасылаўся, за печчу не адседжваўся, пакуль ён ваюе. Памiраць дык разам...

На Жамойць, у далёкую паездку, Мiндоўг паслаў не дваровага ганца, а польнага ваяводу Астапа, бо трэба было дакладна вызначыць з князем Трайнатам колькi жамойцкiх аддзелаў варта пакiнуць для заслоны межаў ад магчымага наезду крыжакоў i колькi ён павядзе ў поле. Астап узяў ахову i пагнаў ад заставы да заставы, кожныя дваццаць пяць вёрстаў мяняючы коней. Праз два днi ён быў у кернаўскiм замку i стаяў насупроць Трайната ў яго княжым пакоi.

Яшчэ не распачаўшы размовы, толькi пачуўшы сцiплае прадстаўленне "ганец князя Мiндоўга", гледзячы ў блакiтныя, прамянiстыя, прыветлiвыя вочы разанца, Трайнат усхваляваўся - чуццё падказвала яму, што ён недарэмна пра гэтага чалавека з восенi думаў. Нiчога нельга было прачытаць у гэтых вачах, усё веданне жыцця было заслонена нiбы дзiцячай даверлiвасцю i прастадушшам. Быццам забыўся разанскi князь на свае шматлiкiя папярэднiя пакаленнi, на рурыкавiцкую годнасць, задаволiўся лёсам польнага ваяводы i адказнага ганца. Не можа гэтак быць, думаў Трайнат. Пэўна, марыць ён пра ўладу, удзел, пра вяртанне на сваю княжую ступень, пякуць яму сэрца наступствы разанскiх няўдачаў бацькi. Абодва ведалi адзiн аднаго па войнах з крыжакамi i мазурскiм паходзе, але ранейшыя справы не заахвочвалi Трайната прыглядацца да блiзкага чалавека Мiндоўга; Астап таксама не шукаў увагi Трайната, якому вялiкi князь вярнуў бацькоўскi сталец на Жамойцi за добры бой з немцамi каля возера Дурбэ. Цяпер ён убачыў у вачах Мiндоўгавага сястрынiча цiкаўнасць да сябе, i наважваўся адгадаць яе прычыну. Насупраць, ён ведаў, стаяў чалавек з воляй, рашучы, жорсткi, разумны, i такi чалавек не мог углядацца ў ягоную душу без важнае мэты.

- Ганец? - усмiхнуўся Трайнат. - Помнiцца, летась ты быў ваявода i радца князя Мiндоўга.

Лiслiвыя словы не маглi быць выпадкам - жамойцкаму князю няма патрэбы лiслiвiць баярыну. Таму Астап успрыняў словы Трайната за праверку сваёй абачлiвасцi.

- Не, - не пагадзiўся ён, - я пры iм слуга. Князь Мiндоўг, калi хоча параiцца, сам з сабою i раiцца. Ну, здараецца нейкiм разам - з ураднiкамi.

- Значыць, ты ўраду не маеш? - спытаў Трайнат, быццам са здзiўленнем, хоць ведаў, што ўраду няма, iнакш Астап назваў бы сябе па ўраду.

- Не маю, - пацвердзiў Астап. - Тутэйшыя маюць. Я ж нетутэйшы.

Трайнат спачувальна пахiваў галавой, нiбыта дакараў Мiндоўга за памылку, i адпусцiў ганца адпачыць.

Увечары князь паклiкаў Астапа павячэраць. У пакоi сядзелi сам-насам, i ў застольнай бяседзе Трайнат без бачнай падставы пачаў распавядаць пра цяжкiя прадчуваннi на будучыню, кiваў на жаданне прыяцельства з Астапам, якi бядуе без свайго разанскага княства, а княства, забранае татарамi, - без яго, а ён змушаны жыць на чужыне неадпаведна дзедаўскаму праву. З гэтых словаў, зразумеў Астап, вынiкала магчымая змена ягонага лёсу. Цяжкiя прадчуваннi тычылiся Мiндоўга, якi, са словаў Трайната, хоць i дажыў да глыбокай старасцi, усё ж не пазбягае буйных памылак. Узяць хоць бы, казаў Трайнат, ягоны ўчынак з Даўмонтам. Адных крыўдзiць, iншых не шануе. Вось калi б, прыкладам, Астап служыў у Трайната, ужо даўно хадзiў бы першым ваяводам, атрымаў бы ўдзел, не падсаджваў бы старога князя на каня i не ганяў бы конна на лясных небяспечных дарогах, як просты кмет. Але наўрад цi Астап захоча здымацца ды ехаць на Жамойць?

- Не думаў пра гэта, - асцярожна адказаў Астап. - Не меў нагоды.

- Падумай, - прапанаваў Трайнат. - Кожнаму наперад трэба думаць. Вядома, Мiндоўг - моцны князь, але - век вельмi паважаны. Нават у сялянскай хаце, калi гаспадар знясiльваецца, не можа хадзiць за ралам, ссекчы дрэва, ён пераходзiць за печ, саступаючы кут маладому, дужаму, хто здольны кармiць двор. Вось i для князя Мiндоўга надыходзiць такi час, ён сам яго прыспешвае, злуючы багоў. Адзiн ягоны сын лахманы чорныя апрануў, два iншыя - дзецi. Значыць, нехта з боку прыйдзе на княжы сталец у Наваградак, калi Мiндоўг аднаго дня змушаны будзе прызнацца: "Змарыўся валадарыць, хачу адпачыць!" Калi вялiкi князь адыдзе ад справаў, шмат якiя дробныя князi запаляцца жаданнем заняць ягонае месца, пачнуцца звадкi, а хiба гэта добра пры мностве ворагаў на ўсiх межах? Наперад няшмат людзей заглядаюць. Лепш сярод нешматлiкiх быць, чым сярод натоўпу неабачлiвых, якiя заднiм розумам жывуць. Калi ўсё споўнiлася, яны бачаць, што iнакш трэба было думаць, i тады разводзяць рукамi, б'юць сябе кулаком па лобе, дзiвяцца на сваю някемнасць: "Эх, як раней не дадумаўся! Век жывi - век вучыся!". А вучыцца позна, калi прапусцiў мiма сябе дзень удачы. Гэта, прыкладам, як у сечы: прапусцiў удар меча па галаве, дык ужо не навучышся шчытом засланяцца. Позна пра гэта думаць, лежачы на зямлi. Таму, калi адчуеш, ахвоту, падумай...