— На жаль, незадоўга да старту.
— Я не вытрымаю, Паўлік,— Валя ўжо не злавалася, ёй проста было сумна. Але праз імгненне яна справілася са сваім настроем, а можа, толькі зрабіла выгляд, што справілася, казытнула пышнымі валасамі Паўлаў нос і павяла ў пакоі: — Летуценнік ты ў мяне. Чуеш, мне і хочацца, каб цябе ўзялі, і хочацца, каб адставілі. А як падумаю, што могуць сапраўды не ўзяць, аж злосць разбірае. Не магу дапусціць, каб нехта быў больш варты. Я сябелюбка, праўда?
— Ты вельмі добрая, мая любая. Мне таксама цяжка расставацца. Але, каб не было ў мяне цябе, мне было б яшчэ цяжэй.
— Пасля таго як у бацькоў папыталіся дазволу на Віцеву падрыхтоўку, я пра ўсё здагадалася, хаця і раней падазравала. Спачатку сэрца як абарвалася. А потым, ведаеш, нават заганарылася. Думаю, буду штодня сядзець каля тэлевізара і чакаць навін. Вы ж будзеце расказваць, як вам там, праўда? А калі-небудзь ты скажаш нешта такое толькі мне адной, праўда, Паўлік? — Голас у яе крыху змяніўся, аднак адразу ж зноў стаў вясёлым. Надта вясёлым.
У Паўла таксама камяк падступіў да горла. Не чакаў ён, што здарыцца між імі такая горкая размова, калі абаім плакаць хочацца. Думалася, што спачатку радасць, а слёзы некалі потым.
— Не бядуй, Валюшка,— ён пяшчотна ўсміхнуўся,— да старту яшчэ не чатырнаццаць секунд. Затое якое цудоўнае будзе вяртанне!
— Я буду вельмі чакаць, Паўлік. I годзе нам абаім ныць. Мы ж з табой моцныя, так? Ну то займіся чым, а я прыгатую каву. Абедаць будзем, як тата з мамай прыйдуць,— і яна выбегла ў кухню.
Павел паглядзеў ёй услед і, шчаслівы, падумаў, што яго Валя добры-добры чалавек, што ён ніколі і ні ў чым не будзе больш ад яе таіцца. I радасці, і нягоды будуць у іх агульныя. Ён падышоў да кніжнага стэлажа, які займаў усю глухую бакавую сценку пакоя, і з задавальненнем прабег позіркам па вокладках. У апошні час многія пачалі замяняць друкаваныя на паперы кнігі запісамі — іх можна было слухаць або чытаць на экране — як табе хочацца. Напэўна, у час, калі чалавек, як ніколі раней, густа абрастаў бытавымі рэчамі, гэта было больш зручна. Бо цэлы збор твораў можна запісаць на некалькі невялікіх крышталікаў. Вядома, новае заўсёды прыходзіць на змену старому, гэта закон жыцця. Павел разумеў, што і друкаванае слова паступова саступіць дарогу іншым формам перадачы інфармацыі. Але ён не хацеў бы, каб мастацкая літаратура цалкам перайшла ў крышталікі, у запісы. Знікла б чароўнасць знаходжання сам-насам з кнігай, нібы з’явіўся б нехта старонні — ці то голас з яго ўласным успрыманнем думкі пісьменніка, ці то надта раўнадушны, незацікаўлены экран. Ёсць нешта непаўторнае, хвалюючае ў тым, што бярэш кнігу ў рукі, гартаеш старонкі, можаш вярнуцца да прачытанай думкі, якая цябе нечым уразіла.
Бібліятэка ў Валі была багатая, і ці не чвэрць яе складала навуковая фантастыка. Праўда, гэта была Віцева заслуга. Сама Валя фантастыку не прызнавала, лічыла, што і ў паўсядзённым жыцці і працы нямала было такога, што не выдумае ніводзін фантаст. I ў прыклад заўсёды ставіла свой навуковы інстытут, дзе была адкрыта таямніца фотасінтэзу і дзе паспяхова ўмешваліся ў спадчынны механізм расліннай клеткі. Павел, пасмейваючыся, пытаўся, ці бачыла яна тэлекінэз у дзеянні, ці сустракала іншапланецян у гэтым сваім «паўсядзённым» жыцці? Валя гарачылася, даказвала, што лепш рэальнае падарожжа да Месяца на сучасным караблі, чым уяўны палёт да зорак на фатонным зоркалёце, якога, напэўна, ніколі не пабудуюць. Павел навуковую фантастыку любіў, быў упэўнены, што яна развівае ў чалавеку своеасаблівае, раскаванае, незалежнае ад прывычных разуменняў, стандартаў мысленне, і, спрачаючыся, лёгка заводзіў Валю з яе доказамі ў глухі тупік. Дзяўчына тады сердавала. Раней Павел лічыў, што праз самалюбства. А зараз раптам падумаў, што ў ёй падсвядома жыло прадчуванне павароту ў ягоным лёсе. Як, бадай, кожная жанчына, Валя ў дачыненні да свайго выбранніка была эгаістычная, не хацела яго дзяліць ні з кім і ні з чым. Космас жа пагражаў забраць у яе Паўла надоўга.
— Ты не засумаваў? — Валя паказалася ў дзвярах з кафейнікам, цукарніцай, талерачкай з пячэннем.
Па пакоі паплыў прыемны пах свежай кавы.
— Ужо не,— ён паспяшаўся да дзяўчыны, узяў з яе рук паднос.
Валя піла маленькімі глыткамі залацістую каву і маўчала. Гэта было на яе непадобна, і Павел зразумеў, што ёй карціць нешта папытаць, аднак не адважваецца, не спадзяецца на адказ. Паўлу стала ніякавата, бо ў гэтай Валінай нерашучасці быў вінаваты ён.
Павел паставіў кубак, але не паспеў нічога сказаць — прыйшлі Валіны бацькі.
Толькі ўвечары Павел з Валяй зноў засталіся ўдваіх — пайшлі пагуляць. Вуліцы былі поўныя народу, гаманлівыя, вясёлыя. А ім абаім хацелася цішыні, спакою. I яны накіраваліся да Свіслачы, дзе непадалёк ад паркавай зоны ў іх быў свой улюбёны куток. Рака ў гэтым месцы рабіла паварот, запавольваючы бег, і яе паверхня была гладкая, як люстэрка, і на ёй, як у люстэрку, адбіваліся агні навакольных будынкаў, вулічных ліхтароў, нават яркіх зорак. I спачатку на вадзе, а потым ужо ў небе Валя ўгледзела бліскучую зорачку, якая няспешна плыла па прамой, пакідаючы за сабой ледзь бачны вогненны след.