Выбрать главу

Бурмакоў падвёў таварышаў да залы Гагарына. Яго скульптура стаяла на абломку базальтавай скалы побач з макетам першага касмічнага карабля «Восток» у натуральную велічыню.

Прыціхлыя, засмучаныя, спыніліся касманаўты перад гэтым помнікам бессмяротнаму подзвігу, зусім не думаючы пра тое, што, можа, хутка і іх імёны будуць таксама высечаны золатам на сцяне гэтага музея. Яны проста схіляліся перад тым, хто быў першым.

Гагарын цікавіў Паўла перш за ўсё як чалавек. Што ён думаў, калі садзіўся ў кабіну, калі апынуўся на нябачнай да таго часу вышыні, што думаў, ідучы на пасадку, адказваючы на прывітанні і віншаванні.

I больш за ўсё Паўла ўсхвалявалі словы, напісаныя Юрыем Аляксеевічам перад стартам. Яны былі ўвекавечаны на граніце. Павел падышоў бліжэй, каб прачытаць заяву першага касманаўта. I адчуў, што побач застылі Сцяпан Васільевіч і Віця.

Праводзіны «Набата» былі незвычайныя — адначасова на арбітальнай станцыі і на Зямлі. Вялізныя аб’ёмныя тэлеэкраны, устаноўленыя ў залах для ўрачыстых выпадкаў, стваралі эфект прысутнасці. I той, хто знаходзіўся на Зямлі, адчуваў сябе нібы побач з касманаўтамі, меў магчымасць нават перакінуцца з імі словам-другім. Аднак у размовах, бадай, неабходнасці зараз не было. Касманаўты напярэдадні развіталіся з роднымі, сябрамі, блізкімі, знаёмымі. I цяпер заставалася толькі так званая афіцыйная частка.

Рэпрадуктары абвясцілі, што настала пятнаццатая гадзіна. Кіраўнік палёту пажадаў экіпажу «Набата» шчаслівага падарожжа і паспяховага вяртання на Зямлю.

Касманаўты аддзяліліся ад натоўпу жыхароў арбітальнай станцыі, па традыцыі падняліся на спецыяльна пастаўленую трыбуну, хвіліну прабылі там, быццам настройваючыся на новую для сябе справу, і, памахаўшы зямлянам высока ўзнятымі рукамі, рушылі па трапе на карабель — першы Бурмакоў, за ім Асадчы і апошні — Гушча.

Усхваляваны Павел механічна, быццам гэта быў не сам адлёт, а трэніроўка, зачыніў за сабой дзверы, хоць неабходнасці ў гэтым не было — за ўсім сачылі аўтаматы, праверыў герметычнасць і пайшоў у рубку. На штурманскім пульце засвяцілася карта Сонечнай сістэмы. I тады да Паўла раптам вярнулася яснасць думкі. Зямля і тое, што там засталося, аддалілася, новыя клопаты захапілі яго.

На тэлеэкране Павел бачыў, як паступова адплывае «Набат» ад свайго прычала, як пагрозліва насоўваецца на карабель чорнае зорнае неба, бясконцае, няўтульнае. Потым экран пагас. У навакольную цішыню ўварваўся гул рухавікоў. Паўла прыціснула да пругкага сядзення. Палёт пачаўся.

Толькі праз шэсць гадзін змоўклі рухавікі. Цела вызвалілася ад гнятлівага цяжару, і Павел адкінуў ахоўны каўпак, асцярожна ўстаў. Бурмакоў з усмешкай назіраў за яго няўпэўненымі крокамі — нават шматдзённае знаходжанне на арбітальнай станцыі не прывучыла Паўла да бязважкасці. А Віця адчуваў сябе выдатна і ўжо круціўся ля цэнтральнага пульта, дзе мігцелі рознакаляровымі агеньчыкамі цыферблаты шматлікіх прыбораў, шапацелі лічыльнікі, дрыжалі стрэлкі вымяральнікаў.

Бурмакоў адчыніў заслонкі на бакавых ілюмінатарах. У яркім сонечным святле карабельныя свяцільнікі пазмрачнелі, і аўтаматы адразу выключылі іх.

Віця падбег да ілюмінатара, глянуў і ўсклікнуў:

— Зямля! Зямля! — голас яго раптам перарваўся, асеў, відаць, і юнак зразумеў да канца, што расстанне надоўга адбылося.

А Зямля, ахутаная аблокамі, галубела ў чорнай бездані неба справа ад «Набата». Недзе там, на невыразна бачным адсюль мацерыку Еўропы, знаходзіліся Масква, ракетадром. Ужо даўно разышліся ўсе, хто праводзіў першы міжпланетны карабель. Толькі дзяжурныя ў Цэнтры палёту засталіся на сваіх месцах — яны будуць сачыць за «Набатам» увесь час, нават і тады, калі сігналы з яго будуць паступаць на Зямлю з вялікім спазненнем.

Сцяпан Васільевіч уключыў экран прамой сувязі з Цэнтрам кіравання палётам. Ён збіраўся перагаварыць з дзяжурным, але на экране ўзнік твар Старшыні Цэнтра.

— Віншую з удалым стартам! — сказаў Старшыня, пільна ўглядаючыся ў Бурмакова. На сваім экране ён бачыў не толькі яго, а і астатніх касманаўтаў — усю рубку. А пажадаўшы, мог паглядзець любы важны карабельны адсек. Тэлесувязь унутры «Набата» выходзіла на галоўны перадатчык на Зямлю.— Ведаю, усё нармальна,— стан касманаўтаў кантралявалі спецыяльныя датчыкі.— Так яно і мае быць! — Старшыня задаволена кіўнуў галавой.

Тэлекамера паплыла ўбок, на экране паказаліся рабочыя пульты Цэнтра, аператары перад імі. Кожны на імгненне адрываўся ад сваёй працы, узнімаў руку. Так развітваліся з караблямі, якія пакідалі калязямную арбіту, аддаючы даніну апошняй урачыстай хвіліне. Далей сеансы тэлесувязі будуць чыста дзелавымІ, рабочымі. Потым на экране зноў з’явіўся Старшыня, на гэты раз ва ўвесь рост.