Выбрать главу

Да высадкі асталося чатыры дні!

Частка трэцяя

I

На караблі, як і на Зямлі, у гэты час была ноч. Нават сонца і тое знаходзілася на тым баку Марса. Так што ўпершыню за некалькі месяцаў на некаторы час спалучыліся ўмоўны і сапраўдны падзел сутак. Бурмакоў і Віця спалі. Павел дзяжурыў. Ён любіў такія ціхія гадзіны, калі ўсё наўкола замірае і толькі мігценне індыкатараў на пульце напамінае, што «Набат» імчыцца ў касмічнай прасторы, а нястомныя агрэгаты ахоўваюць спакой чалавека.

Сённяшняя Паўлава вахта знешне нічым не адрознівалася ад іншых. Тая ж цішыня каля пульта, і нішто не патрабуе ад яго захадаў, дзейнасці, Сядзі, думай... I ўсё-такі гэта дзяжурства было адметнае, асаблівае. На самым пачатку яго «Набат» ператварыўся ў штучны спадарожнік планеты, выйшаўшы на амаль кругавую арбіту з аддаленнем ад паверхні каля ста пяцідзесяці кіламетраў. Яшчэ ніколі чалавек не быў так блізка ад Марса!

Павел ссунуў ахоўныя засланкі з ілюмінатараў, і Марс адразу пагрозліва наблізіўся да карабля. Павел бываў на зямных арбітальных станцыях, але ніколі не адчуваў трывогі, няўпэўненасці. А зараз глядзеў на незнаёмыя і ўвогуле адсюль мірныя краявіды, і яму хацелася глыбей уціснуцца ў крэсла, быць далей ад навіслай над караблём вялізнай планеты.

Павел пасміхнуўся са свайго страху. Пагроза калі і існавала, то толькі ў яго фантазіі. Проста за доўгі час прывык, што за ілюмінатарамі «Набата» — неабсяжная адкрытая прастора. Гэта, напэўна, нешта падобнае на марскую хваробу ў новым, касмічным выданні. Ці адолее ён яе? Паўлу ўспомнілася, як аднойчы ў Чорным моры яго на яхце заспеў шторм. Даўно тое было. Але і да гэтага часу па целе бягуць халодныя і пякучыя мурашкі, калі ўспамінаецца, як рытмічна і бяздумна накатваліся на маленькую слабую яхту высачэзныя шэрыя валы з белымі пеннымі грывамі, як нібы прыціскалі яго да палубы цяжкія хмары беспрасветнага неба.

Тады Павел справіўся. Спачатку з сабой, з сваёй марской хваробай, потым і з ашалелай стыхіяй. Бо выкінуў з галавы небяспеку, страх. Забыўся на іх. Бачыў толькі сілу, якую мусіў адолець...

Павел у думках яшчэ быў на Зямлі, сярод бурных марскіх хваляў і таму не адразу ўцяміў, што нешта адбылося. Быццам у незаўважны рух карабля ўварвалася штосьці старонняе. I адразу знікла. Яно было такое няўлоўнае, што Павел не паверыў сабе. Імгненне-другое ён тупа глядзеў на па-ранейшаму спакойныя індыкатары, потым схамянуўся, націснуў клавішу кантрольнай сістэмы аўтапілота. Запіс на прыборы папоўз у адваротным кірунку. Нябачнае пяро вычэрчвала роўную хвалепадобную лінію. Павел хацеў быў ужо выключыць электроннага кантралёра, як пяро раптам падскочыла ўгору, пакінуўшы за сабой адзінокі і не надта высокі пік. Гэта азначала, што «Набат» нібы спатыкнуўся ў сваім палёце, зусім як чалавек, які падняў нагу, але зрабіў крок, затрымаўшыся. Павел перасмыкнуў плячамі і праверыў, ці не было сустрэчы з буйным метэарытам. Прастора на шмат кіламетраў навокал была чыстая. Увогуле, ён мог гэта і не правяраць — з’яўленне метэарыта адзначылі б іншыя прыборы.

Павел падумаў, што, напэўна, нейкі марсіянскі віхор выдыхнуў на стапяцідзесяцікіламетровую вышыню і тузануў па дарозе іх карабель. Ён разумеў, што гэта неверагодна, аднак іншага тлумачэння не знаходзіў.

Бурмакоў, выслухаўшы справаздачу Паўла аб вахце, уважліва прагледзеў усе запісы сістэм кіравання «Набатам». Але і ён не змог сказаць што-небудзь пэўнае. Тым болей што новых штуршкоў не было, хаця карабель пасля таго зрабіў шэсць віткоў вакол Марса.

— Будзем лічыць гэта першай загадкай ваяўнічага суседа Зямлі,— сказаў ён Паўлу.

— А што застаецца?

— Чакаць,— бесклапотна заявіў Віця.— Калі гэта не выпадак, то абавязкова паўторыцца.

— Мудрэц! — Павел ускудлачыў юнаку галаву.

— Не такая ўжо благая парада,— усміхнуўся капітан.— Нам сапраўды трэба набірацца цярпення.

Зрэшты, надаваць вялікае значэнне гэтаму, амаль непрыкметнаму штуршку, адзначанаму толькі чуйнымі апаратамі, падстаў не было. I Павел хутка перастаў думаць пра яго — надышла пара высадкі на Марс.