Выбрать главу

Паблукаўшы сярод гэтага хаосу, Віця адышоў да сцяны, сеў, пачаў аглядацца. Павел з задавальненнем адзначыў, што хлопец паводзіць сябе, як сапраўдны даследчык, спакойна, не мітусіцца. Малайчына, адчувае адказнасць.

Віця некаторы час пасядзеў, нешта абдумваючы, потым з заплечнай скрыні дастаў прыборы і расставіў іх па дне кратзра. I зноў сеў. У яго ўсё было нармальна, і Павел павярнуўся да экрана Бурмакова.

— Яшчэ кіламетраў сто,— сказаў капітан,— і павярну назад.

— Без пасадкі? — здзівіўся Павел, бо ў плане яна была.

— На паверхні тут, падобна, нічога не ляжыць,— няпэўна адказаў Сцяпан Васільевіч.

Ён не ўдакладніў, што мае на ўвазе. Павел не перапытаў. Абмяняюцца здагадкамі пазней.

А ў кратэры, пакуль Гушча размаўляў з капітанам, нешта такі адбылося. Калі ён перавёў позірк на Віцеў экран, юнак стаяў, нахіліўшыся над аналізатарам паветра.

— Што, Віця? — спытаў Павел і далучыў да яго канала сувязь Бурмакова.

— Аднекуль сочыцца газ,— хлопец недаўменна азірнуўся, нібы не паверыў прыбору і хацеў убачыць газ сваімі вачамі.— Дзіўна.

— Устанаві бур,— падказаў Бурмакоў,— а сам адыдзі аж да «Скакунка». Раптам у гэтай бутэльцы сядзіць джын.

Як высветлілася, капітан мала памыляўся. Віця выпусціў калі не самога джына, то яго сына. Тонкі бур на дваццаціметровай глыбіні натрапіў на поласць, і адтуль, адкінуўшы далёка ў бок пераносную бурыльную ўстаноўку, шугануў светла-шэры фантан газа. Ён расцякаўся, паволі апускаўся долу, засцілаючы рухомай плёнкай дно кратэра. I гэта незвычайнае для Марса відовішча, сведчанне яго жыцця, блізкага ў сваёй аснове да зямнога, узрадавала касманаўтаў. Такі Марс быў больш зразумелы.

— Можа, варта забіць шчыліну? — прапанаваў Віця.

— Хай курыцца,— не пагадзіўся Бурмакоў.— Гэта ж тутэйшае, марсіянскае. Шкоды мясцовай прыродзе не наробіць, а нам цікава паглядзець, што адбудзецца ў гарлавіне, здавалася б, мёртвага вулкана.

Сцяпан Васільевіч даляцеў да зададзенага пункта і, перш чым вяртацца, усё-такі пасадзіў самалёт на невялікай зручнай пляцоўцы, якую адшукаў каля падножжа гары. У гэтым месцы ў гару ўразалася тая самая цясніна, у вусці якой зараз прачынаўся Віцеў вулкан.

— Ведаеце,— растлумачыў капітан сваё нечаканае рашэнне апусціцца,— цясніна пераходзіць у доўгую і высокую пячору. Зазірну. Не зважайце, калі сувязь перарвецца,— і пайшоў у пячору.

Віця быў каля ракетаплана. Пагойдваючыся на мяккім трапе, як на качэлях, ён цярпліва чакаў, чым скончыцца яго ўварванне ў марсіянскую прыроду. Навокал было ціха, спакойна. Чуйныя прыборы, устаноўленыя на трох аўтаматычных вартавых станцыях, не адзначалі ажыўлення ў тутэйшых нетрах. Толькі газ, быццам яму дагэтуль у каменным сутарэнні было вельмі цесна, спачатку адным языком, потым другім лізнуў край жарала вулкана і раптам абляпіў яго круглым і пушыстым каўняром. У разрэджаным навакольным паветры газ хутка святлеў, раствараўся. А знізу напіралі ўсё новыя і новыя шызыя клубы.

Аўтаматы-вартаўнікі ажывіліся, заварушылі антэнамі, нібы пачалі між сабой раіцца, і два з іх пакаціліся да кратэра.

Тым часам Бурмакоў выйшаў з пячоры. Павел пачуў яго голас:

— Вяртаюся...

— Што там у вас? — Павел задаў пытанне больш па інерцыі, калі б што было, Сцяпан Васільевіч сам паведаміў бы.

Аднак Бурмакоў адказаў:

— Хто ведае...

А Паўлу раптам захацелася паглядзець на выраз яго твару. Аднак на экране віднелася толькі ўзгорыстая аднастайная раўніна, якая праплывала пад самалётам,— сябе капітан паказаць не пажадаў.

I Бурмакоў, і Віця, як згаварыліся, маўчалі. Так працягвалася з гадзіну. Яна здалася Паўлу незвычайна доўгай і нуднай.

I раптам пільныя аўтаматычныя вартаўнікі зноў захваляваліся, закруцілі вусамі-антэнамі, на гэты раз нібы прыслухоўваючыся да нечага. Праз хвіліну яны адкаціліся на крок, выставіўшы антэны ў бок дымнага жарала. Быццам бараніліся ад небяспекі. Параўнанне адалося Паўлу трапным — вельмі сярдзітымі выглядалі на экране маленькія шарыкі-шасціножкі. Іх паводзіны занепакоілі і Віцю. Ён саскочыў з прыступкі і нахіліўся над вартаўніком, які застаўся каля ракетаплана.

— Ого! — усклікнуў юнак.— Штуршкі сілаю да аднаго бала.

I ў гэты момант на Паўлавым пульце ажылі індыкатары сувязі з аўтаматычнымі станцыямі Марса. Карабельная ЭВМ паведамляла, што ў раёне пасадкі «Скакунка» ў глыбіні ўзніклі і нарастаюць ваганні кары. У зоне кантролю іншых станцый гэта з’ява не назіраецца. Павел паведаміў пра сігнал Віцю і капітану.

— Лакальны характар?..— раздумліва прамовіў Бурмакоў.— I то дзякуй.