Выбрать главу

— Натуральна, лёд, калі запаўняў пячору, утвараў яе, мог надаць сценам любыя абрысы. Але што вы скажаце вось пра гэта?

Пячора звузілася. Было падобна, што недзе блізка яна скончыцца. Тысячагоддзі і тут нагадвалі аб сваёй разбуральнай дзейнасці. Вакол былі тыя ж расколіны, выбоіны, калдобіны. Толькі месца, дзе сцяна злучалася са скляпеннем, выглядала незвычайна. Яно не было паўкругам, як усюды, хай сабе і няправільнай формы, а строга прамавугольным.

— Усемагутная прырода,— Павел не знайшоў у гэтым нічога незвычайнага.

— I тут? — голас у Бурмакова асеў.

Перасякаючы каменную падлогу, цягнуўся прамы, не надта глыбокі раўчук. Ён уразаўся ў сцяну і паднімаўся вертыкальна, губляючыся прыкладна на метровай вышыні. Амаль тое ж самае было і на супрацьлеглай сцяне. Толькі там сляды раўчука вышэй паяўляліся зноў.

— Хацеў бы я быць упэўненым, што ў гэтым вінавата маці-прырода,— сказаў Бурмакоў, спыніўшы кадр.— А што, калі гэта засталося ад нейкай засланкі, напрыклад, або варот, якія адгароджвалі нешта ці некага?

Павел паківаў галавой:

— Так маглі зрабіць людзі, а мы на Марсе, Сцяпан Васільевіч.

— Б’еш мяне маімі словамі? — Капітан ад хвалявання не заўважыў, што сказаў Паўлу «ты».— Гэта адно. Другое — навошта лезці ў каменны мяшок, калі хапае месца на волі? Бо, зноў-такі, ворагаў напэўна тут у іх не было.

— Прышэльцы? — У Віці загарэліся вочы.

— Не ў тым справа, Вікто́р,— Бурмакоў не сцвярджаў, а разважаў.— Можа, нешта такое было і на прасторы, толькі час там усё пасціраў. Час і сюды дабраўся.

Павел, які на Зямлі быў гарачым прыхільнікам гіпотэз аб прышэльцах, прыняў думку капітана як цікавую, але не болей. Надта пустынным быў Марс, каб сур’ёзна казаць пра што-небудзь, створанае розумам.

IV

Нервы ў Гушчы былі моцныя, інакш у касманаўты не прынялі б. I не думаў ён, што ў хуткім часе ўспомніць пра іх.

Напярэдадні сваёй высадкі на Марс Павел заснуў, як звычайна, ледзь дакрануўшыся да падушкі. А пасярод ночы, вядома ўмоўнай, прачнуўся ад незразумелага непакою. Быццам нешта важнае павінен быў зрабіць, але не зрабіў. Ён паспрабаваў быў прагнаць трывогу. Не ўдалося. Сну не было. У галаве, бы стрэмка, сядзела думка, што адгадаць прычыну трывогі зусім проста. Павел круціўся на ложку пад ахоўным каўпаком, які падтрымліваў нармальную сілу цяжару, і злаваўся на сваю «дзіравую галаву». Злосць, аднак, бударажыла яшчэ больш, і ён прымусіў сябе разважаць няспешна, спакойна, каб ацаніць апошнія падзеі на караблі, свае паводзіны вачамі нібы старонняга чалавека. Гэта яму ўдалося. Што магло выбіць яго з раўнавагі? Тое, што адбылося, ці тое, што мае адбыцца? Бліжэй, здавалася, ляжыць другое — заўтра ж яму ляцець на чужую планету. Падзея немалаважная, яна сапраўды хвалюе. Але і адлёт з Зямлі быў, бадай, падзеяй не менш значнай. А тады ён спаў так і столькі, колькі было прадугледжана распарадкам дня. Было, вядома, хваляванне, толькі добрае, без трывогі. Так што, справа, відаць, не ў заўтрашняй вылазцы, нават калі дапусціць, што на яго зрабіла ўплыў працяглае знаходжанне ў космасе. Прычыну трэба шукаць у ранейшым. Ва ўласных паводзінах? Здаецца, памылак не дапускаў. У працы? I тут усё ладзіцца. Так што, круці не круці, мусіш зноў вяртацца да рэйду на планету. Не да яго як факта, а да ўсяго, што з ім звязана. Павел пасміхнуўся. Гэта стала падобным на гульню, і яна яго зацікавіла. Неяк непрыкметна прыйшоў спакой, з’явілася адчуванне, нібы проста рашае цяжкую задачу. Дык што ў рэйдзе? Маршрут вызначаны: праліў Танаіс з наступным выхадам у Асадалійскае мора — некалькі соцень кіламетраў падарожжа на ўсюдыходзе. Тэхніка праверана. Спадарожнік таксама надзейны — Вундэркінд, хоць і робат, у крытычны момант паможа не горш за чалавека. Сувязь прадумана з улікам вопыту папярэдніх высадак. «Набат» зменіць арбіту і, каб быць бліжэй, павісне над Танаісам... Павел задумаўся. Што яму патрэбна яшчэ? Самастойнасць? Яна ёсць і будзе там, на месцы, бо яго, Паўлавы, меркаванні ўлічваліся ў першую чаргу, дазволена неабходная ініцыятыва на месцы...

Павел адключыў ахоўнае поле. Цела адразу напоўнілася лёгкасцю. Быццам не стала ні мулкага сёння матраца на ложку, ні блізкіх сцен у каюце, якія рабілі яе прыкра цеснай.

Гадзіннік паказаў пяць. Пад’ём а сёмай. На добры лад яшчэ можна было б паспаць, і нават не пашкодзіла б, бо галава была туманнай, цяжкай. Гушча асцярожна павярнуўся на бок, ссунуў з ілюмінатара фіранку. Нерухомы, пабіты кратэрамі, як рабаціннем, Марс закрываў неба. Павел тузануўся: хацеў знайсці той Танаіс, убачыць, які ён з вышыні, і павіс над ложкам.

Мільганула: як «Набат» над Марсам. I тады рассмяяўся. Дык вось што яго растрывожыла ў сне... Павел расслабіўся і імгненна заснуў...